Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Выло́га ’борт у адзенні’ (Жд., 1). Ужо ст.-бел. вылоги, вилоги ’тс’. Запазычанне з польск. wyłoga ’тс’ (Булыка, Запазыч., 74).

Вы́лупак1 ’хлопчык з вылупленымі вачамі, лаянка хлопца’ (Нас., Некр., КЭС, лаг.); ’адзінае дзіця’ (Нік., Оч.); ’птушаня, якое толькі што вылупілася з яйца’ (Нас.). Рус. вы́лупок ’тс’, укр. ви́лупок ’дзіця (зняважліва)’, польск. wyłupek ’што-небудзь вылупленае (арэх, птушаня)’; ’небарака’, чэш. дыял. výlupek, vejlupek ’арэх, які вылупіўся з шалупіння’. Ад вылупіць (‑цца) у розных значэннях з суф. ‑ъкъ.

Вы́лупак2 ’франт’, вы́лупка ’франціха’ (Касп.). Да вылупіцца ’прыбрацца’ (гл.). Параўн. таксама рус. вылупёна ’франціха’.

Вы́лупіць ’абадраць, ачысціць ад скуры, лупін’ (БРС, Нас., Яруш., Касп.); ’вырваць, паглуміць’ (Сцяшк.); ’вытарашчыць вочы’ (Нас., Бяльк.); ’пабіць, адлупцаваць’ (БРС, Нас., Шат.); ’выставіць напаказ’ (Нас.), вы́лупіцца ’вылезці з яйца (аб птушанятах)’ (Нас.); ’накінуцца на некага з крыкам, ашчэрыцца’ (Нас., Шат.); ’прыбрацца, упрыгожыцца’ (Касп.). Гл. лупіць. Апошняе значэнне запазычана, магчыма, з рус. мовы; параўн. рус. пск., цвяр., валаг., каз. і г. д. вылупа́ться ’прыбірацца, выстройвацца’.

Вылучэ́нец (БРС). Да вылучыць (гл. лучыць). Неалагізм, які ўзнік у 20‑х гадах для перадачы рус. выдвиженец (Гіст. мовы, 2, 258).

Вылына́ць ’выхадзіць’ (Яруш.). Запазычанне з укр. ви́линути ’вылецець’, ли́нути ’ляцець, імкнуцца’, калі меркаваць па галоснаму пасля л. Сюды ж ліняць (гл.).

Вы́людак ’звер, кат’ (БРС, Крывіч, 12, 1926, 3). Рус. вы́людье ’вырадак, маральная пачвара’. Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад люд‑ па тыпу вырадак.

Вы́людзя ’лепшае адзенне, што адзяваюць на свята’ (КЭС, лаг.). Запазычанне з рус. вы́людье ’тс’ (пск., цвяр., наўг., кастр., валаг.). Параўн. таксама рус. вы́людиться ’прыбрацца для выхаду ў госці, на гулянне’.

Вы́люднець, вы́людскавацца ’выправіцца, стаць, як усе людзі’ (Янк., Клім., Жд., 1), вы́людзець ’вырасці, стаць сур’ёзным’ (Шат.). Рус. бранск. вы́люднеть ’вырасці, развіцца, стаць падобным да іншых’, укр. ви́людніты ’тс’. Гл. алюдзець, люднець. Адносна магчымасці запазычання з гоц. liudan ’расці’ гл. Мартынаў, БЛ, 1, 16 і наст.

Выляжа́нка ’гультайка; распусная жанчына’ (Нас.). Да вылежвацца пры дапамозе суф. ‑анка.