Арбі́та. Новае запазычанне з лац. orbita, мяркуючы па націску, праз польскую, а магчыма, і праз рускую, дзе з сярэдзіны XVIII ст. (з польскай, лацінскай ці, зважаючы на форму орбит, з французскай, Фасмер, 3, 149; Куціна, Формиров, 138; Біржакава, 383).
Арбі́тр, ст.-бел. арбитеръ (Гарб.), ст.-укр. арбитеръ з XVII ст., ст.-польск. arbiter з XVI ст. Рус. арбитр (з Пятроўскай эпохі) з франц. arbitre < лац. (Шанскі, 1, А, 135). Старабеларускае з лац. arbiter, магчыма, праз польскую мову. Калі сучаснае слова не лічыць працягам ст.-бел. (параўн. спартыўнае словаўжыванне), арбітр трэба тлумачыць як новае запазычанне з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 80).
Арбо́н ’аўтобус’ (Сцяшк.). Літ. arbonas ’тс’ (Baltistica, 9, 221). Паходзіць ад назвы швейцарскага горада Арбон, дзе вырабляліся машыны гэтага тыпу (MKL, 1, 133).
Аргама́к ’парода рослых скакавых коней’ (БРС). Рус., укр. аргамак ’тс’, ст.-бел. ограмак, громакъ (Гіст. мовы, 1, 139). Польск. rumak < hromak < ohromak (з XVI ст. — Брукнер, 468). Запазычанне з цюрк. аргамак, аргымак, арыгмак і да т. пад. (гл. Севарцян, 171). Конанаў (ИОРЯ, 1966, 229) указвае на персідскую крыніцу цюркскага. Рускае слова можа быць з кожнага з трох арэалаў: Каўказ, Крым, Усход (у Даля — трухменскія і кабардзінскія аргамакі). Беларускае хутчэй з крымска-татарскай, турэцкай, магчыма, праз украінскую ці паралельна. Польскае з украінскай ці беларускай. Калі ст.-бел. толькі ограмак, нельга выключыць паўторнае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 74). Супрун, Зб. Крымскаму, 125–126; Фасмер, 1, 84; Трубачоў, Происх., 57.
Аргама́ка ’гультай, п’яніца’, аргама́чыць ’буяніць, п’янстваваць’ (Нас.). Рус. аргамак ’няўклюда’. Пераноснае ўжыванне — ад аргамак ’конь’ (гл.) падобнае да пераноснага огір, вогір, жарабец.
Арга́н (БРС), арга́ны (Нас., Касп.). Рус., укр. орган. Ст.-слав. оръганъ з грэч. ὄργᾰνον (Саднік-Айцэтмюлер, HdWb, 77). Ст.-рус. органъ, органи (XI–XVI ст.), пазней тлумачыцца ў Бярынды, 225, таму можна лічыць, што ст.-бел. арганы (Шакун, Гісторыя, 106) працяг ст.-рус. органы, а сучаснае беларускае — працяг старабеларускага. Аб форме варган гл. варганіць.
Арганізава́ць, аргані́зм. Гл. о́рган.
Аргані́сты ’арганіст, касцельны рэгент’ (Нас., Сцяшк.). Тыпова беларускае пераўтварэнне па ад’ектыўнаму ўзору запазычанага праз польск. арганіста (Нас.) (гл. Ірачак., Зб. Траўнічку, 312) ці замацаванага ў сувязі з рускай мовай арганіст (Нас., БРС). Аб гэтым пісаў Фогарашы, Beiträge, 31–32, хаця храналогія і стылістычная характарыстыка ў яго недакладныя: такія пераўтварэнні характэрныя для вуснай размоўнай мовы яшчэ ў XIX ст. Параўн. таксама аб слове арганісты як тыповым беларускім утварэнні (Мартынаў, Лекс. балтызмы, 25). Але ўкр. таксама органістый (Железняк, Мовознавство, 1975, 2, 51).
Аргіня ’вяргіня’ (Сцяшк.). Гл. вяргіня.
Аргуме́нт ’довад’ (БРС). Рус., укр. аргумент, польск. (з XVI ст.) argument. Ст.-бел. аркгументъ (XVII ст. — Гіст. мовы, 1, 298; Гіст. лекс., 108), ст.-укр. аргументъ (канец XVI ст.) з лацінскай, магчыма, праз польскую, як і рускае, зафіксаванае ў мове Курбскага ў XVI ст. (Шанскі, 1, А, 137) з націскам на другім складзе. Націск на апошнім складзе ў беларускай мове ў выніку ўздзеяння рускай мовы ці формы множнага ліку польскай (argumenty) замацаваўся ўжо ў XIX ст. (Нас.); Насовіч прыводзіць і бытавое значэнне аргументы ’хабар’, што дае падставы меркаваць аб адсутнасці перапынку ва ўжыванні слова і робіць непатрэбным дапушчэнне аб паўторным запазычанні слова з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76; Гіст. лекс., 233), дзе сучасны націск замацаваўся ў канцы XVIII ст. (Шанскі; менш дакладна — Фасмер, 1, 84).