Аргама́к ’парода рослых скакавых коней’ (БРС). Рус., укр. аргамак ’тс’, ст.-бел. ограмак, громакъ (Гіст. мовы, 1, 139). Польск. rumak < hromak < ohromak (з XVI ст. — Брукнер, 468). Запазычанне з цюрк. аргамак, аргымак, арыгмак і да т. пад. (гл. Севарцян, 171). Конанаў (ИОРЯ, 1966, 229) указвае на персідскую крыніцу цюркскага. Рускае слова можа быць з кожнага з трох арэалаў: Каўказ, Крым, Усход (у Даля — трухменскія і кабардзінскія аргамакі). Беларускае хутчэй з крымска-татарскай, турэцкай, магчыма, праз украінскую ці паралельна. Польскае з украінскай ці беларускай. Калі ст.-бел. толькі ограмак, нельга выключыць паўторнае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 74). Супрун, Зб. Крымскаму, 125–126; Фасмер, 1, 84; Трубачоў, Происх., 57.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)