Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́нашай ’пук сухога лёну, вынесены з сушкі за адзін раз’ (Жд., 1), вынаша́й ’тс’ (Шатал.), вынашэй ’тс’ (Влад.), вы́нашая ’тс’ (Жд., 1; Шчар., 150; Сцяшк.). Ад выносіць з суф. ‑ějь, ‑jajь першапачаткова як Nomen actionis (Слаўскі, SP, 1, 86 і наст.; Сцяц., Словаўтв., 23). Чэкман (Baltistica, 8, 2, 152) лічыць калькай літ. išnaša ’тое, што выносіцца з дому’, якое ўтворана ад ìšnèšti ’выносіць’ па вельмі прадуктыўнай мадэлі. Але параўн. чэш. vynáška ’вынас’ і рус. кастр. вы́носник ’тры-чатыры снапы яшчэ гарачага лёну, якія вынесены з сушкі для таго, каб церці’.

Вы́нік (БРС, КЭС, лаг.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вынікаць.

Вы́нітак ’разарваная кабылка ў нітах’ (Шатал.). Да вынітыцца, выніціцца (гл.) з суф. ‑ак (Фалінская, Бел.-польск. ізал., 139).

Вы́ніцаваць ’пераніцаваць’ (Нас., Шпіл.). Запазычанне з польск. wynicować ’тс’; параўн. ст.-бел. выницовати (Булыка, Запазыч., 74).

Вы́ніціцца ’раскудзеліцца’ (Шатал.), вы́нітыцца (Влад.), вы́нытытысь (Клім.) ’парвацца (пра пятлю ніта)’; ’прыйсці да непрыдатнасці’. Польск. nicić się ’парвацца (пра пятлю)’, wynicić się ’тс’ (Фалінская, Бел.-польск. ізал., 139). Да ніт (гл.).

Выно́сны ’прамы, высокі (аб дзераве)’ (БРС, Клім.), выно́сісты, выно́слівы ’высокі, тонкі’ (Мат. Гом.). Рус. выносно́й ’моцны, трывалы; ураджайны (год)’, чэш. vznešený ’ўзняты, знатны’, дыял. výnosný ’багаты, радавіты’. Утварэнне ад выносіць з суф. ‑н‑; параўн. таксама ўкр. вино́ситися ’падымацца, узнімацца, узносіцца’ (Гл. Махэк₂, 396).

Вы́нятак ’выбар, выключэнне’ (Др.-Падб., КЭС, лаг.). Укр. ви́няток ’выключэнне’, польск. wyjątek ’тс’, чэш. výňatek ’урывак’. Ад формы залеж. дзеепрым. выняты, дзеясл. выняць з суф. ‑ак. Гл. Махэк₂, 231.

Вы́нятка (БРС, Яруш.). Гл. вынятак.

Вы́няць (БРС, Шат.; КЭС, лаг.), вы́ніць (Нас., Бяльк.). Рус. дыял. вы́няць, укр. ви́няти, польск. wyjąć, чэш. vyndati, славац. vyňať. Утворана з дапамогай прыстаўкі вы‑ ад агульнаслав. jęti (гл. узяць); н — устаўное (Шанскі, 1, В, 228). Форма вынуць (Бяльк.), цікавая поўным знікненнем кораня (Трубачоў, Дополн., 1, 369), запазычаная з рус. вы́нуть.

Вы́паветрыцца ’знікнуць ад пошасці’ (Нас.). Гл. паветрыць(цца). Параўн. рус. поветрие ’эпідэмія, якая хутка распаўсюджваецца’.