Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́капаны ’вельмі падобны’ (Юрч., Клім., Шатал.). Запазычана з польск. wykapany ’тс’, якое да капаць (гл.). Параўн. выліты, а таксама фразеалагізмы капачкі, брызачкі, кропелькі падабраць ’быць вельмі падобным’ (Янк. БФ, 180). Месца націску змянілася, відаць, пад уплывам іншых утварэнняў з прыст. вы‑.

Вы́капень (БРС). Да выкапаць. Калька рус. ископаемое (Крукоўскі, Уплыў, 118).

Вы́караніць (БРС, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк.). Рус. вы́коренить, укр. ви́коренити, польск. wykorzenić і г. д. Да корань (гл.).

Вы́карыць ’запарушыць (вочы)’ (Жд., 1). Не вельмі ясна, відавочна, да кара (гл.); аднак семантычнае развіццё незразумелае.

Вы́кат ’выраз, дэкальтэ’ (Бяльк., Юрч., З нар. сл., Шатал., Мат. Гом.); ’лупатасць’ (Бяльк., Юрч.). Рус. вы́кот, укр. ви́кот ’тс’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вы́каціць, выка́тваць.

Вы́качаць (БРС), вы́кынчыць ’выкачаць бялізну’ (Бяльк.) з н устаўным, відаць, экспрэсіўнага паходжання, вы́качацца ’выгадавацца, выжыць’ (БРС, КЭС, лаг.). Гл. качаць. Адносна апошняга значэння параўн. рус. дыял. вы́качаться ’акрыяць пасля хваробы’, укр. ви́качуватися ’валяцца, ляжаць доўга’.

Вы́кід ’тое, што выкінута’ (КТС), спарт. ’выкідванне, выцягванне рэзкім рухам’ (БРС), вы́кіды ’выбрыкі’ (Бяльк.). Бязафіксныя вытворныя ад выкідваць; параўн. рус. вы́кід ’дрэва, хлам, што вада выкінула на бераг’, вы́кіды ’штукі, выбрыкі’ з’яўляецца вынікам семантычнай кандэнсацыі словазлучэння выкідываць штукі (выбрыкі, крэндзязюліны і г. д.).

Выкіда́нка ’стаўная аднасценная або трохсценная сетка’ (Крыв.). Утварэнне ад выкіданы пры дапамозе суф. ‑ка. Апошняе да выкідаць.

Вы́кідаць (БРС, Шат., Касп., Яруш., Бяльк.), вы́кідацца ’стараннай працай, руплівасцю выйсці з цяжкага становішча’; ’вырасці ў беднасці’; ’акрыяць’ (Янк. III); ’вырасці, выхавацца’; ’перанесці, перажыць пэўны час’ (Шат.), законч. трыванне выкінуцца ’нечакана з’явіцца’ (КЭС, лаг.). Гл. кідаць. Значэнне ’акрыяць’ або калька з літ., параўн. pasitaisýti ’акрыяць, паправіцца’ і taisýti ’выкідваць (штукі)’, або вынік незалежнага развіцця семантыкі дзеясловаў з прыстаўкай вы‑ і са значэннем руху знутры, якія вельмі часта набываюць пераносныя значэнні ’выйсці з цяжкага становішча, пазбавіцца ад бяды’; ’вырасці (у беднасці)’ і г. д.; параўн. выкачацца, выкруціцца.

Вы́кідыш (БРС, Касп.). Рус. вы́кидыш. Утворана з дапамогай суф. ‑ыш ад выкід (гл.) (Шанскі, 1, В, 224). Магчыма ўтварэнне і ад асновы дзеяслова выкідаць з тым жа суфіксам.