Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́жла ’гончая сука’ (БРС, Сцяшк.); ’хітры, пранырлівы чалавек; пра таго, хто віжуе’ (Нас., Шат., Сцяшк., Сцяц., З нар. сл., Мат. Гом.). Гл. выжал.

Выжыма́йла ’скнара’ (Бяльк.). Ад выжымаць пры дапамозе прадуктыўнага для ўтварэння прозвішчаў у бел. мове суф. ‑айла. Але ў сувязі з практычнай адсутнасцю гэтага суф. у Nomina agentis у іншых слав. мовах параўн. яго словаўтваральную актыўнасць у літ. мове (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 132). Параўн. таксама выжымальшчык (гл.).

Выжыма́льшчык ’прыгнятальнік’ (Бяльк.). Ад выжымаць (гл.) пры дапамозе суф. ‑шчык. Параўн. выжымайла.

Выжыма́ць ’выціскаць’ (Бяльк.), выжыма́цца ’натужвацца; выкідваць штукі, рабіць выбрыкі’ (Бяльк.), выжаць спарт. ’павольна ўзняць штангу, гіру і г. д.’ (БРС). Запазычанне з рус. выжать, выжимать ’выціскаць’.

Вы́жымкі ’рэшткі льнянога семені’ (Жд., 1); ’макуха’ (Мат. Гом.); ’жамерыны’ (Шатал.). Рус. вы́жемкі ’тс’. Ад выжымаць (у слоўніках дзеяслоў зафіксаваны толькі на Магілёўшчыне, але, відавочна, распаўсюджаны шырэй) з суф. ‑к‑ або ад *выжым (параўн. рус. выжим — дзеянне па дзеяслову выжымаць) з тым жа суфіксам.

Вы́жыць ’застацца жывым’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк.); ’выслужыць, зарабіць што-небудзь’ (Нас.), вы́жыты ’дамагчыся свайго прытворствам, капрызам’ (Клім.). Гл. жыць. Параўн. рус. дыял. вы́жить ’выслужыць, зарабіць што-небудзь’.