Вы́жал ’ганчак, паляўнічы сабака’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Гарэц., Сцяшк.). Рус. вы́жлец, вы́жлик, вы́жлок, укр. ви́жел, польск. wyżeł, чэш. vyžel, vyžle, славац. vyžla, серб.-харв. ви̏жао, ви̏жле, славен. vížel. Няяснае слова, якое не мае пераканаўчай этымалогіі. Фасмер (1, 367) думае, што яно запазычана з ням. *Wisel ’(сабака) павадыр’, с.-в.-ням. wîsel ’пчаліная матка’, ст.-в.-ням. wîso ’правадыр, важак’. Меліх (Зб. Мілецічу, 148 і наст.), Махэк₂ (705), Голуб–Лейер (514) лічаць слова запазычаннем з венг. vizsla ’сабака-сышчык’; ’жвавы, пільны’, але гэта гіпотэза не тлумачыць слав. ы і адсутнасць слова ў балг. і ст.-слав. мовах. Іншыя гіпотэзы, напрыклад Ільінскага (ИОРЯС, 23, 1, 130), аб сувязі гэтага слова з лац. vigil і Лёвенталя (WuS, 11, 54) з гоц. augō ’вока’ таксама непераканаўчыя. Найбольш верагодным цяпер з’яўляецца збліжэнне Брукнера (640), якога падтрымлівае Трубачоў (Происх., 24), з польск. wyga ’стары сабака’, якое ад vy‑ti. Наз. vyžьlъ уваходзіць у словаўтваральны рад з суф. ‑ьлъ і з’яўляецца назвай сабакі па брэху, выццю (Шанскі, 1, В, 223). Адносна суфіксацыі гл. таксама SP, 1, 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)