Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Аско́ла вісус; чалавек, што ўсюды паспявае’ (Бяльк.); параўн. рус. смал. асколок ’дзёрзкі, нахабны чалавек’, укр. дивитись оскілками ’глядзець са злобай’, польск. oskoła ’бярозавы сок’ (Брукнер). Гэта слова можна тлумачыць як семантычнае развіццё першаснага аскола таго ж паходжання, што і рус. оскол, бел. асколак, якія маглі мець значэнне тыпу ’стрэмка’. Яны развіваліся тым жа шляхам, што і рус. заноза. Іншае тлумачэнне: скажэнне слова раскол ’забойца, разбойнік; буян, нахабнік’ (Бяльк., Шат.), што адлюстроўвала ўяўленне аб раскольніках як адшчапенцах, кепскіх людзях, якое пашыралася царквой; у гэтым выпадку ўкр. прыклад, дарэчы, патрабуючы ўдакладнення, наўрад ці звязаны з бел. асколак рус. асколок. Сувязь тлумачэння з польск. oskola, відаць, ад уяўлення пра «ліпучасць» соку.

Аско́лак. Рус. оско́лок, укр. оско́лок, оскі́лок ’тс’, славен. oskȃłek ’стрэмка’, чэш. oskolek з рускай мовы. Ст.-рус. осколъ ’скала’. Фасмер (3, 160) указвае на сувязь з щель, скала, колоть, г. зн. на належнасць да і.-е. *(s)kel‑/(s)kol‑; такую ж сувязь канстатуе і Аткупшчыкоў (Из истории, 114). Шанскі (КЭСРЯ, 315) удакладняе словаўтварэнне осколить ’ашчыпаць, абцясаць’ > оскол, ад якога памяншальнае осколок (формы осколить, оскол фіксуе Даль), прычым у осколить «корань той самы, што ў колоть» (КЭСРЯ), відавочна, осколить азначала ’абкалоць’.

Аско́ма, аско́м (Сцяц.). Рус. оско́ма, оскомина, укр. оскома ’тс’, польск. oskoma ’тс’ і ’апетыт на нешта’, чэш. стар. oskomina ’тс’, балг. (о)скомина, мак. оскомина, серб.-харв. ско̀мина ’тс’, славен. oskomina ’тс’ і ’апетыт’. Бяссуфікснае ўтварэнне ад дзеяслова *oskomiti (параўн. маг. аско́міцца ’надакучаць’, Бяльк.), у якім корань *‑skom‑ паралельны да шчаміць < *skem‑iti, шчымець. Індаеўрапейскі корань няпэўны. Параўнанне з літ. skónis ’смак’ і санскр. kā́maḥ ’жаданне’ няпэўнае, таксама як з *sken‑ ’расколваць’. Гл. шчаміць.

Аско́р ’ачыстка ствала ад кары’ (Сцяшк.). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *аскарыць, *аскараць, што павінен быў азначаць ’ачышчаць ад кары’; блізкі дзеяслоў вядомы ў польскай oskórować ’здымаць скуру; забяспечваць скураным пакрыццём’, аднак генетычна зразумела толькі другое значэнне, якое надаецца пры ўтварэнні дзеясловаў паводле мадэлі о‑ + корань назоўніка + ‑ити са значэннем ’прыдаць тое, што выражана назоўнікавым коранем’ (параўн. аснасціць, ашкліць). Для першага значэння больш характэрна выкарыстанне прэфікса ‑ад (параўн. і польск. odskórzanie ’здыманне скуры’). Пры замацаванні зафіксаванай дыялектнай формы з а‑, а не ad‑, магчыма, мела значэнне наяўнасць элемента ‑c‑, які ўспрымаўся не як частка кораня (што атаясамліваўся з кара, кор‑, а не з скор‑), а як прэфіксальны элемент з‑ (с‑).

Аскра́к ’чалавек, у якога заўсёды беспарадак пад носам’ (Янк. Мат.). Укр. оскря́к, віскряк, візгряк ’сапля, сапляк’. У сучаснай мове разумеецца як утварэнне з суфіксам ‑ак, які ўтварае назвы асоб. Тады зыходным трэба лічыць возкрі ’соплі’ (Бяльк.). Гл. возгры, якое мае шмат паралеляў у славянскіх мовах; не выключана, што скрак — каранёвы элемент: *(s)kręk ’студзяністая субстанцыя, напр. жабурынне’. Супрун, Бел.-укр. ізал., 71–73; Вярэніч, Бел.-укр. ізал. 10–11; Шцех, Scando-Slavica, 11, 251–254; іншую літаратуру гл. да артыкула возеры.

Аскро́так ’асколак, трэска’ (Гарэц., Юрч.), аскрё́так (Бяльк., дадатак рэд.), аскрётык (Юрч.). Утворана з суфіксам ‑ак ад дзеяслова *аскрэсць (Юрч. скрэсць, Нас. скрэсцьца) паводле мадэлі абрубак, агрызак і г. д., параўн. паскрэбкі з б, што адпавядае літаратурнай форме дзеяслова. Формы з цвёрдым р свядома ўтвораны ад мяккаэравых форм па літаратурнаму ўзору. Параўн. ашкрётык (Бяльк.) з экспрэснай зменай ск на шк.

Аскялё́пак (Касп., Янк. II), аскалёпак (Янк. Мат., Бір.), осколёпокъ (Нас.), асыкалёпык (Бяльк.), ашкалёпак (Касп., КТС), аскалёбак (Янк. Мат.) кавалак дрэва, адсечаны абыякава ці выпадкова, трэска, асколак посуду’; аскалёпак дурны чалавек’ (КЭС, шкл., бярэз.). Рус. осколупок ’асколак’, укр. оскалок ’кавалак дрэва’, славен. oskalek стрэмка, трэска’. Слова, безумоўна, звязана з і.-е. *(s)kel‑/*(s)kol‑ ’рэзаць, ударыць’, які сустракаецца і з дэтэрмінатывам ‑р‑ ці ‑b‑ (Покарны, 923–926), аднак яго этымалогія ў беларускай мове выклікае значныя цяжкасці ў сувязі з тым, што рускі адпаведнік (магчыма, народнаэтымалагічна) звязаны хутчэй з колупать, а ўкраінскія і славенскія не маюць ‑р‑. Польск. osklepek частка кветкі; ракавіна’, калі і роднаснае слова, то не непасрэдна (у сувязі з семантыкай, дарэчы, прадстаўленай і ў іншых індаеўрапейскіх мовах). Гэта робіць аскялёпак адзіным славянскім прадстаўніком індаеўрапейскай асновы *(s)kelp‑, *(s)kolp‑ ці *(s)kolbh‑. Пра чалавека — пераносна (параўн. аскабалак).