Раско́л ’збойца, разбойнік’, ’гарэза, свавольнік’, ’вісус, шыбенік’ (Бяльк., Мат. Гом.; дзярж., Нар. сл.; Жд. 3, ТС, Янк. Мат.), ’злы, нялітасцівы чалавек’ (Сцяшк. Сл.), раско́ла ’хуліган’ (Сл. Брэс.), роско́л, роско́льнік ’шыбенік, свавольнік’ (ТС). Як здаецца, няма падстаў ідэнтыфікаваць з рус. роско́л, раско́льник, якія Фасмер (3, 444) выводзіць ад рас- і колоть у значэнні ’разбіваць, ламаць’; мяркуецца, што яны ўвайшлі ў мову пасля расколу ў праваслаўі пры патрыярху Нікане ў 1654 г., адсюль маглі набыць значэнне ’разбойнік’. Параўн. накольнік, гл.; развіццё семантыкі аналагічна да сэнсава блізкіх вісус, шыбенік (гл.), і, відавочна, азначала злачынцу, што павінен быў быць пасаджаны на кол (гл.), але змог застацца непакараным. Раско́л у значэнні ’сектант’ (Сержп. Казкі), відаць, запазычана з рускай мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)