Аскялё́пак (Касп., Янк. II), аскалёпак (Янк. Мат., Бір.), осколёпокъ (Нас.), асыкалёпык (Бяльк.), ашкалёпак (Касп., КТС), аскалёбак (Янк. Мат.) кавалак дрэва, адсечаны абыякава ці выпадкова, трэска, асколак посуду’; аскалёпак дурны чалавек’ (КЭС, шкл., бярэз.). Рус. осколупок ’асколак’, укр. оскалок ’кавалак дрэва’, славен. oskalek стрэмка, трэска’. Слова, безумоўна, звязана з і.-е. *(s)kel‑/*(s)kol‑ ’рэзаць, ударыць’, які сустракаецца і з дэтэрмінатывам ‑р‑ ці ‑b‑ (Покарны, 923–926), аднак яго этымалогія ў беларускай мове выклікае значныя цяжкасці ў сувязі з тым, што рускі адпаведнік (магчыма, народнаэтымалагічна) звязаны хутчэй з колупать, а ўкраінскія і славенскія не маюць ‑р‑. Польск. osklepek частка кветкі; ракавіна’, калі і роднаснае слова, то не непасрэдна (у сувязі з семантыкай, дарэчы, прадстаўленай і ў іншых індаеўрапейскіх мовах). Гэта робіць аскялёпак адзіным славянскім прадстаўніком індаеўрапейскай асновы *(s)kelp‑, *(s)kolp‑ ці *(s)kolbh‑. Пра чалавека — пераносна (параўн. аскабалак).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)