Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гара́

1. Узвышша, любое высокае месца, высокі ўзгорак (БРС).

2. Невысокі марэнавы або пясчаны ўзгорак, звычайна круглы або закруглены ці стромкі з аднаго боку; гравійны пагорак (Рэч., Слаўг., Стол., Шчуч.).

3. Высокі бераг ракі (Дубр., Крыч.).

4. Высокае поле (Ваўк. Сцяшк., Рэч., Слаўг.).

5. Снежны пагорак; сумёт (Крыч., Слаўг.).

ур. Жаромская Гара (лес, поле) каля в. Улукі Слаўг.

га́рава́тка Купка лесу на гары (Пол., Уш.).

гараві́на́ Невялікае ўзвышша, узгорак (Слаўг.). Тое ж гару́шка, гараві́нка, гараві́к, гарэвіна (Слаўг.).

гарадзі́шча Месца, дзе ў старажытнасці стаяў горад, гмах, высокі ўзгорак з ваеннымі абароннымі ўмацаваннямі ці было селішча (БРС).

ур. Гарадзішча каля в. Улукі Слаўг.

гарадзьба́ Абгароджаны ўчастак (Слаўг.). Тое ж гараджэнне (Слаўг.).

гарадні́к Месца, абгароджанае або неабгароджанае для жывёлы ў полі або ў лесе (Мін.). Тое ж гаража́нка (Маладз.), гаражня́ (Рас.).

гарадо́к

1. Насыпное гарадзішча, селішча; абароннае ўмацаванне; збудаванне язычаскаму многабожжу. Падобныя збудаванні, як указваў Зарыян Даленга-Хадакоўскі, знаходзяцца ў нас на кожнай квадратнай мілі і ўсюды аднастайныя (С. К. Кузнецов. Русская историческая география, вып. 1. М., 1910, 175). Тое ж гарадзе́ц, гарадно, гаро́дня́, гарадзе́нка (Д.-Хад. 1844, 5). гарадзе́ц (Слаўг. Рам. 1891, 173).

2. Абкапаны канавай участак зямлі, на якім можа размясціцца вёска ці малы горад (Рэч., Слаўг.).

3. Невялікі сучасны горад (БРС), раённы цэнтр (Слаўг.). Тое ж гарадзе́ц (Слаўг.).

в . Гарадзец (1655) Бых. (АВАК XVIII, 862).

гара́ны Невялікія горкі, узгоркі (Віц. Рам. Мат.).

ва ўр. Горы (пяць узгоркаў) па абодва бакі ўзгоркавага масіву знаходзяцца вёскі, кожная з назвай Гараны або Горкі (Віц. Рам. Мат., 116), в. Новыя Гараны Пол.

гарбі́нка Невялікая пакатая горка на роўным месцы; узгорак (БРС). Тое ж гарба́ціна, гарбі́на́ (Слаўг.).

гарбо́к

1. Выпукласць на роўным месцы, горачка, выспачка, узгорачак (Слаўг.). Тое ж гарбулёк (Нас.), горбік (Слаўг.).

2. Узгорачак над долам, магільная горка (Бел. дакастр. проза, 232). Тое ж магі́лка, магі́ла, бугарок, бузгарок (Слаўг.).