Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жні́ва

1. Поле з нязжатай збажыной; постаць, дзе жнуць збожжа (Слаўг.). Тое ж жне́ва, жніво (Слаўг.).

2. Час жніва (Выс. Касп.). Тое ж жне́ва (Слаўг.), жніво (БРС), жніва́ (Ветк.).

жо́ўкрэнец Пясчаны грунт, пясок (Пін. Дразд.).

жу́дка

1. Сцежка, пешаходная дарожка па мяжы, па разоры ці па дзірваністай межавой броўцы (Крыч.).

2. Дарожка паміж дварамі для язды на возе (Крыч).

Іванкова жудка (сцежка) у в. Беражыстае Крыч.

жу́па Рудня, рудакопны завод, саляная капальня; яма; гара, адкуль дастаюць соль (Гарб.).

журало́ Ручаіна на вуліцы пасля дажджу (Глуск. Янк. I).

жывато́к

1. Невялікае крынічнае месца на балоце, якое не замярзае зімой (Жытк.).

2. Месца, дзе сцякае вада пасля дажджу (Усх. Палессе Талст.). Тое ж жываточына, жываточывіна (Слаўг.).

жыве́ц

1. Зялёны лугавы мох (Клім. Бяльк.).

2. Жоўты пясок (Краснап. Бяльк.).

3. Цвёрды грунт; верхні дзірваністы пласт глебы (Стаўбц.).

4. Крынічнае месца, дзе сачыцца вада (Рэч., Слаўг.).

5. Ваданосны пласт, з якога б'е крынічны струмень (Ветк.).

6. Зарослае старарэчышча, з якога яшчэ выцякаюць струменьчыкі вады (Слаўг.).

От того дуба... ольсом Живцами (1560) каля в. Ваўкавічы Чав. (Археагр. 3, 1867, 269).

жыгу́н Сухі, цякучы, вельмі тонкі пясок (Тал. Мядзв.).

жы́жка Гнаявы адстойнік; гнаясховішча (Шчуч).

жы́ла

1. Забалочанае месца, зарослае старарэчышча, дзе яшчэ ледзь выступае вада (Слаўг., Стол.). Тое ж жы́ліна (Слаўг.).

2. Ваданосны слой, крынічная, вільготная паласа, крыніца сярод багны, падземны сцёк (Рэч., Сал., Слаўг., Сміл. Шат.). Тое ж жы́ліна (Лёзн., Рэч., Слаўг.), жы́лка (Жытк., Слаўг.).

3. Прадаўгаваты ўзгорак, каса (Слаўг.).

4. Вузкі, доўгі пласт у зямлі адной пароды (БРС) і адпаведна яму на паверхні, дзе расце адна парода дрэў, добры ці аднастайны травастой (Слаўг.).

в. Жылічы Маг. (ЛіМ, 1966, 13/IX).