Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ло́вішча У актах. Месца, дзе ловяць звяроў, птушак, рыбу (Нас. АУ). Тое ж ловы.

лог

1. Звычайна сухадольны луг паблізу вёсак, паміж палёў, каля рэчак, у неглыбокіх раўках (БРС).

2. Шырокая нізіна, даліна (БРС).

3. Балота, дрыгва, мокрае месца на лузе (Зах. Бел. Др.-Падб., Рэч., Стаўбц.).

□ ур. Лог (поле) Стаўбц. (Прышч.), ур. Процкі лог (сенажаць) каля в. Шаламы Слаўг.

ло́гавішча Месцазнаходжанне звяроў (БРС); бярлога для жывёл (Слаўг., Стол.). Тое ж логава (БРС), ло́гві́шча (Слаўг., Стол.), логва (Слаўг., Сміл. Шат., Шчуч.).

ло́гвіна Месца, дзе качаўся конь (Слаўг.).

ло́жа Паглыбленне, дзе цячэ рака, рэчка, крыніца; рэчышча (БРС).

лом

1. Стар. Вадаём, пераважна рака (Рам. Мат., 131—132).

2. Вогнішча, палаючы касцёр (Паст.).

□ ручай Лом (Віц. Рам. Мат., 131 —132); в. Лом Сучка́ Віц. (Рам. Мат., 152).

лоск Плоская нізіна, лагчына (Слаўг.). Тое ж ля́вай (Ваўк. Сцяшк. 56).

□ с. Лоск Валож., ур. Лошчань каля в. Віравая Слаўг., паўстанак Лоскі за г. Рославам (Расія, т. 9, стар. 514).

лоўж

1. Куча галля (БРС).

2. Курган (Бабр.). Тое ж лож (Бабр. Бяльк.), лоўжа (Віц.).

3. Зараснік, драбналессе (Ветк.).

□ в. Лоўжа Сіроц.

лу́бінішча Поле, дзе рос лубін (Сал., Слаўг.). Тое ж лубя́ні́шча (Слаўг., Ст.-дар.).

лу́бкамо́чышча Абасобленая сажалка або затока, прызначаная для мачэння ліпавага лубу на лубовае лыка, рагозу (Слаўг.).

□ ур. Лу́бкамо́чышча (каля р. Мочанкі) недалёка ад в. Ржаўка Слаўг.