Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гару́н Дрэва з нарастам, які ідзе на выраб труту.

в. Гаруны́ Азяр.

гарцо́вішча

1. Прасторнае месца, дзе гуляюць дзеці, моладзь; фізкультурная пляцоўка (Слаўг.).

2. У актах. Месца для конных перагонак, вайсковай вывучкі, гімнастыкі.

га́ры

1. Выгаралае месца на тарфяным балоце (Беш. Касп.).

2. Пажарышча, дзе лес выпалены пад раллю (Віц. Нік. 1892).

гары́чык Абгароджанае месца для жывёлы ў полі або ў лесе (Драг.).

гары́чышча Вельмі высокая, з крутымі схіламі гара; круты бераг (Слаўг.). Тое ж гары́шчышча, гары́шчавіна (Слаўг.), гары́шча (Слаўг., Сміл. Шат.).

гарэ́лік Выгаралы ўчастак лесу (Докш.).

гарэ́лікі

1. Месца, дзе згарэў дом (Лаг.).

2. Выгаралае месца на тарфяным балоце (Віц. Касп.).

гарэ́лішча Месца, на якім згарэў населены пункт ці лес (Дзярж. Лемц. Айк.).

гарэ́шнік Арэшнік (Стаўбц.).

гаспо́да

1. Дом, кватэра (Нас. АУ).

2. Двор, асабліва княжацкі (Нас. АУ).

3. Дом або двор з усімі яго прыналежнасцямі (Гарб.).

4. Сядзіба, дом, гаспадарка якой-небудзь сям'і (Зах. Бел.). Параўн.: Прашчуры нашы жылі паасобнымі сялібамі — гасподамі, здалёк адзін ад другога, і кожная гаспода мела свайго гаспадара і дружыну, як і цяпер кажуць, сям'ю («Лучынка» Літаратурна-навуковы месячнік беларускай моладзі, кн. II, 1915, стар. 11).

в. Гаспода Чав. пав. (ЦДГА БССР, ф. 2191, воп. 5, адз. зах. 987).