Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вапа́к Залежы вапны (Слаўг.).

ва́пельня

1. Месца, кар'ер, дзе здабываюць вапну (БРС). Тое ж вапе́йніца (Віц. Касп.), вапе́льня (Слаўг., Сміл. Шат.), вапе́нніца (Зах. Бел. Др.-Падб.), ва́пніца, ва́пнішча (Нас.), вапно (Нас. АУ).

2. Печ, месца, дзе абпальваюць вапну; вапенны завод (БРС). Тое ж вапе́йніца (Віц. Касп.), вапе́льня (Нас.), вапе́нніца (Віц. Касп.).

вапе́ннішча Месца, дзе складаюць вапнавы камень або ачышчаюць гашаную вапну (Нас.).

ва́пна Абпаленая вапністая зямля (БРС). Тое ж вапня́к (БРС), звёздка (Слаўг.).

варатні́к Доўгі загон (Колас, 1952, т. 4, 303); частка паласы, якая апрацоўваецца асобна (Кузн. Касп.).

варні́ца

У актах.

1. Саляварня, салярня (Гродз.). Тое ж ва́рня, варэльня (Грыг. 1850).

2. Завод, дзе варылі піва, мёд (Крыч. староства Меер, 1786, 99).

ваўкаўня́

1. Яма для лоўлі ваўкоў (БРС).

2. Небяспечнае месца (Нас.).

ур. Каля Ваўкаве́нькі Стаўбц. (Прышч.).

ве́жа Каланча (БРС).

нас. п. Белая Вежа ў раёне Белавежскай пушчы (ПНР).

ве́рас Суцэльны зараснік верасу Callúna vulgáris Salisb. (БРС). Тое ж верасня́к, верасе́нь, верасу́га (Слаўг.).

вераце́ Расчышчаная палянка ў лесе (в. Шастовічы Палессе Талст.).