Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

таўка́ч Ст.-бел. Востраў сярод балота.

□ ур. Таўка́ч (гарадзішча на астраўку сярод балота, парослае лесам) каля в. Гаравыя Пол. («Савецкая краіна», 1932, № 5, травень, 76), в. Таўкачоўка Слаўг.

тача́ Цеча; месца на рацэ, якое не замярзае (Стол.).

тачо́к

1. Месца, дзе малоцяць збожжа; глінабітны ток у гумне, пад паветкай; цэментаваная пляцоўка каля калгаснага свірна; расчышчаны ўчастак для малацьбы збожжа, ільну (Лёзн., Слаўг., Сур. Касп.).

2. Гумно, дзе складваюць і малоцяць збожжа (Мін., Я. Купала. Вершы. Паэмы, 1958, 18).

3. Бойкае месца, дзе збіраюцца людзі; пляцоўка, плошча (Нясв., Слаўг.).

□ Стралецкі тачок перад стралецкім замкам у Полацку, Княжы тачок перад замкам у Навагрудку.

таш Ст.-бел. Сяло, сяліба (1596 «Лексіс» Л. Зізанія. Хрэст. па гіст. бел. м., 1961, 256). Тое ж намет, кучка, ме́шканье.

твань

1. Багністае і вязкае месца (БРС); гразь, іл на дне вадаёма (Нас., Палессе Талст., Рэч., Слаўг., Стол.); гразь у час разводдзя (Палессе Талст., Слаўг., Ст.-дар.). Тое ж ту́на, тынь, тунь, тыняві́шча, ты́нішча (Слаўг.).

2. Зарослае возера, плаў; балота, зарослае трысцём (Кан., Палессе Талст., Слаўг.).

тло Зямля; попел, прах, пыл (Нас.). Тое ж тлень (Нас.), тлен (Зах. Бел. Др.-Падб.), тля (Нас.).

ток

1. Глінабітная пляцоўка ў гумне для малацьбы; гумно (БРС). Тое ж малатня́ (Паст.).

2. Высокае роўнае месца, плошча; месца, шырэйшае за вуліцу, дзе збіраецца народ (Слаўг.); прытаптанае цвёрдае месца без травы (Лёзн., Слаўг.); убіты, цвёрды грунт (Слаўг.). Тое ж точышча (Слаўг.).

3. Глінабітная падлога (БРС).

4. Месца, дзе такуюць цецерукі (Бых., Тур.).

5. Цячэнне вады (Слаўг.).

6. Пляцоўка для малацьбы на полі, для збожжа каля зернясховішча (Бых., Слаўг.).

□ Тураў ток — месца каля калодзежа у г. Тураве.

то́кавішча Месца, дзе быў ці ёсць ток для малацьбы (Лёзн. Касп., Слаўг.).

тонь Месца на возеры або рацэ, якое зарасло трысцём (Мін.).

то́ня

1. Месца на возеры, у рацэ, дзе ловяць рыбу закідным невадам (БРС); зручнае для рыбы месца (Люб. ГР, 98); месца ў рацэ, возеры, якое ахопліваецца невадам (Стол.). Тое ж тонь (Стаўбц. Прышч.).

2. Вір, бяздонне (БРС); найбольш глыбокі ўчастак возера (Стол.).

□ Тоні на возеры Іўным, Тоня рыбна на возеры Пішчаным у Прапойскім старостве (1681 ЦДГА БССР, ф. 694, воп. 4, інв. № 1556, л. 199; Дэмб., т. 2, 1884, 572), ч. Танеж Тур.