Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

папе́рня Ст.-бел. Папяровы млын (XVI— XVII стст.).

в. Паперня Лід., в. Паперкі (1745), а цяпер в. Па́параткі (Па́паратка, Па́параць) Слаўг.

паплаві́шча Сенажаць на абалоні (Ст.-дар.).

ур. Паплаві́шча (сенажаць) каля в. Пасека Ст.-дар.

паплаво́к Невялікі сухадольны лажок у канцы агародаў (Ветк.). Тое ж паплоўчык (Глуск. Янк. II).

папла́ў Заліўны луг (Слаўг.); нізіна каля балота, на якой расце мурог (Стол.). Тое ж паплавы́ (Палессе Талст.).

папо́ўка Зямля, угоддзі, якія належалі царкве, папу і прычту (Слаўг.).

ур. Папоўка (сенажаць) каля в. Любаны Слаўг., р. Папоўка каля в. Целяшы Слаўг., в. Папоўка Слаўг.

папялі́шча Месца, дзе згарэў дом, двор (БРС); вогнішча (Бых., Смарг.). Тое ж папялі́ска (Нас. АУ), папяле́нне, попелішча (Жытк.), папалі́шча (Смарг.), попелішча (БРС), попілышча (Навагр.).

папяро́чка Папярочны ўчастак поля, палоска, папярочная баразна, наогул папярочнае ворыва, якім закругляюць доўгі загон (Слаўг., Стаўбц. Прышч.); папярочная дарожка (Стаўбц.. Прышч.). Тое ж папярэчка (Слаўг., Стаўбц. Прышч.), пяра́к (Пух. Шат.).

пар

1. Зямля пасля ўборкі пасеваў, якая служыць пашай для жывёлы (Мін. Зял. 1864).

2. Зябліва, асенняе ворыва (Рэч.).

па́раніна

1. Папар; адпачываючае адзін год поле, на якім сеюць азімыя (Жытк., Касц. Бяльк., Лёзн., Маз., Нас., Слаўг., Стол.). Тое ж па́рына (Мсцісл., Слаўг.), пар (паўсям.), па́рініна (Касц. Бяльк., Слаўг.).

2. Пакінуты папар пад пашу; аблога (Крыч., Слаўг.); часовы папас на папары (Лёзн., Слаўг., Тал. Мядзв.).

параса́днік Кветнік, гародчык для расады і высадкаў (Слаўг.). Тое ж піліса́днік (Слаўг.).