Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падле́ссе Поле (луг) каля лесу (Слаўг., Смален. Дабр.). Тое ж поўзлессе, подлессе, падлясе́ўе (Слаўг.), падле́сце (Смален. Дабр., IV, 627), падлясе́йкі (Нясв.).

□ в. Падле́ссе і в. Падлясе́йкі Нясв.

падло́га Роўны лог, які прылягае да рэчкі або балоцістага спуску (Віц. Нік. 1895); падэшва ўзвышша (Слаўг.).

падлу́жжа Прастора, якая прылягае да заліўнога лугу ўздоўж ракі (Слаўг.).

□ в. Падлужжа Мсцісл., ур. Падлужжа (поле, луг) каля в. Папараткі Слаўг., в. Падлужжа Глуск., ур. Падлужжа Мсцісл. (1651 МЕВ, 21 мая 1896, № 15, ч. неаф., 271).

падме́жжа Месца каля мяжы (Слаўг.). Тое ж падме́жышча, падмяжэўе (Слаўг.).

падно́жжа

1. Месца каля гары, падгор'е (БРС).

2. Месца, дзе ходзяць і ездзяць; бойкая мясціна (Рэч.).

падо́л

1. Месца каля падэшвы гары; схіл гары да ракі (Гарад. Касп.).

2. Нізкая мясцовасць, нізіна (Смален. Дабр.).

3. Месца на беразе возера, ракі, дзе ёсць драўляны памост і дзе мыюць бялізну (Ветк., Мсцісл., Слаўг.). Тое ж подал (Мсцісл. Юрч.).

4. Узбярэжжа ракі (Нас.).

□ ур. Мяхвёдаўскі падол (месца каля рэчкі) у в. Шаламы́ Слаўг., ур. Падол (яма з вадой) у в. Кульшычы Слаўг., ур. Падол (падножжа Уладзімірскай горкі) у г. Кіеве.

падо́нне Подсціл, памост, месца, дзе стаяў стог сена (Слаўг.). Тое ж падонкі, падонь (Слаўг.).

□ в. Падонкі Маладз.

падо́ра

Ст.-бел. 1. «Пашенный лес», г. зн. сенажаць на месцы высечкі, якая ўзарана пад поле (Віц. Рам. Мат.). Тое ж падорка.

2. Расчышчанае месца пад раллю ў лесе.

3. Дом у лесе для паляўнічых.

4. Хлеў на сенажаці ў лесе. Тое ж падорня.

□ ур. Падора (лес) Віц. (Рам. Мат.).

падо́скі Месца каля асінніку (Слаўг.). Тое ж падосні (Слаўг.).

□ ур. Падосні (поле) каля в. Рабаві́чы Слаўг., ур. Падоскі (лес) каля в. Кульшы́чы Слаўг.

падпа́р Месца на балоце, дзе не замярзае ні вада, ні багна (Стол.).