Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

во́тлынь Затока (Слаўг.).

во́тмаладзь Зараснік маладых парасткаў на бярозавых, альховых высеках (Жытк.).

во́тмеле Пясчаная каса ў рацэ (Рэч.).

во́тмут

1. Вір на рацэ (Ветк., Слаўг.). Тое ж узму́ць (Слаўг.), вотмуць (Цэнтр. і Усх. Палессе Талст.).

2. Ціхая глыбокая затока каля ракі (Рэч.).

3. Глыбокае месца ў рацэ (Палессе Талст.); чорная глыбіня (Слаўг.).

□ воз. Узмуць (глыбокае возера) каля в. Віравая Слаўг.

во́тмык Глыбокае месца ў рацэ, дзе раней быў млын (Слаўг.).

во́тмыт Вір, яма; вельмі глыбокае месца ў рацэ ці возеры (Слаўг.).

во́тчына

1. Уладанні, абшар, спадчына ад бацькі ці дзеда; бацькаўшчына, дзедаўшчына (БРС).

2. Пасека; прыдатнае для пчол месца (Прысожжа Ляп., 1773, Кароцічы Стол.). Параўн.: «В сих лесах... Могнлевской губ... Великорослой дуб снабдит флотские надобности, в липняках лутчая отчина или пчельники» (Ляп. 547); «В деревни Бируляхъ одна уволока и вотчина Боковщина» (Слаўг. 1634 ІЮМ, вып. XXX, ч. 1, аддз. 1, стар. 59, 60); вотчыч ’пчаляр’ (Глуск. Янк. III, 20).

ву́гал Частка сушы, якая вуглом уразаецца ў балоцістае месца ці сенажаць (БРС). Тое ж ву́гіл (Слаўг.).

□ ур. Ву́гал (луг) каля в. Віравая, ур. Башмакоў Вугіл (поле, палянка паміж лесам і балотам) каля в. Серкаўка Слаўг.

вуглы́ Тып паселішча без вуліцы, калі двары рэдка параскіданы па краю поля ўлукаткі (Слаўг.).

□ в. Вуглы Ів., ур. Вуглы (лог, поле) каля в. Шаламы Слаўг.

вуго́л Месца, дзе межы поля ўтвараюць прамы вугал (Сал., Слаўг.).