Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лы́сіна

1. Месца, дзе качаўся конь (Хоц.).

2. Праталіна (Дубр., Слаўг., Крыч., Чэр.).

3. Абложная пясчаная зямля (Палессе Лемц. Айк.). Тое ж лысу́ха (Палессе Лемц. Айк.).

лы́сіца Неўрадлівае поле (Палессе Лемц. Айк.); высокае, лысае, непакрытае раслі́ннасцю месца (Маг., Мін. Лемц. Айк.).

любі́ж Месца, дзе знаходзіцца крыніца з пітной вадой; прыгожае, з выгодамі месца (Гор., Стол.).

в. Любіж Гор., ур. Любіж (поле), ур. Любін, ур. Любянец каля в. Кароцічы Стол.

люр Прадушына ў лёдзе вясной (Нас.).

ля́балацце Месца (сенажаць, лес, кусты) каля балота (Слаўг.). Тое ж ляболацце, каляболацце, калаболацце, калу́балацце, ляўзкалю́балацце, ля́балаць, лябалотнічча, ляву́збалаць, ля́збалацце, лябалоцічча, ляпоўзбалацішча, ля́ўзбалацце (Слаўг.).

лява́да

1. Луг, абгароджаны для пашы жывёлы (Нас.).

2. Абгароджанае месца для стаяння жывёлы ў полі або ў лесе (Бял.); летняе стойла для кароў (Ветк.).

ляго́рычча Месца каля гары (Слаўг.). Тое ж ля́гарре, лягары́чышча, лягорре (Слаўг.).

лягу́мні́чча Месца каля гумна або кругом яго; прастора перад гумнішчам (Слаўг.). Тое ж легумне́чча (Слаўг.).

ля́да

1. Поле на месцы высечанага лесу (БРС) ці ляснога пажарышча (басейн Бярэзіны, Дняпра, Зах. Дзвіны і Сажа ДАБМ, К. 337). Тое ж ляд (Пруж.), лядзь (Люб. ГР, 92).

2. Наогул вялікае поле (Усх. Палессе Талст.); поле ў кустах (Жытк.); абложная зямля (Рэч.); пакінутая зямля (Уш.); неаранае са свірэпай поле (Слаўг.).

3. Сухі востраў сярод балота, на якім расце сасновы лес; бор (Маз. і Рэч. пав. Талст.); сухое балота (Рэч.).

4. Месца ў лесе, дзе па-браканьерску высечаны лес (Слаўг.); непрыбранае месца ў лесе, дзе секлі дрэвы, сучча (Віц., Дрыс., Паст. ДАБМ Кам. пп. 956—957). Тое ж лядо, лядадо (Слаўг.).

5. Паламаны навальніцай пасеў (Слаўг.); шкода (Брасл. ДАБМ Кам. п. 956).

в. Ля́да Смал., ур. Ля́да Нар., ур. Ляда (палянка, поле, лес) каля в. Яскавічы Сал., ур. Дзе́дава Ля́да (балота, лес, сенажаць) каля в. Рудня Слаўг.

ля́давіца Невялікі ўчастак ляда (Слаўг.). Тое ж ля́дца, лядцо, ля́дзечка, ля́давічка, лядцовічка (Слаўг.).