БЕЛАРУ́СКАЯ НАВУКО́ВА-ПРАМЫСЛО́ВАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ
(БНПА),
грамадскае аб’яднанне прамыслоўцаў, вучоных, спецыялістаў нар. гаспадаркі, грамадскіх дзеячаў. Створана ў 1990. Асн. мэта: забеспячэнне ўзаемавыгаднай сумеснай дзейнасці прадпрыемстваў і арг-цый — чл. асацыяцыі для вырашэння вытворча-гасп. і сац. праблем. Аб’ядноўвае больш за 170 прамысл. аб’яднанняў, прадпрыемстваў, фін. і навук. арг-цый, навуч. устаноў Беларусі, шэраг асацыіраваных калект. членаў — галіновыя асацыяцыі прадпрыемстваў, рэгіянальныя аб’яднанні прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Членамі-карэспандэнтамі БНПА з’яўляюцца дзесяткі замежных фірмаў.
т. 2, с. 416
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ
(БНП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Утворана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Камітэт партыі. Асн. мэты: пабудова унітарнай, дэмакр., суверэннай дзяржавы сацыяльна арыентаванага рыначнага характару; развіццё дэмакратыі; абарона ўласнасці і свабоды прадпрымальніцтва; уключэнне эканомікі Беларусі ў нар.-гасп. працэсы на аснове правядзення паліт., эканам. і дзярж.-прававых рэформаў; забеспячэнне гарантый грамадзянскіх правоў і свабод кожнаму чалавеку.
А.А.Дзмітрук.
т. 2, с. 417
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ
(БНПС),
палітычная партыя праванародніцкага кірунку. Засн. ў Мінску ў маі 1917. У Арганізац. бюро ўваходзілі Я.Ф.Сушынскі (старшыня), А.І.Лявіцкі (Ядвігін Ш.), С.Я.Плаўнік (З.Бядуля), Ф.Стульба. Выступала за паступовае ажыццяўленне сацыяліст. пераўтварэнняў у грамадстве. У агр. пытанні падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі і надзяленне ёй беззямельных і малазямельных сялян. Дапускала свабоду прыватнай ініцыятывы ў галіне прам-сці і гандлю, выказвалася за 8-гадзінны рабочы дзень, ахову жаночай і дзіцячай працы, бясплатнае навучанне ў школах на роднай мове. Выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і ўтварэнне Бел. краёвай рады, выбранай на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права. Удзельнічала ў паліт. жыцці Мінска, у рабоце Усебел. з’езда. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва не мелі поспеху, і неўзабаве яна знікла з паліт. арэны.
С.С.Рудовіч.
т. 2, с. 417
БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПА́РТЫЯ
(БНП),
палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў крас. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Вышняя рада. Асн. мэты: нац. адраджэнне, дасягненне поўнай незалежнасці Беларусі, стварэнне прававой дэмакр. дзяржавы. Гал. прынцыпы дзейнасці: нацыяналізм як лепшая духоўная якасць чалавека, нац. ідэя як гал. дзейная сіла грамадства, духоўнае адраджэнне на аснове хрысц. этыкі і маралі. Выступае за стварэнне рыначнай эканомікі, развіццё навук. і вытв. патэнцыялу, макс. выкарыстанне ўнутр. прыродных рэсурсаў, выгаднага геапаліт. становішча Беларусі. Арг-цыі БНП дзейнічаюць ва ўсіх абласцях Беларусі.
т. 2, с. 419
БЕЛАРУ́СКАЯ НЕЗАЛЕ́ЖНІЦКАЯ ПА́РТЫЯ
(БНП),
арганізацыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створана ў пач. 1942. У кіруючае ядро партыі ўваходзілі У.Родзька (старшыня ЦК), Ф.Аляхновіч, І.Гінько, Р.Зыбайла, Р.Рабуха, Ю.Саковіч, А.Сянькевіч і інш. Былі ўтвораны 5 акр. к-таў БНП. Мела кантакты з кіраўнікамі Палескай сечы Украінскай паўстанцкай арміі. Члены БНП, працуючы ў створаным гітлераўцамі бел. апараце, імкнуліся арганізаваць бел. нац. рух для выступлення і супраць ням. фашыстаў, і супраць бальшавікоў. Было створана некалькі ўзбр. і нелегальных груп (найбольш на Палессі — 12). Не маючы шырокай падтрымкі ў інш. бел. арг-цый, БНП не стала рэальнай паліт. сілай. У канцы чэрв. 1944 Родзька пры падтрымцы гітлераўцаў арганізаваў і накіраваў у сав. тыл некалькі ўзбр. груп. Аднак БНП не дамаглася масавай падтрымкі насельніцтва. Большасць яе атрадаў і падп. груп разгромлены органамі НКУС, шэраг дзеячаў БНП на чале з Родзькам арыштаваны.
У.І.Гуленка.
т. 2, с. 420