«САС»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 300 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Даніловічы, Скольскія, Сялецкія, Урускія, Шапціцкія. Асн. варыянт герба мае ў блакітным полі залаты маладзік рагамі ўгору, над ім паміж дзвюма 6-канцовымі залатымі зоркамі сярэбраная страла ўгору. Клейнод — над прылбіцай з каронай паўлінавыя пёры, прабітыя стралой. Існуюць варыянты герба з 3 зоркамі над маладзіком, з чырв. полем і стралой уніз і інш. Вядомы з сярэдзіны 15 ст.
т. 14, с. 189
САСАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 3—7 ст. на чале з іранскай дынастыяй Сасанідаў. Засн. Ардашырам I, які ў 224 знішчыў Парфянскае царства, у 226/227 каранаваўся царом у г. Ктэсіфон, які зрабіў сталіцай дзяржавы. Яго сын Шапур I [239—272] далучыў да С.дз. вял. вобласці на З і У ад Ірана, вёў паспяховыя войны супраць Рым. імперыі. Дзярж. рэлігіяй С.дз. стаў зараастрызм, жрацы якога (магі) аказвалі вял. ўплыў на дзярж. справы, асабліва з часоў Шапура П [309—379]. У канцы 5 ст. С.дз. вяла барацьбу з эфталітамі, у бітве з якімі загінуў цар Пероз [459—484]. Востры сац. крызіс часоў кіравання Кавада I [488—496 і 499—531 ] выклікаў маздакіцкі рух. Пры Хасрове I Анушырване [531—579] унутр. становішча стабілізавалася, краіна падзелена на 4 вобласці: Харасан, Азербайган, Німруз і Харабаран (Месапатамія); усталяваўся падзел грамадства на саслоўі, прывілеяванае становішча сярод якіх займалі магі і воіны (азаты). Пры Хасрове II Парвізе [591—628] С.дз. вяла вайну з Візант. імперыяй (602—628), захапіла Сірыю, Палесціну, Егіпет, б.ч. М. Азіі, але потым сасанідскія войскі пацярпелі паражэнне, і ўсе заваяванні былі страчаны. Вайна знясіліла С.дз. напярэдадні арабскіх заваяванняў. Арабы разбілі войскі С.дз. ў бітвах пры Кадысіі (637) і Нехавендзе (642). Са смерцю цара Ездэгерда III [632—651/652] С.дз. спыніла існаванне, а яе землі ўвайшлі ў склад Арабскага халіфата (гл. Халіфат).
т. 14, с. 189
САСАНІ́ДЫ,
дынастыя цароў (шахіншахаў) Ірана ў 3—7 ст. Заснавальнік — Сасан (верагодна, бацька Папака — першага цара Парса з роду С.). Напачатку былі правіцелямі вобл. Парс у Паўд.-зах. Іране пад вярх. уладай правіцеляў Парфянскага царства. У 224 сын Папака Ардашыр I [224—239] скінуў уладу парфян, заваяваў іх царства і абвясціў сябе царом. Найб. вядомыя з С.: Шапур I [239—272], Шапур II [309—379], Пероз [459—484], Кавад I [488—496, 498—531], Хасроў I Анушырван [531—579] і Хасроў II Парвіз [591—628]. Апошнім з С. быў Ездэгерд III [632—651 альбо 652], які пацярпеў паражэнне ў войнах з арабамі (гл. Арабскія заваяванні) і з гібеллю якога скончылася дынастыя.
т. 14, с. 189
СА́СВА,
рака ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Зальвянка (бас. р. Нёман). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 135 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Рудзевічы, цячэ па паўд.-ўсх. частцы Ваўкавыскага ўзв., упадае ў р. Зальвянка за 2 км на З ад в. Хамічы. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.
т. 14, с. 190
САСЕ́БА,
горад у Японіі, на ПнЗ в-ва Кюсю. Каля 300 тыс. ж. (2000). Порт у бухце Сасеба, вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: суднабуд., станкаінструментальная, шкляная і керамічная, рыбаперапрацоўчая. Паблізу штучнае вырошчванне жэмчугу (у бухтах і залівах), здабыча каменнага вугалю.
т. 14, с. 190
САСІНО́ВІЧ (Валерый Аркадзевіч) (н. 5.5.1941, в. Затон Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне гідрадынамікі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Акадэмічным навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» Нац. АН Беларусі (з 1999 заг. лабараторыі). Навук. працы па статыстычнай тэорыі турбулентнасці, турбулентным змешванні рэагуючых вадкасцей і газаў, мадэляванні турбулентных рэагуючых патокаў з дапамогай функцый размеркавання імавернасцей.
Тв.:
Замкнутое уравнение для совместной плотности распределения вероятностей величин флуктуаций турбулентного скалярного реагирующего поля и его градиента (разам з В.А.Бабенкам, Ю.У.Жукавай) // Инженерно-физ. журн. 1998. Т. 71, № 5;
Вывод и численное решение замкнутого уравнения для удельной площади изоскалярной поверхности в турбулентном реагирующем потоке (з імі ж) // Там жа. 1999. Т. 73, № 3.
т. 14, с. 190
САСКАТУ́Н (Saskatoon),
горад на З Канады, на р. Саўт-Саскачэван, у прав. Саскачэван. Засн. ў 1883. Каля 200 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандлёва-размеркавальны цэнтр с.-г. раёна (збожжавыя, мясная жывёлагадоўля). Прам-сць: харч., швейная, хім., нафтаперапр., маш.-буд., цэментная. У С. і наваколлі — буйныя прадпрыемствы па здабычы і перапрацоўцы калійных солей. Ун-т.
т. 14, с. 190
САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),
рака на Пд Канады. Утвараецца ад сутокаў рэк Норт-С. і Саўт-С., якія пачынаюцца ў Скалістых гарах. Даўж. 544 км (ад вытоку р. Саўт-С. — 1928 км), пл. бас. 385 тыс. км². Цячэ па Вялікіх і Цэнтр. раўнінах, упадае ў воз. Вініпег. Разводдзе ў чэрв.—жн., межань ад снеж. да сакавіка. Ледастаў ад ліст. да красавіка. Сярэдні расход вады 780 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння ў вярхоўях. Вадасх. Гранд-Рапідс у ніжнім цячэнні. Суднаходная на асобных участках. На р. Саўт-С. — г. Саскатун, на р. Норт-С. — гарады Эдмантан і Прынс-Альберт.
т. 14, с. 190
САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),
правінцыя на Пд цэнтр. ч. Канады. Пл. 651,9 тыс. км². Нас. 990,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — г. Рэджайна. Правінцыя знаходзіцца ў межах Лаўрэнційскага ўзвышша на Пн і Вялікіх раўнін на Пд. На Пн і ПнУ хвойныя лясы, на Пд і ПдЗ лесастэп і стэп (прэрыя). У С. каля 30% с.-г. зямель краіны, правінцыя дае амаль 50% збору пшаніцы, больш за 60% жыта і аўса. Значныя зборы ячменю, лёну і рапсу. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Птушкагадоўля. С.-г. вытв-сць сканцэнтравана на буйных высокамеханізаваных фермах. Буйная здабыча калійных солей, нафты, гелію, медзі, урану. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: харч. (мукамольная, мясакансервавая, масларобчая), хім., чорная металургія, с.-г. машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
т. 14, с. 190
СА́СКАЯ ЛІ́ПКА,
вёска ў Карцэвіцкім с/с Нясвіжскага р-на Мінскай вобл., каля р. Уша. Цэнтр калект. с.-г. прадпрыемства. За 7 км на ПдЗ ад г. Нясвіж, 119 км ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Гарадзея. 666 ж., 254 двары (2001). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 14, с. 190