САСАНІ́ДЫ,

дынастыя цароў (шахіншахаў) Ірана ў 3—7 ст. Заснавальнік — Сасан (верагодна, бацька Папака — першага цара Парса з роду С.). Напачатку былі правіцелямі вобл. Парс у Паўд.-зах. Іране пад вярх. уладай правіцеляў Парфянскага царства. У 224 сын Папака Ардашыр I [224—239] скінуў уладу парфян, заваяваў іх царства і абвясціў сябе царом. Найб. вядомыя з С.: Шапур I [239—272], Шапур II [309—379], Пероз [459—484], Кавад I [488—496, 498—531], Хасроў I Анушырван [531—579] і Хасроў II Парвіз [591—628]. Апошнім з С. быў Ездэгерд III [632—651 альбо 652], які пацярпеў паражэнне ў войнах з арабамі (гл. Арабскія заваяванні) і з гібеллю якога скончылася дынастыя.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)