Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛЬМА́РЫ (Teuthida),

атрад галаваногіх малюскаў. 2 падатр., 25 сям., больш як 85 родаў, больш за 300 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах і морах.

Даўж. ад 2 см да 5 м, гіганцкіх К. (Architeuthis) да 18 м; маса больш за 300 кг (зрэдку да 1 т). Цела падоўжанае, верацёнападобнае. На галаве 8 рук і 2 шчупальцы. Вочы вялікія. Шкілет — вузкая рагавая пласцінка. Ёсць радула і чарнільны мяшок. Мелкаводныя К. здольны мяняць афарбоўку, глыбакаводныя — амаль празрыстыя ці аднатонныя. Многія К. маюць органы свячэння. Адкладваюць яйцы. Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Корм кашалотаў і інш. кітападобных, рыб, птушак, ластаногіх. Многія — аб’екты промыслу, сыравіна для фармацэўтычнай прам-сці.

Кальмары: 1 — абраліёпсіс; 2 — вампір страшэнны.

т. 7, с. 492

КА́ЛЬНІН (Пётр Іванавіч) (1872, г. Адэса, Украіна — пасля 1917),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-т грамадз. інжынераў (1896). Працаваў Магілёўскім губ. праўленні, з 1906 гарадскі, у 1907—17 Магілёўскі губ. архітэктар. Паводле яго праектаў у Магілёве узведзены будынкі дваранскага банка, крэдытнага т-ва, царква Трох Свяціцеляў; у Шклове — гар. бойня і будынак папярова-кардоннага з-да. Выкананыя ім 2 эскізныя праекты будынка Магілёўскага пазямельна-сял. банка выкарыстаны арх. А.Друкерам; паводле яго эскізаў выкананы інтэр’еры асобных памяшканняў. Распрацаваў (1913) праекты будынкаў земства і рамеснай школы для Быхава, гандл. крам для Оршы, астрога для Рагачова, яўр. гімназіі для Магілёва, рамеснай школы для Клімавіч.

т. 7, с. 492

КА́ЛЬНІЦА,

гл. Дзервяніскае возера.

т. 7, с. 492

КАЛЬПІ́Т,

гл. Вагініт.

т. 7, с. 492

КАЛЬРА́БІ,

двухгадовая травяністая расліна, гл. ў арт. Капуста.

т. 7, с. 492

КАЛЬЦАВА́ННЕ ПТУ́ШАК,

метад прыжыццёвага мечання дзікіх птушак кольцамі для вывучэння іх перамяшчэнняў і біялогіі. З навук. мэтамі ўведзена ў Даніі (1899); на Беларусі ў 1917, рэгулярна робяць К. п. з 1946.

Птушак кальцуюць метал. ці пластмасавымі каляровымі кольцамі (з нумарам, адрасам) на нагах, шыі, дзюбе. Робяць на месцы гнездавання, на шляхах пралёту, у час лінькі або на зімоўцы; рэгіструюць час і месца кальцавання. Пры індывід. К. п. вывучаюць паводзіны асобін, пры масавым выяўляюць месцы зімовак, хуткасць руху пры пералётах, асаблівасці рассялення, стан і пашырэнне папуляцый, прычыны гібелі ў прыродзе, шляхі пераносу птушкамі паразітаў і ўзбуджальнікаў хвароб, вывучаюць пытанні аховы птушак у асобных рэгіёнах і ў сусв. маштабе і інш. З 1963 дзейнічае Еўрап. саюз па К. п. — EURING (Нідэрланды), які каардынуе дзейнасць нац. цэнтраў кальцавання. К. п. на Беларусі кіруе Бел. цэнтр пры Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі.

М.Я.Нікіфараў.

Да арт. Кальцаванне птушак нажныя кольцы.

т. 7, с. 492

КАЛЬЦАВО́Е РАДО́ВІШЧА ГЛІН,

у Віцебскім р-не, каля в. Пушча, каля кальцавой дарогі. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі паазерскага ледавіка. Гліны бурыя, чырвона-бурыя і карычневыя, шчыльныя, вязкія, высокапластычныя, з тонкімі пясчанымі праслойкамі і ўключэннямі жвіру. Разведаныя запасы 8,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,2 м, ускрышы (пяскі, марэнныя супескі) 0,1—3,5 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць керамзітавага жвіру.

А.П.Шчураў.

т. 7, с. 492

КАЛЬЦАВЫ́ ЛА́ЗЕР,

квантавы генератар з кальцавым рэзанатарам у форме многавугольніка з адбівальнымі люстэркамі ў яго вяршынях. Выкарыстоўваецца ў якасці адчувальнага элемента квантавых гіраскопаў. К. л. адчувальны да вярчэння вакол восі, перпендыкулярнай да плоскасці рэзанатара; дазваляе вывучаць канкурэнцыю сустрэчных хваль, сінхранізацыю іх частот, параметрычны рэзананс, квантаванне частаты біццяў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К. л. праводзяцца з 1965 у Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, БПА.

Літ.:

Круглик Г.С. Квантово-статистическая теория кольцевых ОКГ. Мн., 1978.

Г. С.Круглік.

т. 7, с. 493

КАЛЬЦА́ТЫ (Аркадзь Мікалаевіч) (н. 14.9.1905, С.-Пецярбург),

расійскі і бел. кінааператар. Засл. арг. Беларусі (1935). У 1927—35 на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Удзельнічаў у здымках фільмаў «Джэнтэльмен і певень», «Хвоі гамоняць» (1929). Аператар бел. фільмаў «Рубікон» (1931), «Ураган» (1932), «Гонар свету» (1933), «Першы ўзвод» (1933, з Б.Рабавым), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Шлях карабля» (1935, з Е.Менгдэнам і М.Тэйтэльбаўмам). Сярод фільмаў на інш. кінастудыях: «Дзеці капітана Гранта» (1936), «Карнавальная ноч» (1956) і інш. З 1963 выступае як рэжысёр. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951, 1952.

т. 7, с. 493

КАЛЬЦО́,

стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.Купалы, М.Багдановіча, П.Панчанкі, апавяданнях М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Стральцова і інш.

В.П.Рагойша, Я.І.Клімуць.

т. 7, с. 493