ГАРА́ЧКІН Віктар Георгіевіч
(29.3.1894, г. Яраслаўль, Расія — 9.4.1962),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі тарфяной вытв-сці. Чл.-кар. АН БССР (1940), д-р тэхн. н. (1954), праф. (1934). Скончыў Пятроўскую (цяпер Ціміразеўская) с.-г. акадэмію (1918). З 1930 у Маскоўскім тарфяным ін-це. Адначасова з 1926 кансультант Ін-та прам-сці, выкладчык БПІ, навук. супрацоўнік Ін-та торфу АН БССР. У 1952—56 у Ін-це торфу АН БССР. Навук. працы па тэхналогіі тарфяной вытв-сці.
Тв.:
Основы проектирования торфяных хозяйств. М., 1926;
Технология добычи и сушки торфа. 2 изд. М.; Л., 1948;
Основы технологии торфяного производства. М.; Л., 1953.
т. 5, с. 52
ГАРА́ЧЫ Эдуард Мікалаевіч
(н. 19.10.1936, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (да 1961), Магілёўскім абл. драм. т-ры (1963—64). З 1965 у Рускім акад. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівыя дакладная распрацоўка малюнка ролі, стрыманасць і адначасова эмацыянальнасць, знешняя характарнасць, дасканалае валоданне сцэн. тэхнікай. Сярод лепшых роляў: Лявон («Знак бяды» паводле В.Быкава), Ігнат Крывіч («Соль» А.Петрашкевіча), Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Конь, Васіль Дасцігаеў, Кастылёў («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Іван Афанасьеў («Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага), Хрыстафор Блахін («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Рос, Гарацыо («Макбет», «Гамлет» У.Шэкспіра), Энгстран («Здані» Г.Ібсена).
т. 5, с. 53
ГАРАЧЫКІ,
бел. памінальная страва. Пяклі з прэснага мучнога цеста ў форме галушкі (звычайна тры). Кожны, хто прысутнічаў на памінках, адломліваў па кавалачку (адсюль праклён: «Каб па табе гарачыкі напяклі»). Елі з сытою, цёртым макам. Вядома на Усх. Палессі.
т. 5, с. 53
ГАРА́ЧЫ БОР,
балота ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., у вадазборы р. Котра. Нізіннага (93%) і вярховага тыпаў. Пл. 6,3 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,5 тыс. га. Глыб. торфу да 5 м, сярэдняя 1,3 м. Амаль на ўсёй пл. ёсць падсцілачны торф і сапрапель. Балота часткова асушана. На неасушанай ч. пераважае разнатраўная асакова-сфагнавая расліннасць, на 2,3 тыс. га хваёвы лес.
т. 5, с. 53
ГАРА́ЧЫ КЛЮЧ,
Псекупс, бальнеалагічны курорт у Расійскай Федэрацыі (Краснадарскі край), за 65 км ад г. Краснадар у перадгор’ях Вял. Каўказа. Узнік у канцы 19 ст. ў даліне р. Псекупс (прыток Кубані) на базе крыніц мінер. вод — тэрмальных (да 60 °C), якія выкарыстоўваюць на лячэнне хвароб органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы, гінекалагічных, і з больш нізкай тэмпературай, што ідуць на лячэнне і бальнеалагічныя працэдуры пры захворваннях органаў стрававання. Санаторна-прафілактычныя ўстановы, пансіянаты, базы адпачынку.
Літ.:
Лебеденко Г.Б. Лечение на курорте Горячий ключ. Краснодар, 1982.
т. 5, с. 53
ГАРА́ЧЫ ПО́ЯС,
сукупнасць геагр. паясоў з найб. высокімі т-рамі паветра. Уключае экватарыяльны пояс, субэкватарыяльныя паясы, трапічныя паясы. Межы гарачага пояса ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях звычайна праводзяць па сярэднегадавых ізатэрмах 20 °C, якія прыкладна супадаюць з 30° паўн. і паўд. шыраты.
т. 5, с. 53
ГАРА́ЧЫ ПУНКТ,
у тэктоніцы, участак зямной паверхні з надзвычайна высокай актыўнасцю вулканізму (сучаснага або ў геал. мінулым). Узнікае ў выніку лакальнага пад’ёму мантыйнага рэчыва (гл. Мантыйны плюм). У гэтых пунктах адбываецца станчэнне і разагрэў зямной кары. Бываюць унутрыплітныя (Гавайскія а-вы) і на дывергентных граніцах пліт (в-аў Ісландыя). Пад гарачым пунктам разумеюць таксама ўчастак унутры мантыі, дзе т-ра вышэй за сярэднюю.
т. 5, с. 53
ГАРА́ ТАВА́РНАЯ,
радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу каля в. Перкавічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Паклад з 3 лінзаў у канцовамарэнных адкладах сярэднеплейстацэнавага зледзянення. Разведаныя запасы больш за 15 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—24,2 м, ускрышы 0,2—9,5 м. Пяскі прыдатныя на буд. растворы, жвір — на выраб бетону.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 37
ГА́РБА
(Garbo) Грэта [сапр. Густаф-сан (Gustafsson) Грэта Лавіса; 18.9.1905, Стакгольм — 15.4.1990], амерыканская кінаактрыса шведскага паходжання. Вучылася ў Каралеўскай акадэміі тэатр. мастацтваў у Стакгольме. З 1923 здымалася ў кіно, з 1926 у Галівудзе. Буйнейшая трагічная актрыса ў гісторыі кінематографа. Вобразы, створаныя Гарбай, адметныя драматызмам, псіхал. глыбінёй. Шчырасць і сардэчнасць ігры актрысы, прыродная абаяльнасць прынеслі ёй сусв. вядомасць. Сярод фільмаў: «Чароўная жанчына» (1928),
«Каралева Крысціна» (1933), «Ганна Карэніна» (1935), «Дама з камеліямі» (1937). З 1941 не здымалася. У 1954 атрымала спец. прэмію «Оскар».
т. 5, с. 53
ГАРБАВІ́ЧЫ,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Ненач. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі раённага аб’яднання «Сельгасхімія». За 13 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Калінкавічы, 135 км ад Гомеля. 465 ж., 196 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 5, с. 53