ГАРА́ЧЫ Эдуард Мікалаевіч
(н. 19.10.1936, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (да 1961), Магілёўскім абл. драм. т-ры (1963—64). З 1965 у Рускім акад. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівыя дакладная распрацоўка малюнка ролі, стрыманасць і адначасова эмацыянальнасць, знешняя характарнасць, дасканалае валоданне сцэн. тэхнікай. Сярод лепшых роляў: Лявон («Знак бяды» паводле В.Быкава), Ігнат Крывіч («Соль» А.Петрашкевіча), Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Конь, Васіль Дасцігаеў, Кастылёў («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Іван Афанасьеў («Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.Меражкоўскага), Хрыстафор Блахін («Казкі старога Арбата» А.Арбузава), Рос, Гарацыо («Макбет», «Гамлет» У.Шэкспіра), Энгстран («Здані» Г.Ібсена).
т. 5, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)