КАВАЛЬЧУ́К (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 2.2.1929, г. Гомель),
бел. спявак (цэнтр. бас). Засл. арт. Беларусі (1968). Спяваць пачаў у Ансамблі песні і танца Палаца культуры чыгуначнікаў (г. Гомель). У 1952—96 саліст Дзярж. акад. нар. хору Рэспублікі Беларусь. Валодае моцным, прыгожым, ад прыроды пастаўленым голасам. Упершыню выканаў многія творы бел. кампазітараў (адзін з лепшых выканаўцаў песні «Нёман» Н.Сакалоўскага).
т. 7, с. 398
КАВА́ЛЬЧЫК (Міхаіл Станіслававіч) (н. 12.8.1943, в. Падлясейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971), стажыраваўся ў Вял. драм. т-ры ў Ленінградзе. Працаваў рэжысёрам у драм. т-рах: Брэсцкім абл. (1971—75), Дзярж. рускім Беларусі (1976—82), гал. рэжысёрам Магілёўскага абл. т-ра драмы і камедыі ў Бабруйску (1982—88). К. характэрна псіхал. распрацоўка сцэн. характараў, імкненне да яркай выразнай формы спектакля. Сярод пастановак: «На бойкім месцы» А.Астроўскага, «Дама-невідзімка» П.Кальдэрона (абедзве 1972), «Таблетку пад язык» А.Макаёнка, «Званіце і прыязджайце» паводле А.Алексіна (абедзве 1972), «Лазня» У.Маякоўскага (1974), «Амаральная гісторыя» Э.Брагіяскага і Э.Разанава (1979), «Апошні тэрмін» паводле В.Распуціна (1980), «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1981), «Лесвіца ў неба» паводле М.Слуцкіса (1982), «Злавеснае рэха» А.Петрашкевіча (1984), «Чалавек і джэнтльмен» Э. дэ Філіпа (1987), «Як цары жылі» А.Кудраўцава (1988) і інш.
Г.Р.Герштэйн.
т. 7, с. 398
КАВАЛЮ́К (Аўгіння) (сапр. Сідаровіч Яўгенія Трафімаўна; н. 13.3.1934, в. Стральцы Гродзенскага р-на),
бел. паэтэса, перакладчыца. Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1959). Працавала настаўніцай у Рызе (1959—78), у Міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі спецыялістаў нар. гаспадаркі Латвіі (1978—82). З 1987 настаўнічае ў С.-Пецярбургу. Друкуецца з 1952. У зб-ках паэзіі «Белае дзіва» (1964, для дзяцей), «Маўклівыя скарбы» (1966), «Кропля бурштыну» (1974), «Імгненняў след» (1987) раскрывае драматызм чалавечых узаемаадносін, пачуццяў кахання, мацярынства, любоў да роднага краю, маральна-этычныя праблемы.
т. 7, с. 398
КАВАЛЯРО́ВІЧ ((Kawalerowicz) Ежы) (н. 19.1.1922, г.п. Гваздзец Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),
польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Скончыў кінаінстытут (1946) і Акадэмію прыгожых мастацтваў (1948) у Кракаве. Дэбютаваў у кіно ў 1952. Сярод фільмаў: кінадылогія «Цэлюлоза» (у сав. пракаце «Дарогі жыцця») і «Пад фрыгійскай зоркай» (1954, паводле І.Неверлі), «Маці Іаана ад анёлаў» (1961, паводле Я.Івашкевіча), «Фараон» (1965, паводле Б.Пруса), «Смерць прэзідэнта» (1977), «Карчма» (1982, паводле Ю.Стрыйкоўскага), «Палоннік Еўропы» (1989, паводле Ю.Данкоўскага). Дзярж. прэміі Польшчы 1954, 1966.
Н.К.Мазоўка.
т. 7, с. 399
КАВА́РСКІ ((Kowarski) Феліцыян Шчэнсны) (8.9.1890, г. Старасельцы, цяпер у межах Беластока, Польшча — 22.9.194 8),
польскі мастак. Заснавальнік польскай школы манум. жывапісу. Вучыўся ў Адэсе (1908—10) і Пецярбургскай АМ (1910—18). Праф. АМ у Кракаве (1923—29), Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве (з 1930). Аўтар вял. шматфігурных кампазіцый, партрэтаў, пейзажаў, нацюрмортаў, якія вызначаюцца багатай фактурай. Займаўся насценным жывапісам, скульптурай, літаграфіяй. У творчасці яднаў прынцыпы класічнай формы з рамант. адчуваннем прыроды, імкнуўся да манум. і сінт. трактовак, прастаты і сілы выяўлення. Асн. творы: плафон залы «Пад птушкамі» ў Вавелі (1929), «Вандроўнікі» (1930), «Нацыянальны ўрад 1863» (1937), праект скульпт.-керамічнага афармлення Гал. вакзала ў Варшаве (1938), «Бежанцы» (1942), «Галава яўрэйкі» (1946), «Электра» (1947), скульптуры «Марат» (1944), «Сірыйская мадонна» (1948).
Н.К.Мазоўка.
т. 7, с. 399
КАВАРЫЯ́НТНАСЦЬ,
форма запісу фіз. велічынь і ўраўненняў фіз. тэорыі. Гл. ў арт. Інварыянтнасць.
т. 7, с. 399
КАВАРЫЯ́НТНЫЯ МЕ́ТАДЫ ў оптыцы,
прамыя бескаардынатныя метады апісання розных фіз. з’яў, заснаваныя на выкарыстанні вектарна-тэнзарнага злічэння і лінейнай алгебры. К.м. прынцыпова не патрабуюць выбару канкрэтнай сістэмы каардынат, што значна спрашчае форму запісу матэм. суадносін і надае ім агульны характар. Распрацаваны ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава.
На аснове К.м. прапанаваны арыгінальны падыход да апісання палярызацыі святла, каварыянтная фармулёўка законаў адбіцця і пераламлення святла; вывучаны аптычныя ўласцівасці паглынальных і магнітных крышталёў; выяўлены асн. заканамернасці ў оптыцы гіратропных асяроддзяў. З дапамогай К.м. дадзена малекулярнае абгрунтаванне адбіцця і пераламлення святла (Б.А.Соцкі), пабудавана тэорыя неаднародных хваль, прадказаны Фёдарава зрух.
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Яго ж. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;
Яго ж. Теория гиротропии. Мн., 1976.
М.С.Пятроў.
т. 7, с. 399
КА́ВАС (Катэрына Альбертавіч) (30.10.1775, г. Венецыя, Італія — 10.5.1840),
расійскі кампазітар, дырыжор. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Ф.Б’янкі. З 1799 служыў пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. З 1806 капельмайстар рус. оперы, з 1822 інспектар прыдворных аркестраў. З 1832 «дырэктар музыкі» імператарскіх т-раў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё рус. муз. т-ра. Сярод твораў (больш за 50): оперы «Ілья-волат» (1806), «Іван Сусанін» (1815), опера-вадэвіль «Казак-вершатворац» (1812); балеты «Зефір і Флора» (1808), «Амур і Псіхея» (1809), «Ацыс і Галатэя» (1816), «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» паводле А.Пушкіна (1823); патрыят. балеты-дывертысменты.
Літ.:
Сычева О. Кавос и русский музыкальный театр первой трети XIX в. // Стилевые особенности русской музыки XIX—XX вв. Л., 1983.
т. 7, с. 399