Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАБЫ́ЛЬНІЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі атрада імя Суворава брыгады імя Варашылава і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Кабыльнік (цяпер в. Нарач) Мядзельскага р-на ў Вял. Айч. вайну 8.10.1942. Гарнізон налічваў больш за 100 гітлераўцаў, добра ўзброены. План аперацыі распрацаваў і кіраваў боем камандзір атрада Ф.Р.Маркаў. У выніку 2-гадзіннага бою партызаны падавілі агнявыя пункты ворага, спалілі будынкі вакзала, валасной і паліцэйскай упраў, жандармерыі, склад ваен. маёмасці, знішчылі 8 грузавых і 1 легкавую аўтамашыну, шмат жывой сілы ворага.

т. 7, с. 389

КАБЫЛЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА.

На Пн Гомельскага, З Веткаўскага і Пд Буда-Кашалёўскага р-наў Гомельскай вобл., у вадазборы р. Сож. Нізіннага тыпу. Пл. 6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,5 тыс. га. Глыб. торфу да 5,4 м, сярэдняя 2 м. На асушаных участках вырошчваюць пераважна шматгадовыя травы. Неасушаныя ўчасткі пад хмызнякамі і асокамі выкарыстоўваюцца пад сенажаць. Трапляюцца пясчаныя астравы і грады.

т. 7, с. 389

КАБЫЛЯ́НСКАЯ (Вольга Юльянаўна) (27.11.1863, г. Гура-Гумарулуй, Румынія —21.3.1942),

украінская пісьменніца. Скончыла 4-класную ням. школу, займалася самаадукацыяй. Раннія творы (на ням. мове) прысвечаны эмансіпацыі жанчын. У сац.-псіхал. аповесцях «Чалавек» (1894), «Царэўна» (1896), «Зямля» (1902), «У нядзелю рана зелле капала...» (1909), апавяданнях «Ён і Яна» і інш. выкрывала мяшчанства, прыстасавальніцтва, сац. прычыны збяднення і бяспраўя сялянства Букавіны, узнімала пытанні чалавечай годнасці. Падзеі 1-й сусв. вайны адлюстравала ў апавяданнях «Ліст засуджанага салдата да свае жонкі», «Юда», «Насустрач долі», «Сніцца», «Звар’яцеў». Выступала пераважна як рэаліст, у асобных творах праявіліся рысы мадэрнізму. Аповесці «Ніёба», «Цераз кладку» (абедзве 1905), «За сітуацыямі» (1913), раман «Апостал чэрні» (1926) пра жыццё інтэлігентаў-жанчын і духавенства, іх барацьбу за сац. і нац. вызваленне. Асобныя творы К. экранізаваны і інсцэніраваны.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. КиїВ, 1962—63;

Твори. Т. 1—2, Київ, 1983;

Рус. пер. — Избранное. М., 1953.

Літ.:

Погребенник Ф.П. Ольга Кобылянська. Київ, 1988.

В.​А.​Чабаненка.

т. 7, с. 389