Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБАРО́НА ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЯ,

абарона дзяржавай сваіх грамадзян пры парушэнні іх правоў і інтарэсаў у замежнай дзяржаве. Ажыццяўляецца праз дыпламат. і консульскія прадстаўніцтвы за мяжой. Рэгулюецца міжнар. пагадненнямі, двухбаковымі консульскімі канвенцыямі і нац. Заканадаўствам. Абарону і заступніцтва грамадзян Беларусі на яе тэр. і за межамі дзяржавы гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

т. 1, с. 14

АБАРО́НА СУДО́ВАЯ,

сукупнасць працэсуальных гарантаваных законам дзеянняў, накіраваных на ахову правоў і інтарэсаў грамадзян. У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца судом праз дакладна рэгламентаваны парадак разгляду спраў, бакам даюцца аднолькавыя магчымасці ў працэсе. Грамадзяне маюць права абскарджваць у судзе неправамерныя дзеянні органаў дзярж. кіравання і службовых асоб, у касацыйным парадку суд. пастановы, абараняць сваю маёмасць і асобу і інш.

т. 1, с. 14

АБАРО́НЧЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

штучныя перашкоды, прызначаныя для доўгатэрміновай абароны нас. пункта ці пэўнай тэрыторыі ад праціўніка.

Найб. стараж. абарончыя збудаванні — агароджы з дрэва, зямлі ці камянёў, равы, валы. У Стараж. Рыме стваралі ўмацаваныя ваен. пасяленні — лагеры. На ўскраінах Рым. імперыі будавалі т.зв. рымскія валы (Адрыянаў вал, Антанінаў вал, Траянаў вал). Разнастайныя тыпы абарончых збудаванняў ствараліся ў сярэднявеччы: для абароны замкаў, манастыроў (земляныя валы, равы, крапасныя драўляныя і мураваныя сцены, вежы з байніцамі і машыкулямі, брамы з герсамі, барбаканы), аховы вял. тэрыторый (Вялікая Кітайская сцяна, «Вялікая засечная мяжа» на паўд. межах Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. і інш.). Своеасаблівыя тыпы абарончых збудаванняў — дзядзінец, крэмль, замак.

Першыя абарончыя збудаванні на тэр. Беларусі — гарадзішчы, з’явіліся ў жал. веку (7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.). Паступова яны ўскладняліся ад простых драўляных агароджаў па краях да шматрадных драўляна-земляных умацаванняў. З развіццём гарадоў (9—13 ст.) гал. Абарончымі збудаваннямі сталі равы, драўляныя сцены і вежы (Полацк, Тураў, Віцебск, Мінск). У 12 ст. з’явіліся мураваныя вежы з выкарыстаннем у муроўцы валуноў (Гродна). З пераходам да тактыкі прамога штурму і аблогі ў 13 ст. сфарміравалася новая сістэма абароны горада, у аснове якой была вежа-данжон у драўляным ці мураваным замку (гл. Навагрудскія замкі, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш.). У сярэдзіне 16 ст. з пашырэннем агнястрэльнай зброі ствараліся замкавыя комплексы (Мірскі замак, Нясвіжскі замак), узнікла фартыфікацыя, удасканальваліся традыц. драўляна-земляныя ўмацаванні. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Слуцку, Брэсце, Рэчыцы і інш. існавала некалькі ліній абароны, якія ахоплівалі цэнтр горада і пасады. Абарончыя прыстасаванні мелі многія грамадзянскія збудаванні — ратушы, сядзібы, дамы-крэпасці, а таксама цэрквы, касцёлы, кляштары, манастыры, сінагогі. Іх сцены будаваліся высокія і тоўстыя, па кутах будынкаў ці над уваходам ставіліся баявыя вежы з байніцамі, уваходы дадаткова засцерагаліся бабінцамі, каванымі дзвярыма, пад’ёмнымі кратамі-герсамі. Вакол будынкаў узводзіліся валы з драўлянымі ці мураванымі сценамі, вежамі або бастыёнамі. Адзін з першых умацаваных храмаў на Беларусі — Полацкі Сафійскі сабор. Аналагічнымі абарончымі храмамі былі Супрасльская царква-крэпасць, Сынкавіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць, Камайскі касцёл і інш. У 19 ст. ўзніклі фортавыя абарончыя збудаванні (гл. Крэпасць) з вынесенымі на 1—2 км наперад ад цэнтр. ўмацавання фортамі (Брэсцкая крэпасць, Бабруйская крэпасць). У 1-й пал. 20 ст. ствараліся ўмацаваныя раёны і палосы абароны (напр., Беларуская прыгранічная паласа абароны).

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Яго ж. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

М.А.Ткачоў.

т. 1, с. 14

АБАРО́ТНАЕ ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

сістэма водазабеспячэння на прадпрыемствах, пры якой адбываецца шматразовы абарот вады ў тэхнал. працэсе пры абмежаваным яе скідванні ў вадаёмы (да 3%) ці інш. водапрыёмнікі. Перад паўторным выкарыстаннем адпрацаваную ваду ачышчаюць, ахалоджваюць і апрацоўваюць залежна ад мэтаў вытв-сці ў адкрытых вадаёмах, градзірнях, басейнах пырскальных, ачышчальных устаноўках. Выкарыстанне абаротнага водазабеспячэння замест праматочнага змяншае расход вады, эксплуатац. выдаткі, забруджванне навакольнага асяроддзя.

т. 1, с. 15

АБАРО́ТНЫЯ СРО́ДКІ,

грашовыя сродкі, прызначаныя на ўтварэнне абаротных вытв. фондаў і фондаў абарачэння. Адна іх частка дзейнічае ў вытв. сферы і набывае форму вытв. запасаў, незавершанай вытворчасці і наступных затрат, другая абслугоўвае сферу абарачэння і набывае форму гатовых вырабаў, грашовых сродкаў і сродкаў у разліках. Асн. крыніца фарміравання першых — даход (прыбытак), другіх — кароткатэрміновы крэдыт. Эфектыўнасць выкарыстання абаротных сродкаў характарызуецца колькасцю абаротаў (каэфіцыентам абарачэння) і працягласцю аднаго абароту (хуткасцю абароту).

Колькасць абаротаў вызначаецца па формуле Ка=РП:А, дзе РП — аб’ём рэалізаванай прадукцыі за дадзены перыяд, А — сярэднегадавая сума абаротных сродкаў за гэты ж перыяд. Хуткасць абароту (у днях) вызначаецца па формуле: Ха=Д:Ка, дзе Д — колькасць дзён у перыядзе. Паскарэнне абарачальнасці абаротных сродкаў — адна з важных умоў эканоміі сродкаў, павышэння эфектыўнасці вытв-сці.

т. 1, с. 15

АБАРО́ТНЫЯ ФО́НДЫ,

частка вытворчых фондаў прадпрыемства, якая цалкам расходуецца ў вытв. цыкле і цалкам пераносіць сваю вартасць на новы прадукт. Матэрыяльна-рэчыўную аснову абаротных фондаў складаюць прадметы працы (матэрыялы, сыравіна і інш.), што знаходзяцца на складах у выглядзе вытворчых запасаў і незавершанай вытв-сці. У рыначнай эканоміцы абаротныя фонды — пастаянная частка абаротнага капіталу.

т. 1, с. 15

АБАРО́ТНЫ КАПІТА́Л,

частка пастаяннага прадукцыйнага капіталу, вартасць якога ў працэсе яго вытв. расходавання цалкам пераносіцца на прадукт і цалкам вяртаецца да прадпрымальніка ў грашовай форме ў канцы кожнага кругаабароту капіталу. Да абаротнага капіталу адносіцца капітал, авансаваны на куплю сыравіны, паліва, дапаможных матэрыялаў і інш. прадметаў працы, а таксама пераменны капітал. Абаротны капітал абарачаецца хутчэй за асноўны капітал. Чым большая доля абаротнага капіталу ў авансаваным капітале, тым меншы час абароту ўсяго капіталу і большы прыбытак.

т. 1, с. 15

АБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,

працэс узнаўлення руху ўсяго авансаванага капіталу, які бясконца паўтараецца. Не супадае з кругаабаротам капіталу. Поўны абарот капіталу адбываецца толькі тады, калі ў грашовай форме вяртаецца авансаваная вартасць асноўнага капіталу і ён аднаўляе сваю матэрыяльную форму. Таму абарот капіталу ахоплівае некалькі кругаабаротаў капіталу. Час, на працягу якога авансаваны ў грашовай форме капітал вяртаецца ў той жа форме да прадпрымальніка, наз. часам абаротам капіталу. Адзінкай вымярэння абароту капіталу служыць год. Хуткасць абароту капіталу вызначаецца па формуле: n = A a , дзе n — колькасць абаротаў, A — адзінка вымярэння, a — час абароту індывід. капіталу. Хуткасць абароту капіталу — паказчык жыццяздольнасці капіталу. На яе ўплываюць час вытв-сці і час абарачэння, а таксама суадносіны асн. і абаротнага капіталу ў авансаваным капітале.

т. 1, с. 15

АБАРЫГЕ́НЫ

(лац. Aborigines ад ab origine ад пачатку),

1) карэнныя насельнікі (людзі, жывёлы, расліны) краіны ці якой-н. мясцовасці. Паводле стараж.-рым. паданняў, абарыгенамі наз. племя, якое жыло каля падножжа Апенін.

2) У біялогіі тое, што аўтахтоны.

т. 1, с. 15

АБА́С Хаджа Ахмад

(7.6.1914, г. Паніпат, Індыя — 1987),

індыйскі кінарэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік. Скончыў Алігархскі мусульманскі ун-т. Удзельнік стварэння Асацыяцыі нар. т-раў Індыі (1943). Пастаноўшчык маст. фільмаў «Незвычайнае здарэнне», «Іншаземец» (з рэж. В.Проніным, у сав. пракаце «Хаджэнне за тры моры»), «Дзве кроплі вады» і інш. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Бессмяротная гісторыя доктара Котніса», «Бадзяга», «Пан 420» (абодва ў сааўт.), сац. раманаў «Заўтра належыць нам» (1945), «Крывавы шлях» (1980) і інш.

т. 1, с. 15