Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАРАДЗІ́ШЧАНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1662—1865 у в. Гарадзішча (цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл.). Засн. трокскім ваяводам Я.Копацем, які ў якасці фундушу даў фальваркі з в. Бышляк, Бяла, Волька, Гарадзішча, Заазер’е, Купяцічы, Любель, Селішча, Сошна, Цёлкавічы (у 1818 у іх было 350 сялян). У ансамбль кляштара ўваходзілі мураваныя касцёл, 2-павярховы жылы корпус, званіца, кузня, бровар, крама, флігель, калодзеж. Касцёл св. Ганны пабудаваны ў 1774, меў разьбяныя алтары, амбон і інш., сцены і скляпенні аздоблены размалёўкамі. У школе пры кляштары ў пач. 19 ст. навучалася 15 шляхецкіх дзяцей, працавала сталярная майстэрня, у б-цы было 1574 кнігі (1829). У 1865 кляштар скасаваны, касцёл закрыты. У 1910 касцёл зноў дзеючы, у 1944 разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Захаваўся жылы корпус.

А.А.Ярашэвіч.

т. 5, с. 42

ГАРАДЗІ́ШЧАНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у Баранавіцкай вобл., з 8.1.1954 у Брэсцкай вобл. Цэнтр — г.п. Гарадзішча. Пл. 800 км², 135 нас. пунктаў (1947). Падзяляўся на 18 сельсаветаў. Скасаваны 25.12.1962, яго тэр. ўвайшла ў склад Баранавіцкага раёна.

т. 5, с. 42

ГАРАДЗЯНЕ́Ц,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Выдрыца, за 17 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,2 км², даўж. 650 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 1,78 км. Схілы катлавіны выш. да 10 м, разараныя, на Пд і У выш. да 15 м, пад лесам. Берагі высокія, на Пд і У зліваюцца са схіламі. Злучана ручаём з воз. Вербна.

т. 5, с. 42

ГАРАДКІ́,

руская нар. спартыўная гульня. Бітамі (палкі даўж. Да 1 м) неабходна выбіць з горада (пляцоўка 2 х 2 м) 5 гарадкоў (цуркі даўж. 20 см, дыяметрам 5 см), складзеных у выглядзе розных фігур (звычайна ў партыі іх 15). Біты кідаюць з пэўнай адлегласці (кон — 13 м, паўкон — 6,5 м). Перамагае спартсмен ці каманда, што затрацілі на выбіванне фігур найменшую колькасць біт. Камандныя спаборніцтвы складаюцца з 3—5 партый, у асабістым першынстве спартсмены на працягу 3 тураў выбіваюць 90 фігур (па 30 у кожным). Фіксуюцца рэкорды на выбіванне 15, 30, 45, 60, 90 фігур.

Зарадзіліся гарадкі ў 1820-я г. ў Расіі і на Украіне. Правілы распрацаваны ў 1923. На Беларусі спарт. гарадкі развіваюцца з 1924, чэмпіянаты рэспублікі з 1949, найб. актыўна з 1960-х г. Каманда Беларусі бронзавы прызёр Кубка Еўропы 1994, А.Ярашэвіч — чэмпіён Еўропы 1996. З 1993 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гарадошнага спорту (штаб-кватэра ў Мінску).

В.Л.Працкайла.

т. 5, с. 42

ГАРАДНА́Я,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на З ад г. Столін, 240 км ад Брэста, 25 км ад чыг. ст. Гарынь. 1483 ж., 530 двароў (1996).

Вядома з 1448. Цэнтр ганчарнай вытв-сці (гл. Гараднянская кераміка). У час антыфеад. вайны 1648—51 спалена татарамі. З 1670 (паводле інш. крыніц з 1579) мела магдэбургскае права і герб (пацверджаны ў 1792). З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1803 сяляне Гарадной дамагліся вызвалення ад прыгоннай залежнасці і пераведзены ў разрад дзярж. сялян. У 1909 — 6728 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Столінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Столінскага р-на. У 1970 — 1965 жыхароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (18 ст.). Каля вёскі — гарадзішча і паселішча бронзавага веку (15—11 ст. да н.э.).

т. 5, с. 42

ГАРАДНА́Я,

радовішча тугаплаўкіх глін каля в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад азёрных глін палеаген-неагенавага ўзросту. Гліны шэрыя і чорныя, дысперсныя, высокапластычныя, тугаплаўкія. Разведаныя запасы больш за 9 млн. м³, перспектыўныя 2,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—10,6 м, ускрышы 0,2—5,7 м. Гліны прыдатныя на выраб сценавых і абліцовачных блокаў, каналізацыйных труб, цэглы, як фармовачны матэрыял. Распрацоўваецца з 1979. Сыравінная база з-да абліцовачнай керамікі «Гарынь».

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 42

ГАРАДНА́Я,

радовішча фармовачных і шкловых пяскоў каля в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад кварцавых пяскоў алігацэнавага ўзросту. Разведаныя запасы больш за 15 млн. м³, у т. л. шкловых — больш за 8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—17,7 м, ускрышы 0,2—7,4 м. Пяскі прыдатныя на выраб высакаякаснага ліставога шкла, посуду, для ліцейнай вытв-сці.

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 42

ГАРАДНІ́ЦА,

помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. Комплекс пабудаваны па ініцыятыве А.Тызенгаўза ў 1765—85 у в. Гарадніца (побач з г. Гродна, цяпер у межах горада) з мэтай стварэння буйнога культ.-прамысл. цэнтра на 1500 жыхароў (1765—74, архітэктары І.Мёзер, 1774—85 — Дж.Сака). Уключала 85 будынкаў рознага прызначэння, згрупаваных вакол плошчаў, абапал вуліц і завулкаў. Пры забудове ўпершыню ў гісторыі горадабудаўніцтва Беларусі выкарыстаны тыпавыя праекты, уніфікаваныя канстр. прыёмы, высокія тэмпы буд-ва. У аснове праекта — планіровачныя прынцыпы барока. Большасць будынкаў мела фахверкавую канструкцыю, т.зв. «прускі мур». Забудова складалася з трох асобных, рэгулярна спланаваных зон: адм.-культ., навучальнай, вытв.-жылой. У комплекс Гарадніца ўваходзілі: Гродзенскі дом віцэ-адміністратара, Гродзенскі палац адміністратара, Гродзенскі палац Тызенгаўза, муз. школа, вет. школа, т-р, бат. сад, мануфактуры (суконная, шаўковая, зброевая, фарбавальная і інш.), 20 тыпавых жылых дамоў. Частка ўцалелых пабудоў Гарадніцы знаходзіцца ў працэсе рэстаўрацыі.

т. 5, с. 43

Гарадніцкі Аляксандр Майсеевіч

т. 18, кн. 1, с. 369

ГАРАДНІ́ЧЫ,

1) начальнік замка (горада) на Беларусі ў 15—18 ст. Прызначаўся ўрадам з мясц. шляхты. Наглядаў за буд-вам і рамонтам абарончых збудаванняў, забеспячэннем замка зброяй, боепрыпасамі, харчамі. Пры адсутнасці кашталяна або старосты ўзначальваў гарнізон замка, засядаў у замкавым (гродскім) судзе.

2) Прадстаўнік мясц. адміністрацыі ў Расіі ў 16 — сярэдзіне 19 ст. У 16—17 ст. наз. Гарадавы прыказчык. У 1775—1862 узначальваў адм.-паліцэйскую ўладу ў пав. горадзе. Пасада гараднічага скасавана ў 1862.

т. 5, с. 43