ГАРАДКІ́,
руская нар. спартыўная гульня. Бітамі (палкі даўж. Да 1 м) неабходна выбіць з горада (пляцоўка 2 х 2 м) 5 гарадкоў (цуркі даўж. 20 см, дыяметрам 5 см), складзеных у выглядзе розных фігур (звычайна ў партыі іх 15). Біты кідаюць з пэўнай адлегласці (кон — 13 м, паўкон — 6,5 м). Перамагае спартсмен ці каманда, што затрацілі на выбіванне фігур найменшую колькасць біт. Камандныя спаборніцтвы складаюцца з 3—5 партый, у асабістым першынстве спартсмены на працягу 3 тураў выбіваюць 90 фігур (па 30 у кожным). Фіксуюцца рэкорды на выбіванне 15, 30, 45, 60, 90 фігур.
Зарадзіліся гарадкі ў 1820-я г. ў Расіі і на Украіне. Правілы распрацаваны ў 1923. На Беларусі спарт. гарадкі развіваюцца з 1924, чэмпіянаты рэспублікі з 1949, найб. актыўна з 1960-х г. Каманда Беларусі бронзавы прызёр Кубка Еўропы 1994, А.Ярашэвіч — чэмпіён Еўропы 1996. З 1993 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гарадошнага спорту (штаб-кватэра ў Мінску).
В.Л.Працкайла.
т. 5, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)