залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.
Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.Колас).
звычаёвае права ў некаторых мусульманскіх народаў. Склаўся пры родаплемянных адносінах. Прызнае кроўную помсту, выкраданне нявест, мнагажонства, цялеснае пакаранне і інш.
вёска ў Беларусі, у Навасёлкаўскім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Шчара. Цэнтр калгаса «Адахаўшчына». За 23 км на Пн ад г. Ляхавічы, 211 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Баранавічы. 267 ж., 102 двары (1995). Цэхі па вырабе скур, швейны, сталярны. Школа-сад, клуб, бібліятэка.
ваенны дзеяч ВКЛ. Палкоўнік. Служыў у гусарскай харугве Х.Паца (1648). За свой кошт сфарміраваў харугву лёгкай кавалерыі, на чале якой змагаўся са шведамі ў Жамойці, Інфлянтах і Курляндыі (1655—60). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў палком, у 1660—61 на чале 15 харугваў удзельнічаў у баях супраць войска Далгарукага на тэр. Беларусі. Удзельнік канфедэрацыі супраць караля Яна II Казіміра, бітвы пад Кушлікамі 1661. Выступіў прыхільнікам замірэння з каралём. Загінуў у час узбр. сутычкі сярод канфедэратаў.
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат. З канца 1540-х г. адзін з кіраўнікоў Выбранай рады. У 1550-я г. давераная асоба цара Івана IV Грознага, кіраваў унутр. і знешняй палітыкай дзяржавы. Пры ўдзеле Адашава да Расіі далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы. У 1560 пасланы ваяводам у Лівонію. Прыхільнік экспансіі на У і Пд, Адашаў быў супраць актывізацыі Лівонскай вайны 1558—83. Трапіў у няміласць да цара, зняволены ў Юр’еве (цяпер Тарту), дзе і памёр.
бяленне, тэхналагічны працэс выдалення дамешкаў і знішчэння непажаданай натуральнай афарбоўкі матэрыялаў (натуральных і штучных валокнаў, паперы, воску, скуры, футра, пластычных мас і інш.) для надання ім белага колеру ці перад фарбаваннем. Хімічнае адбельванне ўключае папярэднюю апрацоўку матэрыялу хлорамінам, слабымі растворамі кіслот і шчолачаў або ферментатыўнымі прэпаратамі і наступнае ўздзеянне акісляльнікаў (гіпахларыту натрыю ці кальцыю, пераксіду вадароду, хларыту натрыю, перманганату калію) ці аднаўляльнікаў (сярністага газу, гідрасульфіту ці бісульфіту натрыю). Аптычнае адбельванне заснавана на дзеянні бясколерных флуарэсцыруючых арган. рэчываў — белафораў (вытворных стыльбену, аксазолу, імідазолу), якія ператвараюць УФ-выпрамяненне дзённага (сонечнага) святла ў сіне-фіялетавы колер бачнага святла і такім чынам кампенсуюць паглынанне святла забруджваннямі. Матэрыялы пры гэтым набываюць высокую ступень белізны, фарбаваныя — яркасць і кантрастнасць. Фатаграфічнае адбельванне — прамежкавая стадыя апрацоўкі каляровых і чорна-белых кіна- і фатаграфічных матэрыялаў, у выніку якой адбываецца акісленне метал. серабра відарыса акісляльнікамі (чырв. крывяная соль, біхрамат калію і інш.) у злучэнні белага колеру, што выдаляюцца пры далейшай апрацоўцы.
гліністыя горныя пароды з рэзка выражанымі ўласцівасцямі адсорбцыі. У мінулым шырока выкарыстоўваліся для адбельвання сукна (адсюль назва). Ачышчаюць розныя рэчывы (пераважна вадкасці) ад пігментаў, муці, смолаў, слізі і інш. прымесяў. Складаюцца ў асноўным з мантамарыланіту, сапаніту і інш. мінералаў. Трапляюцца пераважна ў адкладах мелавога, палеагенавага і неагенавага перыядаў, у месцах вулканічнай актыўнасці. Выкарыстоўваюць пры ачыстцы нафты і нафтапрадуктаў, алею, тлушчаў, сокаў, воцату, вінаў і інш. Як адсарбенты прыдатныя актывізаваныя стужкавыя гліны, якімі багатыя Віцебскі, Полацкі, Петрыкаўскі р-ны Беларусі.
полымная плавільная печ, у якой цеплыня перадаецца матэрыялу ад газападобных прадуктаў згарання паліва і выпрамянення ўнутранай паверхні гарачай вогнетрывалай абмуроўкі.
У бесперапынных адбівальных печах загрузка шыхты і выгрузка гатовых прадуктаў плаўкі ідуць на працягу ўсяго працэсу работы печы (напр., у вытв-сці шкла, пры рафінаванні свінцу). У садачных адбівальных печах шыхта загружаецца перыядычна, па заканчэнні працэсу ўся плаўка выгружаецца з печы (напр., выплаўка сталі ў мартэнаўскіх печах). Выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, вытв-сці шкла і інш.
адлюстраванне тэксту, графічнай інфармацыі на паперы, кардоне і інш. матэрыяле, атрыманае з друкарскай формы. Адрозніваюць адбіткі пробныя (для кантролю якасці) і тыражныя (прадукцыя, якая атрымліваецца з друкарскай машыны). Параўн.копія.
выкапнёвыя сляды існавання раслін і жывёл у слаях асадкавых парод, від акамянеласцяў. Звычайна ў выкапнёвым стане захоўваюцца адбіткі лісця, ствалоў, пладоў і інш. частак раслін, шкілетаў, панцыраў, радзей цэлых жывёлін. Утварыліся з рэшткаў пахаваных у асадках вадаёмаў і мінер. крыніц, дзюнных пясках, вулканічных туфах і магмах, каменным вугалі.
Бываюць афарбаваныя вокісламі жалеза або марганцу, часам пакрыты вуглістай, крамянёвай або жалезістай плёнкай. На Беларусі адбіткі раслін трапляюцца ў адкладах усіх раздзелаў фанеразою ў выглядзе адбіткаў лісця, пустот ад драўніны, шышак, пладоў, злепкаў дзеразападобных, членістасцябловых, папарацепадобных, рызоідаў, стыгмарыяў, адбіткі жывёл — у адкладах ад ардовіку да галацэну; трылабіты, губкі, каралы, ракападобныя, астракоды, малюскі, імшанкі, рыбы і інш. жывёлы. Адбіткі раслін даследуе палеабатаніка, адбіткі жывёл — палеазаалогія.
Да арт. Адбіткіраслін і жывёл: 1 — адбітак папараці з ніжняга мелу; 2 — маладыя і дарослыя трылабіты з кембрыйскіх адкладаў Сібіры.