ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПРЫГО́ННЫ КВАРТЭ́Т У.Г.КАСТРЫЁТА-СКАНДЭРБЕ́КА Існаваў у канцы 1840—50-я г. Створаны кампазітарам-аматарам У.Г.Кастрыёта-Скандэрбекам
(блізкі сябра М.Глінкі і А.Даргамыжскага) у яго маёнтку Гарадзец на Магілёўшчыне з прыгонных сялян, прафесійна падрыхтаваных ням. скрыпачом Бекерам. У склад квартэта ўваходзілі С.Іваноў (1-я скрыпка),
М.Міхайлаў (2-я скрыпка), В.Андрэеў (альт), К.Васільеў (віяланчэль). Ансамбль меў вял. рэпертуар. Пра высокі ўзровень яго выканальніцкага майстэрства сведчыць выкананне ўсіх 16 квартэтаў Л.Бетховена, апошнія з якіх — найскладанейшыя творы сусв. квартэтнай л-ры. Квартэт пад кіраўніцтвам свайго ўладара вёў шырокую канцэртную дзейнасць на Магілёўшчыне; у 1858 тройчы выступаў у Магілёве з выкананнем твораў В.А.Моцарта і Бетховена.
Літ.:
Skrobecki L. Korespondencia z Mohilewa nad Dnieprem // Ruch muzyczny. 1858. № 27.
А.Л.Капілаў.
т. 5, с. 40
ГАРАДЗЕ́ЦКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утвораны 17.7.1924 у складзе Бабруйскай акругі. Цэнтр — мястэчка Гарадзец. Пл. 500 км², 119 нас. пунктаў, 25 685 чал. (1925). Падзяляўся на 7 сельсаветаў. Скасаваны 4.8.1927, яго тэр. ўвайшла ў склад Рагачоўскага раёна.
т. 5, с. 40
ГАРАДЗЕ́ЧАНСКАЯ БІТВА 1812 Адбылася ў ходзе вайны 1812 31 ліп.
(12 жн.) каля вёсак Гарадзечна і Паддубна (цяпер Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.) паміж рус. 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасава і напалеонаўскімі карпусамі (аўстрыйскім К.Ф.Шварцэнберга і 7-м саксонскім Ж.Л.Рэнье). 25 ліп. (6 жн.) Шварцэнберг атрымаў загад Напалеона ўзначаліць усе войскі на паўд. напрамку і адкінуць рускіх на Валынь. У баях 27 ліп. (8 жн.) пад в. Сягневічы і 29 ліп. (10 жн.) у Пружанах аўстрыйцы і саксонцы разбілі рускія авангарды і выйшлі да Гарадзечна, куды 30 ліп. (11 жн.) падышла ўся армія Тармасава. На працягу дня 31 ліп. (12 жн.) рускія (каля 20 тыс. чал.),
заняўшы абарону на правым беразе ручая Гарадзечна, стрымлівалі атакі аўстра-саксонскага войска (каля 38 тыс. чал.). Увечары, калі Шварцэнберг перакінуў на правы фланг свежую кав. брыгаду, рускія пачалі адыход. Звесткі пра страты супярэчлівыя: кожны бок свае страты акрэслівае прыблізна ў 1,5 тыс. чал., а страты праціўніка ў 3—5 тыс. У выніку Гарадзечанскай бітвы рус. армія цалкам пакінула тэр. Гродзенскай губ. У памяць бітвы каля в. Паддубна ў 1912 пабудавана капліца (разбурана ў Вял. Айч. вайну), у 1962 пастаўлены абеліск.
В.В.Антонаў.
т. 5, с. 40
ГАРАДЗЕ́ЧНА,
назва р. Дахлоўка ў верхнім цячэнні.
т. 5, с. 40
ГАРАДЗЕ́ЧНА,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Валоўка, на аўтадарозе Навагрудак—Любча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 6 км на ПнУ ад г. Навагрудак, 168 км ад Гродна, 29 км ад чыг. ст. Наваельня. 506 ж., 179 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.
т. 5, с. 40
ГАРАДЗЕ́ЧНА,
вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г. Пружаны, 67 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 201 ж., 65 двароў (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1825).
т. 5, с. 40
ГАРАДЗЕ́Я,
гарадскі пасёлак у Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., на р. Гарадзейка. Чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы, на аўтадарозе Нясвіж—Навагрудак. За 14 км ад г. Нясвіж. 4,9 тыс. ж. (1996).
У 19 ст. вёска пад назвай Горная Гарадзея, цэнтр Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. Тут выраблялі галандскія сыры і прадавалі ў Маскву і Пецярбург. З 1869 працавала нар. вучылішча. У 1871 за паўвярсты ад вёскі на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы пабудавана станцыя Гарадзея. У 1886 у Гарадзеі 532 ж., 48 двароў, валасная ўправа, школа, крама, карчма. У 1897 — 719 ж., 17 крам, цукр. і піўныя склады, малітоўны дом. З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Нясвіжскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак у Нясвіжскім р-не, зліўся з чыг. станцыяй. У 1969 — 4,2 тыс. жыхароў.
Ільнозавод, цукр. камбінат, 2 сярэднія, муз. школы, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі.
т. 5, с. 40
ГАРАДЗІ́ЛАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. Раз’езд на чыг. лініі Маладзечна—Ліда. За 23 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 96 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Палачаны. 403 ж., 140 двароў (1996).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1443 як прыватнаўласніцкі маёнтак з касцёлам. У канцы 16 ст. ў Ашмянскім пав. ВКЛ. Належаў А.Фурсу, Астравухам, Гансеўскім, Коцелам, Свентаржыцкім, Ахматовічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Вілейскім пав. У 1866 пабудавана Феадосьеўская царква, працавала школа. Побач з вёскай выяўлены гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганы 9—10 ст., раскопкі якіх у 1854 праводзіў А.Кіркор. У 1906—07 Гарадзілава наведваў Я.Купала. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У 1970 — 225 ж., 51 двор.
Цэх па вырабе мясных прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Феадосьеўская царква.
т. 5, с. 40
ГАРАДЗІ́ШЧА,
Неграза, возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ладасна, за 16 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,8 км², даўж. 2,39 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 8,3 км². Схілы катлавіны выш. 6—8 м, разараныя. Берагі пясчаныя, выш. да 0,6 м, на З сплавінныя. На З прылягае хмызняковае балота. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей за 2 м дно сапрапелістае. Зарастае. На Пн выцякае ручай у воз. Ладасна.
т. 5, с. 41