ГАРАДЗІ́ЛАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. Раз’езд на чыг. лініі Маладзечна—Ліда. За 23 км на ПдЗ ад г. Маладзечна, 96 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Палачаны. 403 ж., 140 двароў (1996).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1443 як прыватнаўласніцкі маёнтак з касцёлам. У канцы 16 ст. ў Ашмянскім пав. ВКЛ. Належаў А.Фурсу, Астравухам, Гансеўскім, Коцелам, Свентаржыцкім, Ахматовічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Вілейскім пав. У 1866 пабудавана Феадосьеўская царква, працавала школа. Побач з вёскай выяўлены гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і курганы 9—10 ст., раскопкі якіх у 1854 праводзіў А.Кіркор. У 1906—07 Гарадзілава наведваў Я.Купала. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Маладзечанскага р-на. У 1970 — 225 ж., 51 двор.
Цэх па вырабе мясных прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Феадосьеўская царква.
т. 5, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)