Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДАПТАЦЫЯМАРФО́З,

гл. ў арт. Адаптацыягенез.

т. 1, с. 95

АДАПТО́МЕТР

(ад адаптацыя + ...метр),

аптычная прылада для вызначэння адаптацыі вока: змены яго святлоадчувальнасці пры пераходзе ад вял. асветленасці паверхні ці яркасці аб’екта да цемнаты. Адаптометрам вымяраюць парог (мінім. сілу) светлавога раздражнення, якое ўспрымаецца вокам.

т. 1, с. 95

АДАПТЫ́ЎНАЯ ЗО́НА,

узаемазвязаны комплекс умоў, які забяспечвае спецыфічныя геафіз. і экалагічныя патрэбнасці існавання жывёльных і раслінных арганізмаў і гэтым вызначае тып адаптацыі вял. груп у працэсе макраэвалюцыі. Характарызуе стан прыстасаванасці арганізмаў да адаптыўнага ландшафту і біягеацэнозу. Тэрмін увёў амер. біёлаг Дж.Сімпсан (1944). Арган. свет можна разглядаць як сістэму шырокіх або вузкіх адаптыўных зон, падобных у асн. рысах будовай экалагічна блізкіх форм, якія насяляюць іх і адпавядаюць умовам асяроддзя. Услед за засяленнем новай адаптыўнай зоны звычайна адбываецца адаптыўная радыяцыя.

т. 1, с. 95

АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,

тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл. Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).

Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл. Філагенез).

А.С.Леанцюк.

Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтря).

т. 1, с. 95

АДАПТЫ́ЎНЫЯ ТЫ́ПЫ,

папуляцыі чалавека, аб’яднаныя фізіялагічнымі і марфалагічнымі адзнакамі, сфарміраванымі ў залежнасці ад геакліматычных умоў. У розных кліматычных зонах у людзей незалежна ад іх расавай і этн. прыналежнасці назіраецца тэндэнцыя да змены фізіял. і марфалаг. рысаў у кірунку, найб. спрыяльным для існавання ў гэтым асяроддзі. Напр., у арктычных умовах адзначаецца павышанае развіццё мускулатуры, мінералізацыя касцяка, павелічэнне колькасці бялку ў сываратцы крыві, змена ахоўных уласцівасцяў арганізма (паскарэнне рэакцыі асядання эрытрацытаў, нейтрафілёз, павелічэнне гама-глабулінавых фракцый сывараткі крыві). Паводле асаблівасцяў адаптыўных рэакцый вылучаюць арктычны, кантынентальны, трапічны, высакагорны тыпы, тып сярэдняй зоны, арыдны (тып пустыні). Вывучэнне біял. адаптацыі і адаптыўных тыпаў спрыяе высвятленню працэсу расаўтварэння.

Літ.:

Алексеева Т.И. Адаптивные процессы в популяциях человека. М., 1986;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории БССР. Мн., 1982.

Л.І.Цягака.

т. 1, с. 96

АДАПТЫ́ЎНЫ РО́БАТ,

гл. Самапрыстасавальны робат.

т. 1, с. 96

АДА́ПТЭР,

1) у вылічальнай тэхніцы электроннае прыстасаванне для ўзгаднення параметраў уваходных і выхадных сігналаў працэсара ЭВМ і перыферыйных прылад з мэтай іх спалучэння. Напр., адаптэр падтрымкі клавіятуры, дысплея, друкавальнага прыстасавання.

2) У фатаграфіі прыстасаванне для спалучэння фотаапарата са зменным абсталяваннем, якое не прадугледжана канструкцыяй гэтага апарата, напр. аб’ектыва, дадатковай зменнай касеты са святлоадчувальным матэрыялам інш. фармату.

3) У радыётэхніцы тое, што гуказдымальнік.

т. 1, с. 96

АДА́РЧАНКА Анатоль Арсеньевіч

(н. 20.9.1949, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. медык-мікрабіёлаг. Д-р мед. н. (1991), праф. (1994). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972), з 1975 у гэтым ін-це. Навук. працы па этыялогіі, экалогіі і эвалюцыі ўнутрыбальнічных інфекцый у хірург. і апёкавых аддзяленнях; распрацаваў і ўкараніў новыя метады мікрабіял. дыягностыкі, тэрапіі і прафілактыкі гнойна-септычных захворванняў.

Тв.:

Handbuch der Antiseptik. Bd. 1—20. Berlin, 1984—89 (у сааўт.).

т. 1, с. 96

Адаскевіч Уладзімір Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 330

АДАСО́БЛЕНАЯ ХВА́ЛЯ,

тое, што салітон.

т. 1, с. 96