удзельнае княства пач. 12 — пач. 15 ст. Цэнтр — г. Гарадзен (Гродна). Вядома як уладанне, атрыманае ў 1116 кн. Усеваладам Давыдавічам у пасаг за дачкой кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. Размяшчалася ў бас. Нёмана. Зручнае геагр. становішча спрыяла хуткаму эканам. і культ. развіццю княства. У 1127 Усевалад дапамагаў кіеўскаму кн. Мсціславу Уладзіміравічу ў паходзе на Полацк, у 1132 — на Літву. Сыны Усевалада актыўна ўдзельнічалі ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі прастол на баку кн. Усевалада Вольгавіча (1144), кн. Мсціслава Ізяславіча (1150, 1151, 1167, 1170) і кн. Андрэя Багалюбскага (1173). У 1166, 1170, 1184 гарадзенскія палкі ў складзе аб’яднаных дружын хадзілі на полаўцаў. У апошняй чвэрці 12 ст. склалася гродзенская школа дойлідства. Былі развіты пісьменнасць і прыкладное мастацтва. З 1240-х г. Гарадзенскае княства ў складзе ВКЛ. У 1252, 1253, 1259, 1275, 1276 на княства нападалі галіцка-валынскія войскі, у 1277 іх падтрымлівалі татары. У 1270-я г. вакол Гарадзена пасяляліся прусы — бежанцы ад Тэўтонскага ордэна. У 1284—1402 на княства адбываліся шматлікія напады крыжакоў, якія ў 1299—1326 паспяхова адбіваў кашталян гарадзенскага замка Давыд Гарадзенскі. З канца 14 ст. княства стала ўладаннем Вітаўта, пры ім яно дасягнула значнага эканам. і культ. развіцця. Пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413тэр. Г.к. ўвайшла ў Трокскае ваяводства.
старажытны горад Полацкай зямлі. Належаў мінскім кн. Глебавічам, магчыма, быў цэнтрам удзельнага княства, добра ўмацаваны, размяшчаўся, верагодна, недалёка ад Мінска сярод лясоў. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1162 у сувязі з паходам друцкага кн.Рагвалода Барысавіча супраць менскага Валадара Глебавіча. Атаясамліванне Гарадца з некаторымі сучаснымі нас. пунктамі Беларусі (Гарадзеяй Нясвіжскага, Гарадзішчам Баранавіцкага, Гарадцом Талачынскага і Шаркаўшчынскага р-наў і інш.) беспадстаўнае.
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Грэза. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 67 км ад Магілёва. 797 ж., 289 двароў (1996).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв ВКЛ. У 1758 у Быхаўскім графстве. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 у Быхаўскім пав., 514 ж., 69 двароў, царква. З 1842 дзейнічала гарбарня, з 1866 нар. вучылішча. У 1897 Гарадзец — цэнтр воласці, 921 ж., 148 двароў, 2 ветракі, кузня, крама, піцейны дом, хлебазапасны магазін. У 1924—60 і з 1963 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У кастр. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 460 ж. У ліст. 1943 паміж партызанамі і карнікамі адбыўся Гарадзецкі бой 1943. У 1970 — 783 ж., 280 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла сав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму.
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., на канале Мухавец (Каралеўскі канал). Цэнтр сельсавета і калгаса-камбіната. За 22 км на У ад г. Кобрын, 68 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Гарадзец. 1483 ж., 560 двароў (1996).
Вядомы з 16 ст., належаў каралеве Ганне, удаве Стафана Баторыя У 1588 атрымаў магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886 цэнтр воласці. У 1891 мястэчка Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., 1559 ж., царква, яўр. школа, прыстань, 2 кірмашы штогод. З 1921 у Кобрынскім пав. Палескага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Антопальскага, з 1959 — Кобрынскага р-наў. У 1970 — 1500 жыхароў.
Цагельны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква Ушэсця (1799).
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Ржаўка. На аўтадарозе Рагачоў—Буда-Кашалёў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 85 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Жлобін. 1145 ж., 471 двор (1996).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 18 ст. У 1880 мястэчка, цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ.; 820 ж., 130 двароў, царква, нар. вучылішча, яўр. малітоўная школа, 3 крамы, 2 кірмашы ў год. Належаў Драбышэўскім, Дашкевічам, Судзілоўскім. З 1924 цэнтр Гарадзецкага раёна і сельсавета, з 1927 у Рагачоўскім р-не. Перад Вял. Айч вайной 1319 ж., 240 двароў. У снеж. 1943 ням.-фаш. акупанты часткова спалілі вёску і загубілі 181 жыхара. У 1970 — 1046 ж., 331 двор.
Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў.
вёска ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. На аўтадарозе, што злучае Шклоў з аўтамагістраллю Гомель—Віцебск. За 8 км на У ад г. Шклоў, 38 км ад г. Магілёў, 11 км ад чыг. ст. Шклоў. 462 ж., 154 двары (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі гарадзішча «Талерка».
рускі нар. мастацкі промысел. Існуе ў раёне г. Гарадзец Ніжагародскай вобл. з сярэдзіны 19 ст., калі замяніла мясц.вытв-сць калаўротаў з інкрустацыяй і разьбой (існавала з 18 ст.). У 1936 засн. арцель, з 1960 ф-та «Гарадзецкая размалёўка», якая вырабляе сувеніры, цацкі. Гарадзецкая размалёўка (жанравыя сцэнкі, фігуры коней, пеўняў, кветкавыя ўзоры) яркая, лаканічная, выконваецца тэмперай, характэрны свабодны мазок з белай і чорнай графічнай абводкай.
рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Адзін з арганізатараў «Цэха паэтаў» (гл.Акмеізм). Скразныя тэмы паэзіі Гарадзецкага — роздум пра лёс радзімы на розных гіст. этапах, рамантыка барацьбы за шчасце народа, цікавасць да простых працаўнікоў горада і вёскі, інтэрнац. салідарнасць. Аўтар зб. вершаў «Яр» (1907, тэмы і вобразы рус. фальклору), «Пярун» (1907), «Русь» (1910), «Серп» (1921), «З цемры да святла» (1926), «Грань» (1929), «Думы» (1942), «Паўночнае ззянне» (апубл. 1968), раманаў «Пунсовы смерч» (1927, пра падзеі 1-й сусв. вайны на Каўказе) і «Сады Семіраміды» (апубл. 1971, пра трагічныя падзеі ў Зах. Арменіі ў канцы 1916), аповесцей «Сутулаўскае гняздоўе» (1915), «Помнік паўстання» (1928), «Чорны шаль» (1929), паэм «Чырвоны Піцер» (1922), «Тры сыны» (1956) і інш., новага лібрэта да оперы М.Глінкі «Іван Сусанін» (1937—44). Перакладчык вершаў і паэм Я.Купалы («Над ракою Арэсай») і Я.Коласа («Новая зямля», «Рыбакова хата», з Б.Ірыніным і П.Сямыніным).
Адбыўся 30.11.1943 паміж 425-м партыз. палком і карным атрадам гітлераўцаў у в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Камандаванню палка стала вядома, што карнікі занялі в. Гарадзец, жыхароў гэтай і суседніх вёсак (больш за 70 чал.) зачынілі ў трох хлявах і 1 снежня збіраліся спаліць. 1-ы батальён партыз. палка на чале з П.М.Цагельнікавым хутка дабраўся да ўскраіны Гарадзецкага лесу. Атрымаўшы даныя разведкі пра ўзбраенне гарнізона і выставіўшы засады на дарогах да вёскі, партызаны атакавалі ворага. У выніку бою 66 з 70 карнікаў былі знішчаны, мясц. жыхары выратаваны.
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.