ГАРАДЗЕ́Ц,
вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Грэза. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 67 км ад Магілёва. 797 ж., 289 двароў (1996).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв ВКЛ. У 1758 у Быхаўскім графстве. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 у Быхаўскім пав., 514 ж., 69 двароў, царква. З 1842 дзейнічала гарбарня, з 1866 нар. вучылішча. У 1897 Гарадзец — цэнтр воласці, 921 ж., 148 двароў, 2 ветракі, кузня, крама, піцейны дом, хлебазапасны магазін. У 1924—60 і з 1963 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У кастр. 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 460 ж. У ліст. 1943 паміж партызанамі і карнікамі адбыўся Гарадзецкі бой 1943. У 1970 — 783 ж., 280 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла сав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму.
т. 5, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)