Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДАНТАЛО́ГІЯ

[ад грэч. odus (odontos) зуб + ...логія],

раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў эвалюцыйным, анатамічным, расава-генетычным планах і ў сувязі з захворваннямі. На падставе вымярэнняў англ. вучоны У.Флаўэр падзяліў расы на буйназубых (аўстралійцы, тасманійцы), драбназубых (еўрапейцы, індыйцы) і сярэднязубых (кітайцы, амерыканцы, індзейцы, малайцы). Методыка некаторых апісальных прыкмет прапанавана амер. даследчыкам А.Грдлічкам, які адзначыў асаблівасці будовы разцоў у амер. і мангалоіднай расаў. Рас. вучоны А.А.Зубаў удакладніў методыку і прапанаваў адзіную праграму даследаванняў па этнічнай аданталогіі для народаў Усх. Еўропы і некат. рэгіёнаў Азіі. У Аддзеле антрапалогіі і экалогіі АН Беларусі сабраны і абагульнены шматлікія даныя аб варыяцыях зубных прыкмет у насельніцтва Беларусі, адзначана іх эпахальная зменлівасць. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асн. заканамернасці расагенезу і стараж. міграцый чалавека.

Л.І.Цягака.

т. 1, с. 94

АДАНТО́МА

[ад грэч. odus (odontos) зуб + ...ома],

дабраякасная пухліна ў выглядзе кангламерату розных зубных тканак. Узнікае ад парушэння развіцця аднаго або некалькіх зубоў на верхняй ці ніжняй сківіцы, часцей каля карэнных зубоў. Мяккая адантома — ранняя стадыя развіцця пухліны — складаецца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Назіраецца часцей у маладым узросце. Цвёрдая адантома (абвапнаваная) можа ўключаць дробныя зубы або зубападобныя структуры, акаймаваныя капсулай. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 94

АДАПТАГЕ́НЫ,

лекавыя прэпараты расліннага паходжання, якія павышаюць адаптацыю арганізма да неспрыяльных умоў асяроддзя. Да іх належаць прэпараты з жэньшэню, радыёлы (залаты корань), элеўтэракоку і інш. раслін, якія маюць гліказіды, дубільныя рэчывы, флаваноіды, эфірны алей, арган. к-ты, мікраэлементы і інш. Адаптагены здольныя павышаць тонус цэнтр. нерв. сістэмы і працаздольнасць, дзейнасць залоз унутр. сакрэцыі (шчытападобнай, падстраўнікавай, гіпофізу, кары наднырачнікаў), устойлівасць арганізма да інфекц. захворванняў і інш. шкодных уздзеянняў асяроддзя (высокія ці нізкія т-ры, гравітацыйныя перагрузкі, інтаксікацыі прамысл. ядамі, іанізаванае апрамяненне і інш.). Выпускаюцца адаптагены ў выглядзе настояў і вадкіх экстрактаў.

т. 1, с. 94

АДАПТАЦЫ́ЙНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,

раздзел фізіялогіі, які даследуе прыроджаныя і набытыя прыстасавальныя рэакцыі розных сістэм жывых арганізмаў на вонкавыя ўздзеянні. Задачы адаптацыйнай фізіялогіі: даследаванне фізіял., біяхім. і структурных пераўтварэнняў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма; вывучэнне механізма прыстасавання пры ўздзеянні фактараў навакольнага асяроддзя; вызначэнне гал. дзеючых фактараў і межаў нармальнага рэагавання; распрацоўка шляхоў карэкцыі парушаных функцый і інш. Адаптацыйная фізіялогія вывучае генатыпічную (эвалюцыйную) і фенатыпічную (індывідуальную) адаптацыі. Значны ўклад у развіццё адаптацыйнай фізіялогіі зрабілі замежныя вучоныя К.Бернар, У.Кенан, Г.Селье, а таксама савецкія Л.А.Арбелі, П.К.Анохін, П.Д.Гарызонтаў, І.В.Давыдоўскі, Ф.З.Меерсон, В.П.Казначэеў, А.Д.Слонім, Ф.І.Фурдуй і інш. На Беларусі праблемы адаптацыйнай фізіялогіі вывучаюцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі, заалогіі АН Беларусі, мед. ін-тах (Мінск, Віцебск, Гродна).

П.П.Мурзёнак.

т. 1, с. 94

АДАПТАЦЫ́ЙНЫ СІНДРО́М,

стрэс, сукупнасць рэакцый жывога арганізма на дзеянне надзвычайных раздражняльнікаў (стрэсараў). Адрозніваюць 3 стадыі: трывогі (мабілізацыя ахоўных сіл арганізма), рэзістэнтнасці або супраціўлення (прыстасаванне да цяжкай сітуацыі), знясілення (пры моцным і доўгім уздзеянні стрэсараў можа скончыцца смерцю). У развіцці адаптацыйнага сіндрому гал. роля належыць пярэдняй долі гіпофіза і кары наднырачнікаў. Змены ў арганізме на стадыі рэзістэнтнасці небяспечныя (напр., павелічэнне артэрыяльнага ціску ў чалавека) і могуць прывесці да інсульту або інфаркту. Канцэпцыя адаптацыйнага сіндрому прапанавана канадскім патолагам Г.Селье (1936).

Схема асноўных рэакцый і вынікаў адаптацыйнага сіндрому.

т. 1, с. 94

АДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. adaptatio прыстасаванне) сацыяльная, працэс узаемадзеяння індывіда (групы, суполкі) з сац. асяроддзем. Характарызуецца прыстасаваннем да новых умоў жыцця, выпрацоўкай і актуалізацыяй такіх якасцяў, што забяспечваюць выжыванне, зменай фактараў асяроддзя для найб. поўнага авалодання імі, пераглядам уласных дамаганняў і самаацэнак да рэальных умоў і суб’ектыўных магчымасцяў, пераадоленнем існуючых стэрэатыпаў, звычак, інерцыі мыслення. Чалавек здольны не толькі прыстасоўвацца, але і актыўна ўздзейнічаць на новыя ўмовы і абставіны, кантраляваць і рэгуляваць іх. Працэс адаптацыі можа быць татальны пры поўнай змене навакольнага асяроддзя і мэтавы (напр., змена месца работы і інш.). У псіхал. і сац. адносінах важна ўлічваць асаблівасці адаптацыі чалавека да працяглага ўздзеяння неспрыяльных фактараў (стрэсараў; гл. таксама Адаптацыйны сіндром). Адаптацыя цесна звязана з асваеннем і прыняццем (інтэрыярызацыяй) індывідам нормаў і каштоўнасцяў таго грамадства, да якога ён належыць, у працэсе сацыялізацыі.

Літ.:

Лебедев В.И. Личность в экстремальных условиях. М., 1989;

Свиридов Н.А. Социальная адаптация личности в коллективе // Социол. Исслед. 1980. № 3.

С.А.Шавель.

т. 1, с. 94

АДАПТА́ЦЫЯ тэксту, скарачэнне і спрашчэнне друкаванага тэксту. Найчасцей адаптуюць літ. творы для пач. чытання (кнігі для дзяцей і інш.), а таксама іншамоўныя тэксты, прызначаныя для вывучэння мовы.

т. 1, с. 94

АДАПТА́ЦЫЯ ў біялогіі, развіццё новых біял. уласцівасцяў арганізма, папуляцыі, віду, біяцэнозу, якія забяспечваюць іх нармальнае існаванне пры змене ўмоў навакольнага асяроддзя. У эвалюцыйна-гіст. плане ўзнікае і развіваецца на базе спадчынных змен (мутацый) і камбінавання іх пад кантролем адбору. Аснову адаптацыі арганізма складае сукупнасць морфафізіял. змен, накіраваных на захаванне адноснага пастаянства яго ўнутр. асяроддзя — гамеастазу. Сярод шматлікіх формаў адаптацыі вылучаюць генатыпічную, якая ажыццяўляецца праз натуральны адбор карысных для выжывання прыкмет, і фенатыпічную (індывідуальную), што праяўляецца пераважна ў колькаснай мадыфікацыі спадчынна абумоўленых уласцівасцяў.

Адаптацыя забяспечваецца неспецыфічнымі механізмамі, што ляжаць у аснове адаптацыйнага сіндрому, а таксама кампенсатарнымі працэсамі, якія залежаць ад характару патагеннага раздражняльніка. Напр., працэсы акліматызацыі да новых кліматагеагр. умоў, да фону — ахоўная афарбоўка жывёл і інш. Паслядоўныя стадыі адаптацыі да пэўнага спосабу жыцця могуць быць звязаны генеалагічна і складаць адаптыўны рад (напр., паступовае развіццё лятальнай перапонкі ў млекакормячых). У працэсе эвалюцыі адбываецца пастаянная змена прыватных адаптацый і намнажэнне агульных (гл. таксама Адаптыўная радыяцыя). У арэале віду могуць быць адаптыўныя зоны, якія вызначаюцца спецыфічным характарам прыстасаванасці. Найб. складаныя формы мае адаптацыя сацыяльная.

Літ.:

Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987;

Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. Л., 1969.

А.С.Леанцюк.

т. 1, с. 94

АДАПТА́ЦЫЯ ў тэхніцы, здольнасць тэхнічных устройстваў і сістэм прыстасоўвацца да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя ці да змен уласнай структуры, што прыводзіць да павышэння эфектыўнасці іх работы. Уласцівая сістэмам аўтам. кіравання, дзе адаптацыя дасягаецца за кошт змены параметраў, структуры, алгарытму функцыянавання ў залежнасці ад змены характарыстык знешняга асяроддзя і ўласцівасцяў аб’екта праз назапашванне і выкарыстанне інфармацыі. Найб. эфектыўна рэалізуецца ў мікрапрацэсарных сістэмах кіравання за кошт прымянення алгарытмаў кіравання, пабудаваных на прынцыпах саманастройкі, самаарганізацыі і саманавучання (гл. Самапрыстасавальныя сістэмы).

т. 1, с. 95

АДАПТАЦЫЯГЕНЕ́З

(ад адаптацыя + ...генез),

адаптагенез, сукупнасць працэсаў узнікнення, развіцця і морфафізіял. пераўтварэнняў, якія забяспечваюць прыстасаванне (адаптацыю) арганізмаў у працэсе эвалюцыі арган. свету. У вузкім сэнсе адаптацыягенез — узнікненне адаптацый, а працэс развіцця і змены прыстасаванняў у працэсе індывід. жыцця арганізмаў і папуляцый наз. адаптацыямарфозам (тэрмін уведзены рус. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам, 1939). Адаптацыягенез звязаны са спадчыннасцю і зменлівасцю. Новыя прыстасаванні фарміруюцца ў выніку выжывання найб. прыстасаваных да існуючых умоў асяроддзя арганізмаў. У працэсе эвалюцыі адны прыстасаванні трацяць сваё значэнне і знікаюць, другія распаўсюджваюцца і робяцца характэрнымі для дадзенай групы арганізмаў. Вылучаюць 2 асн. шляхі адаптыўных пераўтварэнняў групы: павышэнне (або рэзкія змены) узроўню арганізацыі (арамарфоз) і развіццё без змен узроўню арганізацыі (ідыяадаптацыя, кладагенез, адаптыўная радыяцыя).

А.С.Леанцюк.

т. 1, с. 95