Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПІРЭНЕ́І (ісп. Pirinéos, франц. Pyrénées),

горная сістэма на ПдЗ Еўропы, у Іспаніі, Францыі і Андоры. Працягласць 450 км ад Біскайскага зал. да Міжземнага м. Найб. выш. да 3404 м (пік Анета). П. — альпійская складкаватая сістэма. Найб. высокая восевая зона гор, складзеная крышт. парод. Характэрна чаргаванне высокіх платопадобных участкаў і скалістых вяршынь з рысамі плейстацэнавага зледзянення. Зах. П. — сярэдневышынныя горы, развіты вапнякі, карст; у цэнтры — пераважна крышт. пароды, альпійскія формы рэльефу, ледавікі (пл. каля 40 км²); на У хрыбты зніжаюцца, чаргуюцца з міжгорнымі ўпадзінамі. З П. бяруць пачатак рэкі Гарона, Адур і левыя прытокі р.Эбра. Важны кліматападзел (на Пн ад П. тэр. з умераным кліматам, на Пд з субтрапічным). На вільготных зах. і паўн. схілах, дзе выпадае 1500—2000 мм ападкаў, пераважаюць букавыя і піхтавыя лясы, субальпійскія хмызнякі і лугі. На паўд. схілах, дзе колькасць ападкаў зніжаецца да 500—750 мм, лясы з вечназялёных дубоў і зараснікі міжземнаморскіх хмызнякоў (маквіс, гарыга, таміляры). Радовішчы баксітаў, жал. руд. У гарах жывёлагадоўля, у далінах вінаградарства і садоўніцтва.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 12, с. 385

ПІРЭНЕ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Іберыйскі паўвостраў,

на ПдЗ Еўропы. Абмываецца Атлантычным ак. і яго Біскайскім зал., Гібралтарскім пралівам, Міжземным м. Пл. 582 тыс. км². Берагавая лінія слаба парэзана, на ПнЗ развіты рыясавы тып берагоў. Пераважаюць пласкагор’і і горы. Палеазойскі масіў Месета з’яўляецца ядром паўвострава, які акаймаваны з Пн, У і Пд Пірэнеямі, Кантабрыйскімі, Каталонскімі, Іберыйскімі, Андалускімі гарамі, Сьера-Марэнай, Цэнтр. Кардыльерай і інш. Найвышэйшы пункт г. Муласен у хр. Сьера-Невада (3478 м). Па ўскраінах паўвострава невял. нізіны — Партугальская, Андалуская, Арагонская. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, пераважна сухі ва ўнутр. ч. (сярэдняя колькасць ападкаў ва ўнутр. абласцях 300—500 мм), на З — акіянічны (1500—2000 мм ападкаў за год). Для паўн. ч. паўвострава характэрны пераходны клімат ад субтрапічнага да ўмеранага з вял. колькасцю ападкаў (1000—2000 мм). Асн. рэкі: Таха (Тэжу), Гвадыяна, Дуэра (Дору), Гвадалквівір, Эбра. Прыродная расліннасць на большай ч. прадстаўлена вечназялёнымі паўхмызнякамі і драўняна-хмызняковымі зараснікамі тыпу маквіс, гарыга, таміляры, пальміто; у найб. сухіх раёнах расліннасць мае паўпустынны характар. У вільготнай горнай паўн. ч. пераважаюць лістападныя дубова-букавыя лясы, верасоўнікі, лугі. На зах. ускраіне вечназялёныя лясы з дубу (каменны, коркавы, партугальскі). Фауна міжземнаморскага тыпу. На П.п. размешчаны Іспанія, Партугалія, Андора і Гібралтар.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 12, с. 385

ПІРЭТРО́ІДЫ,

група сінт. інсектыцыдаў аналагаў пірэтрынаў паводле характару і механізму фізіял. ўздзеяння. Хім. будовай некаторыя П. істотна адрозніваюцца ад прыродных. Найб. даследаваны эфіры хрызантэмавай к-ты (т.зв. П. першага пакалення), якія, як і пірэтрыны, лёгка акісляюцца на святле. П. новых пакаленняў маюць больш шырокі спектр дзеяння, эфектыўныя пры вельмі нязначных нормах расходу (напр., для найб. актыўнага з сучасных інсектыцыдаў дэльтаметрыну — 5—20 г/га), устойлівыя да ўздзеяння святла. Іх выкарыстоўваюць для апрацоўкі пасеваў многіх с.-г. культур, садоў.

т. 12, с. 385

ПІРЭ́ТРУМ,

рамоначнік (Pyrethrum), род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 еўрасібірскі рэліктавы від П. шчытковы (P. corymbosum), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў асветленых лісцевых лясах, сухадольных астэпаваных лугах. Трапляецца здзічэлы П. вялікі, або бальзамічны кануфер (P. majus), які культывуюць як прыпраўную расліну, як інсектыцыдную — культывуюць П. цынерарыялісты, або далмацкі рамонак (P. cinerariifolium). Інтрадукаваны 2 віды П.: чырвоны, або каўказскі рамонак (P.coccineum) і дзявочы (P.parthenium).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—150 см. Сцёблы апушаныя, прамыя і ўзыходныя. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае, радзей суцэльнае. Кветкі дробныя, ў адзіночных або сабраных у агульнае шчыткападобнае суквецце кошыках. Плод — сямянка. Некат. віды маюць пірэтрыны. Род П. часта аб’ядноўваюць з родам піжма і хрызантэма. Інсектыцыдныя, лек., харч., дэкар. расліны.

Пірэтрум цынерарыялісты.

т. 12, с. 385

ПІРЭТРЫ́НЫ,

прыродныя кантактныя інсектыцыды, што знаходзяцца ў кветках рамонкаў роду пірэтрум.

Аптычна актыўныя высокакіпячыя вадкасці. Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў, не раствараюцца ў вадзе. Лёгка акісляюцца ў паветры, асабліва на святле. Паводле хім. прыроды П. — складаныя эфіры (+)-транс-хрызантэмавай і (+)-транс-пірэтрынавай кіслот з цыклічнымі кетаспіртамі: пірэтралонам (назва эфіраў пірэтрын I і II адпаведна), цынералонам (цынерын I і II), жасмалонам (жасмалін I і II). Найб. моцнае ўздзеянне аказвае пірэтрын I; у прыроднай сумесі П. найб. колькасць (каля 70%) пірэтрыну I і II. Выкарыстоўваюць для барацьбы з насякомымі ў закрытых памяшканнях у выглядзе пірэтруму — сухога парашку з кветак (мае 0,3—2,5% П.) ці прэпаратаў на аснове вадкага экстракту (20—60% П.) з дабаўкамі антыаксідантаў і сінергістаў.

Агульная формула пірэтрынаў (R i R′ — арганічныя радыкалы). Для пірэтрыну I і пірэтрыну II R—CH3 і CH3OC(O) адпаведна, R′=CH=CH2; для цынерыну I R=R′=CH3.

т. 12, с. 385

ПІР-ПАНДЖА́Л,

горны хрыбет у М. Гімалаях, у Індыі і Пакістане (зах. частцы). Аддзелены ад Вял. Гімалаяў Кашмірскай далінай. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ на 450 км, ад р. Кішанганга да р. Біяс. Выш. да 6028 м. Складзены з вапнякоў, андэзітаў, базальтаў. Схілы стромкія, расчлянёныя глыбокімі цяснінамі. Горныя азёры. Ледавікі. Густыя, пераважна хваёвыя лясы.

т. 12, с. 383