прыродныя кантактныя інсектыцыды, што знаходзяцца ў кветках рамонкаў роду пірэтрум.
Аптычна актыўныя высокакіпячыя вадкасці. Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў, не раствараюцца ў вадзе. Лёгка акісляюцца ў паветры, асабліва на святле. Паводле хім. прыроды П. — складаныя эфіры (+)-транс-хрызантэмавай і (+)-транс-пірэтрынавай кіслот з цыклічнымі кетаспіртамі: пірэтралонам (назва эфіраў пірэтрын I і II адпаведна), цынералонам (цынерын I і II), жасмалонам (жасмалін I і II). Найб. моцнае ўздзеянне аказвае пірэтрын I; у прыроднай сумесі П. найб. колькасць (каля 70%) пірэтрыну I і II. Выкарыстоўваюць для барацьбы з насякомымі ў закрытых памяшканнях у выглядзе пірэтруму — сухога парашку з кветак (мае 0,3—2,5% П.) ці прэпаратаў на аснове вадкага экстракту (20—60% П.) з дабаўкамі антыаксідантаў і сінергістаў.
Агульная формула пірэтрынаў (R i R′ — арганічныя радыкалы). Для пірэтрыну I і пірэтрыну II R—CH3 і CH3OC(O) адпаведна, R′=CH=CH2; для цынерыну I R=R′=CH3.