Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАМБІНА́ЦЫЯ (ад позналац. combinatio злучэнне),

1) сукупнасць, спалучэнне, злучэнне, размяшчэнне некалькіх прадметаў ці састаўных частак аднаго прадмета (напр., К. лічбаў).

2) Сукупнасць прыёмаў, дзеянняў і інш., аб’яднаных адзінымі намерамі (напр., шахматная К.).

3) Хітрасць, выкрутас, загадзя прыдуманы манеўр для дасягнення якой-н. карыслівай мэты (камерцыйная К., паліт. К.).

4) Прадмет жаночай бялізны (від кашулі).

т. 7, с. 507

КАМБІ́С, Камбіз,

Камбуджыя (?—522 да н.э.),

старажытнаперсідскі цар [530—522 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Кіра II, у 537 быў яго намеснікам у Вавілоніі. У 525 заваяваў Егіпет, захапіў у палон фараона Псаметыха III і заснаваў новую (XXVII) дынастыю фараонаў. У 524 уварваўся ў краіну Куш, але пацярпеў паражэнне. У канцы 524 ці пач. 523 вярнуўся ў Егіпет. Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне Гаўматы (сак. 522 да н.э.), адправіўся ў Персію, па дарозе памёр.

т. 7, с. 507

КАМБІФО́РМ (ад камбій + лац. forma від, форма),

элементы лубу (флаэмы) пераважна травяністых раслін. Клеткі К. выцягнутай формы, танкасценныя, завостраныя, без папярочных перагародак, паводле функцыі адпавядаюць клеткам парэнхімнай флаэмы. Узнікаюць з клетак пракамбію ці верацёнападобных клетак камбію і захоўваюць характэрную для іх форму (адсюль назва).

т. 7, с. 507

КАМБО́ДЖА, Каралеўства Камбоджа (Preahreacheanachakr Kampuchea),

дзяржава ў Азіі на п-ве Індакітай. Мяжуе на З і ПнЗ з Тайландам, на Пн з Лаосам, на У з В’етнамам; паўд.-зах. яе берагі абмываюцца водамі Сіямскага заліва. Пл. 181 тыс. км². Нас. 11163,9 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Пнампень. Падзяляецца на 18 правінцый (кхэтаў) і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Дзярж. мова — кхмерская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 ліст.).

Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Нац. сход (120 членаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Вышэйшы орган выканаўчай улады — Каралеўскі ўрад.

Прырода. Большую ч. краіны займае Камбаджыйская раўніна, размешчаная ў ніжнім цячэнні р. Меконг. На З — горы Кравань выш. да 1813 м (г. Араль), на Пнпаўд. адгор’і куэставага ўступа Дангрэк, на Узах. адгор’і Чыангшон. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, фасфарыты, каменны вугаль, баксіты, алавяныя, свінцова-цынкавыя і вальфрамавыя руды, золата. Буд. матэрыялы: вапняк, пясчанік. базальт, гліна, жвір, мармур, граніт. Запасы каштоўных камянёў (сапфір, рубін, цыркон). Клімат субэкватарыяльны, з сухім сезонам у снеж.—красавіку. Т-ра паветра ўвесь год 25—30 °C. Ападкаў на раўніне 700—1500 мм, у гарах да 2000 мм за год. Рачная сетка густая. Гал. рака — Меконг. Для рэк характэрны ваганні ўзроўню вады (12—15 м у гарах, 7—9 м на раўніне). Глебы чырвоныя і алювіяльныя. Лясы і рэдкалессі займаюць 76% тэр. краіны. На У — лістападныя трапічныя, у гарах — вечназялёныя лясы, шмат каштоўных парод дрэў (сал, цік, лакавае, камфорнае). Пашыраны саванны. На водмелях — мангравыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. У лясах — тыгры, пантэры, чорныя мядзведзі. Шмат птушак. Буйное мелкаводнае воз. Танлесап багатас рыбай. Нац. парк Ангкор, некалькі запаведнікаў.

Насельніцтва. Каля 90% насельніцтва — кхмеры, жывуць в’етнамцы (5%), кітайцы (1%), цямы (чамы), таі і інш. Большасць вернікаў — будысты (95%). За час праўлення рэжыму Пол Пота (1975—78) загінула і прапала без вестак каля 3 млн. чалавек; знішчана каля 90% мусульман, усе хрысціяне, большасць прадстаўнікоў нац. меншасцей. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 61,7 чал. на 1 км² Найб. шчыльн. у даліне р. Меконг, на ўзбярэжжы воз. Танлесап і Сіямскага заліва. Гар. насельніцтва 21%. Найб. гарады (тыс. чал.): Пнампень — 920 (1994), Кампонгсаам — 75 (1990).

Гісторыя. Продкі кхмераў (сучасных жыхароў К.) жылі на тэр. краіны з часоў неаліту (5-е тыс. да н.э.). У 1—2 ст. н.э. ў дэльце р. Меконг узнікла дзяржава Фунань. У сярэдзіне 5 ст. засн. дзяржава Чэнла (напачатку васальная Фунані, пазней незалежная). У сярэдзіне 6 ст. правіцелі Чэнлы, выкарыстаўшы дынастычныя спрэчкі ў Фунані, падпарадкавалі ўсю тэр. сучаснай К. У канцы 7 ст. Чэнла распалася на 2 дзяржавы — Чэнлу Зямлі і Чэнлу Вады. У 9 ст. пры ангкорскай дынастыі (заснавальнік Джаяварман II) на землях Фунані і Чэнлы пачала фарміравацца аб’яднаная дзяржава кхмераў Камбуджадэша. На 9—12 ст. прыпадае перыяд паліт. ўздыму і росквіту культуры, пераважна архітэктуры (гл. Ангкор).Пры Джаявармане VII (каля 1181 — каля 1219] Камбуджадэша дасягнула магутнасці і ўключала акрамя К. тэр. сучасных Бірмы, Лаоса, Тайланда, В’етнама і Малайзіі. Сталіцай імперыі быў Ангкор, пануючай рэлігіяй — індуізм. У канцы 13 ст. Камбуджадэша распалася, адначасова тут пашырыўся будызм. Пасля захопу Ангкора тайцамі (1432) сталіца К. перанесена ў Пнампень. У 15 ст. краіна трапіла ў залежнасць ад Сіяма (сучасны Тайланд) і В’етнама. У 16 ст. ў К. прыбылі першыя еўрапейцы. У 1863 кароль Нарадом I прызнаў пратэктарат Францыі, у 1884 К. стала франц. калоніяй (з 1887 у складзе Індакітая Французскага), што ў канцы 19 — пач. 20 ст. выклікала шэраг нац.-вызв. паўстанняў. У 2-ю сусв. вайну К. з 1941 акупіравана войскамі Японіі (да 1945) і Тайланда (да 1946). Пасля вайны нац.-вызв. барацьбу супраць французаў узначалілі рух Свабодныя кхмеры і камуніст. партыя.

У 1949 Францыя прызнала незалежнасць К. ў рамках Франц. Саюза, а ў 1953 дала ёй поўны дзярж. суверэнітэт і вывела свае войскі. Незалежнасць К. пацверджана Жэнеўскімі нарадамі 1954—59. У 1966 кароль К. ( з 1941) Нарадом Сіянук адрокся ад прастола на карысць свайго бацькі Нарадома Сурамарыта і стварыў паліт. арг-цыю Нар.-сацыяліст. супольнасць (Сангкум), якая перамагла на парламенцкіх выбарах 11.9.1955. Урад Сіянука ўзяў курс на пабудову «каралеўскага сацыялізму» (аднапарт. сістэма, планаванне ў эканоміцы, каапераванне ў сельскай гаспадарцы). У 1957 прыняты закон, які замацаваў за К. статус нейтральнай дзяржавы. У 1960 пасля смерці бацькі Сіянук абвешчаны кіраўніком дзяржавы. У час в’етн. вайны 1964—73 тэр. К. выкарыстоўвалася для стварэння баз В’етконга, што стала прычынай інспіраванага ў 1970 ЗША дзярж. перавароту ген. Лон Нола і ўводу ў К. амер. і паўд.-в’етн. войск. Была абвешчана Кхмерская рэспубліка. Сіянук эмігрыраваў у Кітай, дзе заснаваў Нац. адзіны фронт К. (НАФК), у склад якога ўвайшла і мааісцкая фракцыя камуніст. партыі «чырвоныя кхмеры»). НАФК вёў барацьбу супраць урадавых, амер. і паўд.-в’етн. войск, у 1975 яго атрады занялі Пнампень. Улада перайшла да «чырв. кхмераў», іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам; у 1976 Сіянук прымушаны да адстаўкі. Паводле канстытуцыі 1976 К. стала наз. Дэмакр. рэспублікай Кампучыя. У выніку праўлення «чырв. кхмераў», якія шляхам тэрору ўстанавілі рэжым генацыду, за няпоўныя 4 гады загінула да 3 млн. камбаджыйцаў. У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота стварылі Аб’яднаны фронт нац. выратавання Кампучыі, падтрыманы В’етнамам. В’етн. войскі ў студз. 1979 занялі Пнампень. Была абвешчана Нар. рэспубліка Кампучыя. У 1982 Сіянук узначаліў кааліцыйны ўрад у эміграцыі з удзелам груповак (у т. л. «чырв. кхмераў»), якія змагаліся з прав’етн. рэжымам у К. Паводле рашэння Парыжскай міжнар. канферэнцыі 1989 у вер. 1989 В’етнам пачаў вывад сваіх войск з К. У кастр. 1991 на Парыжскай канферэнцыі прынята рашэнне аб стварэнні Найвышэйшага нац. савета на чале з Сіянукам і правядзенні парламенцкіх выбараў пад кантролем Часовай адміністрацыі ААН. На выбарах у маі 1993 перамаглі прыхільнікі Сіянука. У вер. 1993 Канстытуцыйная асамблея абвясціла К. спадчыннай манархіяй, каралём стаў Сіянук. Быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з 2 прэм’ерамі — сынам Сіянука Нарадомам Ранарытам і Хун Сенам. «Чырв. кхмеры», якія байкатавалі выбары, распачалі ўзбр. барацьбу супраць новага ўрада. У ліп. 1997 Хун Сен абвінаваціў Ранарыта ў змове з «чырв. кхмерамі» і накіраваў супраць яго верныя яму войскі; прыхільнікі Ранарыта разбіты, сам ён пакінуў краіну. Прэм’ер-міністрам прызначаны Унг Хуот. К. — чл. ААН (з 1955), АСЕАН (з 1997). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1995.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць Адзіны нац. фронт за суверэнную, незалежную, нейтральную, мірную К., Нар. партыя К., Будыйская ліберальна-дэмакр. партыя, Нац. ліберальны рух К., Федэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. К. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7 млрд. дол. ЗША, на душу насельніцтва — 660 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы запята 69% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 31%. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП (%) — 47, прам-сці — 15, сферы паслуг — 35. Апрацоўваецца 2,9 млн. га зямлі (каля 50% пад рысам), каля 0,6 млн. га пад пашай. Пераважае дробнае землеўладанне і пач. формы кааперавання. Пасевы рысу (збор 3390 тыс. т, 1996), кукурузы (60 тыс. т), маніёку, ямсу, батату, соевых бабоў. Вырошчваюць какосавую і цукр. пальмы, цукр. трыснёг, бавоўнік, джут, кунжут, рамі, капок, сезам, арахіс, тытунь. Вял. значэнне маюць плантацыі гевеі. Вытв-сць натуральнага каўчуку каля 30 тыс. т за год. Развіта пладаводства (бананы, апельсіны, мандарыны, ананасы, манга), агародніцтва (баклажаны, гарбузы, перац, капуста і інш.). Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 2,8 (пераважна буйвалы), свіней — 2. Птушкагадоўля (куры, качкі, гусі). У харч. балансе краіны рыба займае другое месца пасля рысу. Улоў рыбы ў 1994—103 тыс. т. Штогод нарыхтоўваюць больш за 100 тыс. м³ каштоўнай драўніны (сандал, цік, палісандр, чорнае дрэва і інш.). У лесе збіраюць кардамон, гутаперчу, сыры лак. Прам-сць развіта слаба і спецыялізуецца пераважна на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Асн. галіны — харч. (рысаачышчальная, мукамольная, цукр., рыбаперапрацоўчая), лёгкая (баваўняная, джутавая, гарбарная), дрэваапр., папяровая, каўчукавая. Гал. цэнтры — Пнампень, Батамбанг, Кампонгсаам, Кампонгцям, Кампот. Ёсць металаапр., аўта- і трактаразборачны, суднарамонтны з-ды ў Пнампені і Кампонгсааме. На імпартнай сыравіне працуе нафтаперапр. з-д у Кампонгсааме. Вытв-сць фасфатных угнаенняў у Батамбанзе, буд. матэрыялаў (цэментны з-д) у Кампоце. Пашыраны невял. прадпрыемствы па вырабе цэглы, мыла, цыгарэт. Вытв-сць электраэнергіі 190 млн. кВт гадз (1995), пераважна на ЦЭС. Невял. здабыча жал. (запасы 6,5 млн. т) і марганцавых (запасы каля 120 тыс. т) руд, фасфарытаў, руд каляровых металаў, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў (запасы мармуру каля 65 тыс. т). Даўж. чыгункі 649 км, аўтадарог 14,8 тыс. км. Аўтапарк 37 тыс. машын, у т. л. 11 тыс. грузавых (1995). Вял. значэнне ў грузаабароце маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па р. Меконг. Гал. рачны порт — Пнампень, марскі — Кампонгсаам. Міжнар. аэрапорт у Пнампені. Экспарт (630,5 млн. дол. ЗША, 1994): каўчук, драўніна, рыс, рыба, фрукты, вострыя прыправы). Імпарт (240 млн. дол. ЗША, 1994): нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, буд. матэрыялы, харч. прадукты). Асн. гандл. партнёры: Сінгапур, Тайланд, В’етнам, Малайзія, Японія, Кітай. Грашовая адзінка — рыель.

Літаратура. Развіваецца на кхмерскай мове. Першыя вядомыя пісьмовыя помнікі — надпісы на камянях 7 ст. на санскрыце (у паэт. формах) і стараж.кхмерскай мове. Росквіт кхмерскай культуры, якая развівалася пад уплывам брахманізму і будызму махаяны, адносіцца да ангкорскага перыяду (9 — сярэдзіна 15 ст.); у гэты час у л-ры выкарыстоўвалася таксама мова палі. Да 15 ст. адносяць паэму «Тум і Тэаў» (зап. ў 19 ст.) пра трагічны лёс двух закаханых. У пасляангкорскі перыяд (сярэдзіна 15 — сярэдзіна 19 ст.) вылучаецца лірычная творчасць караля Сампхія (17 ст.) і яго творы ў жанры цьбапаў (законаў). Асобнае месца займае эпас «Рэамкер», сюжэт яго заснаваны на адной з версій «Рамаяны». Вельмі пашырана была будыйская л-ра (зб. «Панясаджатака»), У перыяд франц. каланіяльнага панавання (сярэдзіна 19 ст. — 1953) л-ра К. прадстаўлена пераважна паэзіяй, а таксама раманамі, сюжэты якіх запазычаны з будыйскіх зборнікаў (джатак). Сучасная проза пачала фарміравацца ў 1930-я г. (Ньёк Тхаем, Рым Кін, Ну Хач і інш.). Распрацоўваліся тэмы «маленькага чалавека», бяспраўя жанчыны, барацьбы з феад. перажыткамі. Адчуваецца некат. ўплыў франц. рамантызму. Пасля атрымання незалежнасці (1953) пачалі выдавацца часопісы, развіваліся публіцыстыка, літ.-знаўства. Прыкметнай з’явай стала творчасць празаіка Кіма Саета. На развіццё нац. культуры, у т. л. л-ры, адмоўна адбіліся падзеі ў краіне 2-й пал. 1970-х г. З 1980-х г. л-ра К. набыла магчымасць далейшага развіцця.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Фарміраваліся пад уплывам інд. мастацтва. Найб. стараж. помнікі — арнаментаваная кераміка неаліту, бронз. вырабы сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. У 6—7 ст. будаваліся свяцілішчы (прасаты) — прамавугольныя ў плане цагляныя вежы, падзеленыя пілястрамі і завершаныя пірамідай з несапраўдных паверхаў (Ангкор-Барэй і Самбор-Прэй-Кук); іх сцены аздаблялі разьбой па стуку, несапраўднымі парталамі. Індуісцкія і будыйскія статуі 2-й пал. 6 ст. вылучаліся абагульненай мадэліроўкай, умоўнай перадачай празрыстага адзення, падпарадкаванасцю архітэктуры. У сярэдзіне 6 ст. пачаў фарміравацца ўласна кхмерскі стыль. У 7—8 ст. з аслабленнем уплываў Індыі скульптура стала больш самабытнай (скульптура Харыхары з храма Прасат-Андэт, 8 ст.). Манум. цэласнасць аб’ёмаў спалучалася з мяккай лепкай аголенага цела і строгасцю фігуры. У 9—13 ст. статуі страцілі арх. залежнасць, набылі строгую франтальнасць, часам статычнасць, маналітную веліч і абагульненасць аб’ёмаў, што спалучалася з графічнай стылізацыяй дэталей. У 9 ст. склаўся тып арх. ансамбля з прасаты і дапаможных будынкаў з агароджай і павільёнамі-брамамі «гапура», пазней з галерэямі і каналамі (Баконг у Ролуасе). У 10 ст. будавалі з латэрыту і пясчаніку, пашырыўся разны дэкор, у пышны раслінны арнамент упляталіся выявы божастваў, нябесных паннаў, жывёл і пачвар (барэльефы ў храме Тула Баці). У 9—13 ст. склаўся гіганцкі комплекс Ангкор. З 14 ст. мураванае дойлідства заняпала, стараж. гаралы пакінуты. Будавалі драўляныя палацы і будыйскія храмы (каралеўскі палац і «Сярэбраная пагада» ў Пнампені; храм у г. Удонг) з галерэямі, аздобленыя разьбой, лепкай, размалёўкай золатам па лаку. Узводзілі каменныя звонападобныя ступы. Каменную скульптуру замяніла драўляная, рэльефы — размалёўка на тэмы будыйскіх паданняў. З 2-й пал. 19 ст. гарады забудоўвалі ў стылі франц. эклектыкі. У жывапісе канца 19 — пач. 20 ст. дэкар. стылізацыя спалучалася з рэаліст. выразнасцю твараў (Окна Тэп Німіт Тлак). З 1950-х г. пачалося планамернае горадабудаўніцтва ў традыцыях мясц. архітэктуры (арх. Ванмаліван) і сучасным стылі Масавая забудова — каркасныя дамы на палях. Развіваліся жывапіс і графіка (Нгок Дзім, Сам Юн). Традыц. нар. рамёствы — ручное шаўкаткацтва, батык, разьба па дрэве і слановай косці, гравіроўка па метале, размалёўка керамікі, вышыўка, выразанне са скуры (ажурныя пано, фігуры тэатра ценяў). У перыяд ваен. дзеянняў 1970—75 і праўлення «чырв. кхмераў» (1975—78) большасць кхмерскіх помнікаў мастацтва знішчана.

Літ.:

Миго А. Кхмсры: История Камбоджи с древнейших времен: Пер. с фр. М., 1973;

История Кампучии: Краткий очерк. М., 1981;

Бектимирова Н.Н., Дементьев Ю.П., Кобелев Е.В. Новейшая история Кампучии. М., 1989;

Бектимирова Н.Н. Кризис и падение монархического режима в Кампучии (1953—1970). М., 1987;

Мосяков Д.В. Кампучия: Особенности рев. процесса и полпотовский «эксперимент». М, 1986;

Яго ж. Камбоджа: внутреннее развитие, 1979—1989. М., 1991.

І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Камбоджы.
Да арт. Камбоджа. Вёска кхмераў.
Да арт. Камбоджа. Верхняя частка вежы храма Баён у Ангкор-Тхоме. 12—13 ст.
Да арт. Камбоджа. Барэльеф у храме Тула Баці.
Да арт. Камбоджа. Храм у г. Удонт.
Да арг. Камбоджа. Вышэйшы тэхналагічны інстытут у г. Пнампень.

т. 7, с. 507

КА́МБУРАЎ (Пётр Георгіевіч) (1860 — пасля 1917),

бел. архітэктар, прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскі ін-т грамадз. інжынераў (1885). З 1887 працаваў у Магілёве, у 1888—1917 епархіяльны, у 1892—95 губернскі, у 1895—1914 гар. архітэктар. Пабудаваў гар. т-р (1886—88, гл. Магілёўскі абласны драматычны тэатр), Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, шмат жылых дамоў і культавых будынкаў у Магілёве і Магілёўскай губ.

В.М.Чорнатаў.

т. 7, с. 510

КАМЕ́ДЗІ, гумі,

высокамалекулярныя вугляводы, галоўны кампанент сокаў, выпатаў, якія выдзяляюць расліны пры мех. пашкоджаннях кары ці пры хваробах; поліцукрыды мікраарганізмаў. Утвараюцца ў шматклетачных сакраторных сістэмах (слізевыя хады, залозкі). Выкарыстоўваюцца (агар-агар, гуаран, гуміарабік, дэкстраны і інш.) ў харч., папяровай і інш. прам-сці ў якасці клею, стабілізатараў эмульсій і суспензій; у медыцыне як слізі.

т. 7, с. 510

КАМЕ́ДЫЯ (лац. comoedia, грэч. komōdia ад kōmos вясёлая працэсія + oidē песня),

адзін з жанраў драмы, у якім характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага» жанру проціпастаўлялася «высокаму» жанру — трагедыі. Мае разнавіднасці: сатыр., лір., сац.-бытавая, памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, жарт, фарс, буфанада, скетч. Выкарыстоўвае маст. сродкі выразнасці (гратэск, алагізм, пародыю, іронію, гумар, сарказм і інш.), высмейвае негатыўныя з’явы сац. жыцця, заганы чалавечых характараў, сцвярджае станоўчы ідэал, носьбітам якога можа быць персаніфікаваная асоба або смех.

Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі. «Бацькам» К. лічаць АрыстафанаСтараж. Рыме вылучаліся камедыёграфы Ц.М.Плаўт і П.Тэрэнцый (3—2 ст. да н.э.). У сярэднія вякі К. развівалася ў больш прымітыўных формах фарса, інтэрлюдыі і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона (Іспанія), У.Шэкспіра (Англія), Н.Макіявелі (Італія), Мальера (Францыя). Вял. ўплыў на зах.-еўрап. К. зрабіла італьян. камедыя дэль артэ. У 18 ст. значны ўклад у развіццё жанру зрабілі П.Бамаршэ (Францыя), Г.Лесінг (Германія), Г.Філдынг і Р.Шэрыдан (Англія), К.Гальдоні і К.Гоцы (Італія), Дз.Фанвізін, І.Крылоў (Расія). Высокіх узораў, сац. глыбіні і маштабнасці дасягнула рус. К. ў 19 ст. (А.Грыбаедаў, М.Гогаль, А.Астроўскі, А.Сухачо-Кабылін, Л.Талстой, М.Салтыкоў-Шчадрын). У канцы 19 — пач. 20 ст. вылучыліся «К. ідэй» Б.Шоу, «К. настрояў» А.Чэхава, адметныя павышаным псіхалагізмам, шматграннасцю раскрыцця характараў. Стылёвымі пошукамі адзначаны творы Б.Брэхта, І.Л.Караджале, А.Фрэдра, Б.Нушыча, К.Чапека, Л.Пірамдэла, Э. Дэ Філіпа, Ж.Ануя, Э.Іанеска. Папулярнасцю карыстаюцца камедыйныя творы У.Маякоўскага, М.Булгакава, М.Пагодзіна, А.Карнейчука, В.Розава і інш.

На Беларусі К. развіваецца з глыбокай старажытнасці. Яе элементы праяўляліся ў нар. рытуалах, гульнях, святах, тэатралізаваных паказах, у батлейцы. У кананічныя тэксты школьнага тэатра, народнай драмы як інтэрмедыі ўключаліся камедыйныя сцэнкі, якія давалі магчымасць нар. творцам іранізаваць над чалавечымі недахопамі, сатырай і смехам кляйміць прыгнятальнікаў. Нар. камедыйныя сцэнкі карысталіся поспехам ў гледачоў, спрыялі дэмакратызацыі сцэнічнага мастацтва. К. фальклорнага т-ра дасягнула ідэйна-маст. вышынь і паўплывала на бел. прафес. драматургію («Камедыя» К.Марашэўскага). На высокі прафес. ўзровень жанр К. ўзнялі творы В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты» (2-я пал. 19 ст.), у якіх яркі, спецыяльна падкрэслены камізм становішчаў і сітуацый спалучаўся з сац. зместам. У пач. 20 ст. гэту традыцыю прадоўжыў К.Каганец (п’еса «Модны шляхцюк»). Класічным узорам бел. К. стала «Паўлінка» Я.Купалы, а таксама яго вадэвіль «Прымакі», п’еса «Тутэйшыя». У жанры К. шмат і плённа працаваў У.Галубок, пераважна як стваральнік п’ес сац.-бытавога характару, востраканфліктных («Суд», «Пісаравы імяніны», «Пінская мадонна», «Ветрагоны»), Нар. лубачнасцю, камедыйнай падкрэсленасцю сітуацый вызначаюцца драм. творы «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт» і «Пасланец» Л.Родзевіча. У 1920-я г. значнае развіццё атрымала сатыр. К. («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е.Міровіча). Камедыйным майстэрствам, дынамізмам інтрыгі, завершанасцю сюжэта, псіхал. глыбінёй характараў вызначаюцца сатыр. творы «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек» К.Крапівы. Шырокім выкарыстаннем фалькл. матываў пазначана К. «Несцерка» В.Вольскага. Каларытнасць характараў, актуальнасць праблематыкі, непрымірымасць да любых праяў амаральнасці, гуманіст. страснасць уласцівыя камедыйным творам А.Макаёнка («Выбачайце, калі ласка!» «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал» і інш.). У 1970-я — пач. 1980-х г. важкім укладам у развіццё нац. камедыяграфіі сталі п’есы «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Адкуль грэх?», «Злыдзень», «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, у якіх шырокая палітра ўласнакамедыйных, вадэвільных і сатырычных фарбаў. Атрымала развіццё аднаактовая К. (А.Махнач, А.Рылько, В.Зуб, У.Няфёд, Н.Гілевіч, Г.Марчук і інш.).

Літ.:

Сахновский-Панкеев В.А. О комедии. Л.;

М., 1964;

Штейн А.Л. Философия комедии // Контекст, 1980. М., 1981;

Саннікаў АК. Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1973.

А.В.Сабалеўскі.

т. 7, с. 510

КАМЕ́ДЫЯ ДЭЛЬ А́РТЭ (Commedia dell’arte),

камедыя масак, від італьян. т-ра сярэдзіны 16—18 ст., спектаклі якога ствараліся метадам імправізацыі на аснове сцэнарыя (сюжэтная схема). Персанажамі былі тыповыя маскі, якія пераходзілі з аднаго спектакля ў другі. Наследавала рэаліст. традыцыі нар. фарса, маскі і буфанаду карнавальных дзеяў, выкарыстоўвала некат. матывы і сюжэты гуманістычнай «вучонай камедыі» («камедыя эрудыта»). Буфонна яркія паказы К.д.а. на нар. дыялектах былі насычаны вулічнымі мелодыямі і песнямі, лацамі (трукамі), плебейскімі кпінамі, мелі сатыр. накіраванасць. Душой спектакля былі слугі — Брыгела, Арлекін, Каламбіна, Пульчынела і інш., аб’ектам пастаяннай сатыры — купец Панталоне, дваранін Капітан, ілжэвучоны Доктар і інш. Вядомыя акцёры К.д.а.: Ф. і І.Андрэіні (16 ст.), Дж.Б’янкалелі, Т.Ф’ярылі (17 ст.), А.Сакі (18 ст.). К.д.а. паўплывала на фарміраванне нац. камед. драматургіі і сцэн. мастацтва і інш. еўрап. краін (асабліва на драматургію К.Гальдоні, К.Гоцы, Мальера).

т. 7, с. 511

«КАМЕ́ДЫЯ ПРА ЯКУ́БА І ІО́СІФА, ПАТРЫЯ́РХАЎ»

(«Comoedia de Jacob et Joseph Patriarchis»),

школьная драма, «эўхарыстычны дыялог» (ад грэч. eucharistia падзяка). Напісана на лац. мове езуітам Я.Пылінскім, паст. ў Гродзенскім езуіцкім калегіуме ў 1651. Уваходзіла ў рукапісны зборнік (загінуў у 1944), апісаны А.Брукнерам і У.Ператцам. Змест драмы невядомы. Вядомы толькі змест пралога і эпілога, напісаных лацініцай бел.-польскіх інтэрмедый. У іх выкарыстаны апакрыфічныя сюжэты, з пазіцый бел. сялянства крытыкаваўся сац.-рэліг. змест уніі і каталіцызму. Гал. герой інтэрмедый селянін Іван, а ў эпілогу і царкоўны паслугач гавораць па-беларуску. Інтэрмедыі апубл. А.Брукнерам (1891).і Я.Карскім (1921).

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1921. Т. 3, вып. 2. С. 214—238;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні. славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 171—173.

т. 7, с. 511

«КАМЕДЫ́ ФРАНСЭ́З»

(Comédie Franęaise, афіц. назва «Тэатр Франсэ», «Théatre-Franęais),

старэйшы нац. т-р Францыі. Засн. ў 1680 у Парыжы паводле ўказа Людовіка XIV, які аб’яднаў т-р Мальера, што раней зліўся з т-рам «Марэ», і т-р «Бургундскі атэль». Валодаў манаполіяй на выкананне літ. драмы, атрымліваў датацыю, што дазваляла запрашаць лепшых акцёраў. Стаў школай акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства. У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. «К.Ф.» распаўся на «Тэатр Нацыі» і «Тэатр Рэспублікі», якія ў 1799 зноў аб’ядналіся пад назвай «К.Ф.». У розны час у «К.Ф.» выступалі Ф.Ж.Тальма, Э.Рашэль, С.Бернар, Б.К.Каклен, Ж.Л.Баро і інш. У наш час «К.Ф.» захоўвае ў рэпертуары творы Мальера, П.Карнеля, Ж.Расіна, П.Бамаршэ, класічныя традыцыі.

т. 7, с. 510