Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЗЁННАЯ ПАЛА́ТА,

губернскі орган Мін-ва фінансаў па дэпартаменце дзярж. казначэйства Рас. імперыі ў 1775—1917. Складалася з кіраўніка (да 1845 ім быў віцэ-губернатар, пазней — прызначаны старшыня) і паўкалегіяльнай канцылярыі з назначаных дарадцаў, асэсараў, губ. казначэя. Мела аддзяленні: гаспадарчае, лясное, піцейных збораў, казначэйскае, кантрольнае. У выніку рэформы 1863 функцыі К.п. зведзены да вузка фінансавых пытанняў (размеркаванне прамых падаткаў, таргі на казённыя падрады, рэвізія казначэйстваў).

В.​В.​Швед.

т. 7, с. 426

КАЗІМІРО́ЎСКІ (Саламон Савельевіч) (н. 28.4.1915, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1940). У 1940—41 рэжысёр, у 1967—75 гал. рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Коласа. Творчасці ўласцівы пошукі вобразнай сцэн. формы, псіхалагізм. Спектаклі паводле твораў бел. аўтараў вызначаюцца беражлівымі адносінамі да нар. традыцый, нац. каларытам. Сярод лепшых пастановак: «Лекар паняволі» Мальера (1940), «Шостага ліпеня» М.​Шатрова (1967, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Трыбунал» А.​Макаёнка (1970), «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра (1971), «Багна» А.​Астроўскага і «Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна (абедзве 1972), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта, «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага (абедзве 1976), «Заставайцеся сонцам» А.​Папаяна (1977) і інш.

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 427

КАЗІМІ́РСКАЯ (Іна Іванаўна) (н. 29.4.1937, в. Чырвоная Зорка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. педагог. Д-р пед. н. (1992), праф. (1993). Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1959). Настаўнічала. З 1971 у Бел. пед. ун-це. З 1994 у БДУ. Даследуе праблемы маральна-эстэт. выхавання вучняў, прафес. падрыхтоўкі настаўнікаў школ.

Тв.:

Нравственно-эстетическое воспитание школьников. 2 изд. Мн., 1988 (разам з К.​У.​Гаўрылавец);

Мышленне учителя и пути его формирования. Ч. 1—2. Мн., 1992.

т. 7, с. 427

КАЗІМІ́Р I Аднавіцель

(Kazimierz I Odnowiciel; 25.7.1016—24.10 ці 28.11.1058),

старажытнапольскі князь (1039(7)—1058] з дынастыі Пястаў. Заняў прастол пры падтрымцы герм. імператара Генрыха III і Венгрыі ва ўмовах заняпаду цэнтр. улады, адасаблення Памор’я і Мазовіі, нар. паўстання і нападу чэш. кн. Бржэціслава I на Сілезію і Велікапольшчу. Заключыў саюз з кіеўскім князем Яраславам Мудрым (1041) і з яго дапамогай вярнуў Мазовію (каля 1047). У 1050 адваяваў у чэхаў Сілезію. Аднавіў дзярж. структуры з цэнтрам у Кракаве, а таксама сетку польскіх біскупстваў.

т. 7, с. 426

КАЗІМІ́Р III Вялікі

(Kazimierz III Wielki; 30.4.1310, г. Коваль, Польшча — 5.11.1370),

польскі кароль [1333—70]; апошні кароль з дынастыі Пястаў. Імкнуўся да ўзмацнення і аднаўлення цэласнасці Польшчы, апіраючыся на саюз з Венгрыяй і папствам. У 1343 заключыў мір з крыжакамі. У 1349—52 пры падтрымцы Венгрыі захапіў б.ч. былога Галіцка-Валынскага княства, у 1356 падпарадкаваў Мазовію, у 1365 — Сантак і Дрэздэнка, у 1368 адваяваў у Брандэнбурга ч. Новай Маркі. Імкнуўся да цэнтралізацыі ўлады, спрыяў развіццю гарадоў, рамёстваў, гандлю. Ажыццявіў кадыфікацыю звычаёвага права (гл. Вісліцка-Петракоўскія статуты 1346—47), у 1334 выдаў прывілей для яўрэяў з мэтай урэгулявання іх прававога статуса ў Польшчы, упарадкаваў падаткі і правёў грашовую рэформу. Пабудаваў каля 50 замкаў. Заснаваў у Кракаве ун-т (1364, першы ў Польшчы).

Літ.:

Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;

Dąbrowski I. Kazimierz Wielki, twórca Korony Królestwa Polskiego. Wrocław etc., 1964.

т. 7, с. 426

КАЗІМІ́Р IV Ягелончык

(30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492),

вял. князь ВКЛ [1440—92], кароль польскі [1447—92]. Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пасля абрання К. IV на польскі трон паміж ВКЛ і Польшчай устаноўлена персанальная унія, ВКЛ захавала незалежнасць. Вярнуў ВКЛ з Польшчы Дарагічынскую зямлю (1444), замацаваў у складзе дзяржавы Валынь, канчаткова далучыў да ВКЛ Жамойць. Дзеля пашырэння асабістых і маянтковых правоў баяр выдаў прывілей 1447. У час яго панавання ў ВКЛ узмацнілася роля паноў-рады. Вымушаны быў змагацца з апазіцыяй бел.-літ. арыстакратыі. У 1441 групоўка слуцкага кн. Алелькі Уладзіміравіча вымусіла К. IV перадаць Алельку Кіеўскае княства. Вёў барацьбу з прэтэндэнтам на велікакняжацкі пасад кн. Міхаілам Жыгімонтавічам. У 1471 ліквідаваў удзельнае Кіеўскае княства. Каб з’яднаць пануючае саслоўе, пачаў раздачу маёнткаў баярам. Выдаў Судзебнік 1468, з якога пачалася кадыфікацыя феад. права ў дзяржаве. Знешняя палітыка К. IV на ўсходзе была накіравана на ўтрыманне рус. княстваў у складзе ВКЛ (гл. Дагавор 1449), падтрымку Вял. Арды ў яе барацьбе супраць Масквы. Вёў барацьбу з Крымскім ханствам (былым саюзнікам). У Польшчы абапіраўся на сярэднюю шляхту і вёў барацьбу з магнацкай апазіцыяй. Выдаў Няшаўскія статуты 1454, якімі пашыраліся і ўзмацняліся правы шляхты і шляхецкіх земскіх сеймікаў, а магнаты пазбаўляліся выключнага права займаць дзярж. пасады. У 1454—66 вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам (ВКЛ не ўдзельнічала), у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора, ордэн прызнаў сваю васальную залежнасць ад польскай дзяржавы. У дынастычнай палітыцы дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Венгрыі.

Л.​П.​Грыцкевіч.

Казімір IV Ягелончык.

т. 7, с. 426

КА́ЗІН (Васіль Васілевіч) (6.8.1898, Масква — 1.10.1981),

рускі паэт, адзін з пачынальнікаў рабочай тэмы ў рус. лірыцы. Арганізатар і ўдзельнік літ. групы пралетарскіх пісьменнікаў «Кузніца». Друкаваўся з 1914. У зб. вершаў «Рабочы май» (1922) услаўляў вольную працу. Прастата, канкрэтнасць лірыкі К. адрознівалі яе ад касмізму і абстрактнасці «Кузніцы». У паэме «Лісіная шуба і каханне» (1926) выкрываў мяшчанскую мараль.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. М., 1964;

Избранное. М., 1978.

т. 7, с. 427

КАЗІНЕ́Ц (Ісай Паўлавіч) (падп. мянушкі Слава Юрыгін, Слаўка Пабядзіт; 1910, г. Батумі — 7.5.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля. Герой Сав. Саюза (1965). Напярэдадні вайны працаваў у Беластоку. У пач. акупацыі Мінска арганізаваў і ўзначаліў падп. групу ў Кастрычніцкім р-не горада. Уваходзіў у Мінскі падп. гарком КП(б)Б, адказваў за сувязь з падпольшчыкамі гета, кіраваў адпраўкай партызанам папаўнення, зброі, медыкаментаў. Адзін з арганізатараў падп. друкарні, дзе выдаваў лістоўкі, падп. лісток «Вестник Родины». 27.3.1942 арыштаваны і пасля катаванняў павешаны. На месцы пакарання смерцю ў Цэнтр. скверы — мемарыяльны знак.

І.П.Казінец.

т. 7, с. 427

КАЗІНЕ́Ц (Міхаіл Антонавіч) (н. 18.5.1938, в. Цынцавічы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1978), нар. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (цяпер Бел. акадэмія музыкі) па класах баяна (1965) і оперна-сімф. дырыжыравання (1973), з 1966 выкладае ў ёй (праф. з 1990, рэктар з 1985). З 1972 дырыжор, з 1975 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.​Жыновіча. У рабоце з аркестрам вял. ўвагу аддае пытанням строю, збалансаванасці гучання розных арк. груп, нюансіроўцы, тэмбравай маляўнічасці. К. — першы інтэрпрэтатар многіх твораў бел. музыкі, у т. л. кантаты для хору, салістаў і нар. аркестра «Родныя песні» Ю.​Семянякі, Канцэрта для фп. і нар. аркестра Г.​Вагнера, «Святочнай паэмы» і «Юбілейнай уверцюры» Я.​Глебава, 2-га канцэрта для цымбалаў і аркестра і Рапсодыі для 2 цымбалаў і аркестра Дз.​Смольскага, Сімфаньеты і уверцюры «Беларускія вячоркі» К.​Цесакова, Канцэрта для аркестра нар. інструментаў В.​Іванова, фрэскі-карціны «Зямля бацькоў» і уверцюры «Свята ўраджаю» В.​Войціка, сімфоніі «Памяць Зямлі», муз. карціны «На Купалле», канцэрціна «Народныя гульні», апрацовак нар. мелодый «Бульба», «Крыжачок», «Саўка ды Грышка» А.​Мдывані і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

М.А.Казінец.

т. 7, с. 427

КАЗІНО́ (франц. casino ад італьян. casino домік),

клуб, ігральны дом з рэстаранам і азартнымі гульнямі (карты, рулетка і інш.).

т. 7, с. 427