ГА́ННА ІВА́НАЎНА
(7.2.1693, Масква — 28.10.1740),
расійская імператрыца [1730—40]. З дынастыі Раманавых. Дачка Івана V Аляксеевіча, пляменніца Пятра І. Герцагіня Курляндская (1710—11). Запрошана на прастол Вярхоўным тайным саветам на пэўных умовах («кандыцыях»), якія прадугледжвалі абмежаванне манарх. улады на карысць феад. арыстакратыі. Пры падтрымцы дваранства і афіцэраў гвардыі на пачатку царавання адмовілася ад «кандыцый» і ліквідавала Вярх. тайны савет (4.3.1730). Дала шэраг прывілеяў дваранам (права на валоданне населенымі маёнткамі, абмежаванне тэрміну грамадз. і ваен. службы да 25 гадоў і інш.), заснавала Кабінет міністраў (1731). Пры Ганне Іванаўне заключаны гандл. дагавор паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй (1734), адбылася рус.-тур. вайна 1735—39, у выніку якой Расія набыла крэпасць Азоў. Значную ролю ў кіраванні дзяржавай адыгрываў яе фаварыт граф. Э.І.Бірон (гл. Біронаўшчына).
т. 5, с. 28
ГА́ННА КАМНІ́НА
(Anna Komnēnē; 1.12.1083, г. Канстанцінопаль, цяпер г. Стамбул, Турцыя — каля 1154),
візантыйскі гісторык, пісьменніца. Дачка імператара Аляксея І Камніна, жонка дзярж. дзеяча і гісторыка Нікіфара Врыенія. Вывучала л-ру, філасофію, гісторыю, геаграфію і інш. Пасля смерці бацькі (1118) узначаліла няўдалую змову з мэтай скінуць свайго брата Іаана II Камніна і пасадзіць на трон мужа. Трапіўшы ў апалу, канец жыцця правяла ў манастыры. Пасля смерці мужа (каля 1140) давяла да канца яго няскончаныя «Гістарычныя запіскі» (пазней выкарыстала іх у «Алексіядзе»). У 1148 завяршыла свой гіст. твор «Алексіяда», які ахоплівае падзеі 1069—1118. Нягледзячы на суб’ектывізм і тэндэнцыйнасць, твор — адзін з лепшых помнікаў візант. прозы, каштоўная крыніца па гісторыі Візантыі і 1-га крыжовага паходу.
Тв.:
Рус. пер. — Алексиада. СПб., 1996.
Літ.:
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988;
Dalven R. Anna Comnena. New-York,1972.
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 29
ГА́ННА СЦЮ́АРТ
(Anne Stuart) (6.2.1665, Лондан—1.8.1714),
каралева Англіі, Шатландыі і Ірландыі з 1702, з 1707 Вялікабрытаніі; апошняя з дынастыі Сцюартаў. Дачка караля Якава II. Узышла на прастол у адпаведнасці з актам аб прастоланаследаванні (1701), які значна абмяжоўваў правы кароны. Пры ёй пачаў усталёўвацца парадак, паводле якога ўрад фарміраваўся з дзеячаў партыі (вігі або торы), якая мела большасць у палаце абшчын.
т. 5, с. 29
ГА́ННА ЯГЕЛО́НКА
(Anna Jagiellonka; 18.10.1523, г. Кракаў, Польшча — 9.9.1596),
каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1575—76). Дачка Жыгімонта І Старога і Боны Сфорцы, сястра Жыгімонта II Аўгуста, жонка Стафана Баторыя. Пасля смерці ў 1572 апошняга з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта II Аўгуста шляхта абавязала будучага караля ўзяць шлюб з Ганнай Ягелонкай. У перыяд бескаралеўя 1575 абвешчана каралевай, у мужы ёй прызначаны Стафан Баторый; шлюб заключаны ў 1576. Аўдавеўшы ў 1585, Ганна Ягелонка дамаглася абрання на прастол Польшчы і ВКЛ свайго пляменніка Жыгімонта III Вазы. Апекавала Кракаўскую акадэмію, падтрымлівала цесныя сувязі з папскім нунцыем і езуітамі (Пётр Скарга). У якасці спадчыны валодала Кобрынскай эканоміяй, дала гарадам эканоміі Кобрыну і Гарадцу магдэбургскае права і гербы. У 1589 асабіста ўручыла жыхарам Кобрына прывілей, падпісаны каралём.
І.А.Масляніцына.
т. 5, с. 29
ГАНО́ВЕР
(Hannover),
горад у Германіі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Саксонія. 524,8 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на р. Лайне і Сярэднегерманскім канале. Міжнар. аэрапорт. Прамысл. і гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць: лакаматыва-, вагона-, аўта- і трактарабудаванне, агульнае машынабудаванне, эл.-тэхн., каляровая металургія, гумавая; прадпрыемствы хім., харч. (плода- і мясакансервавай, цукр. і інш.), тэкст., мэблевай, папяровай, паліграф. прам-сці. Метрапалітэн. Тэхн. ун-т. Оперны т-р. Акадэмія музыкі і т-ра. Гатычныя цэрквы (14 і 17 ст.) і Старая ратуша (15 ст.); рэнесансавы палац Герэнгаўзен (17—18 ст.). Штогадовы прамысл. кірмаш.
Упершыню ўпамінаецца каля 1100. У 1163 рэзідэнцыя герцага Генрыха Льва. З 1189 горад, гар. правы атрымаў у 1241. У 1360 пабудаваны замак. З 1386 чл. Ганзы. У 15 ст. Ганза — буйны цэнтр гандлю, суднаходства і прам-сці, у 16 ст. прыйшоў у заняпад. У 1532—33 уведзена Рэфармацыя. З 1636 сталіца княства Каленберг, з 1692 — курфюрства, з 1814 — каралеўства Гановер, з 1866 — адм. цэнтр прускай правінцыі. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны. З 1946 адм. цэнтр зямлі Ніжняя Саксонія.
т. 5, с. 29
ГАНО́ВЕРСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,
каралеўская дынастыя ў Вялікабрытаніі ў 1714—1901. Змяніла дынастыю Сцюартаў. Прадстаўнікі Гановерскай дынастыі: Георг І
[1714—27],
Георг II [1727—60], Георг III [1760—1820], Георг IV [1820—30], Вільгельм IV [1830—37], Вікторыя [1837—1901]. Пасля ўступлення на прастол Эдуарда VII, сына Вікторыі і прынца Альберта (прадстаўнік герм. дома Сакс-Кобург-Гота), пачалося праўленне Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі (з 1917 Віндзорская дынастыя).
т. 5, с. 29
ГАНО́ВЕРСКАЯ ПАРО́ДА верхавых коней. Выведзена ў 19 ст. ў Германіі скрыжаваннем мясц. коней з чыстакроўнымі верхавымі і галштынскімі жарабцамі. Раней выкарыстоўвалі на с.-г. работах, больш лёгкіх коней — у кавалерыі; зараз (у т. л. на Беларусі) — у конным спорце і племянной рабоце.
Коні з вял., часта гарбаносай галавой, шырокай, мускулістай спіной і шыяй, шырокімі глыбокімі грудзямі і моцнымі канечнасцямі. Выш. ў карку 160—164 см. Масць — вараная, гнядая, бурая, шэрая. Вызначаюцца энергічным тэмпераментам, магутным скачком. Выкарыстоўваецца ў спаборніцтвах па пераадольванні перашкод і ў выездцы.
М.А.Гарбукоў.
т. 5, с. 29
ГАНО́ІДЫ
(Ganoidei, Ganoidomorpha),
інфраклас (надатр.) прымітыўных выкапнёвых і сучасных прамянёвапёрых кл. касцявых рыб. 2 надатр.: храстковыя рыбы з 1 вымерлым атр. і 2 сучаснымі (асетрападобныя і мнагапёрападобныя), касцявыя рыбы з 5 вымерлымі атр. і 2 сучаснымі [аміяпадобныя (Amiiformes) і панцырнікападобныя (Lepisosteiformes)]. Выкапнёвыя ганоіды вядомы з сярэдняга дэвону. На Беларусі выяўлены ў пясчана-гліністых пародах пярмі і трыясу Прыпяцкай упадзіны. 10 сучасных родаў, 43 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і і трапічнай Афрыцы (мнагапёрападобныя). Найб. вядомыя асятры, бялуга, калуга, амія, лапатаносы, весланосы, панцырнікі.
Даўж. ад 3—5 см (выкапнёвыя) да 9 м. Захавалі многія стараж. адзнакі: ёсць хорда, чэрап у значнай ступені храстковы, адсутнічаюць целы пазванкоў, луска пераважна ганоідная, рамбічная, хваставы плаўнік няроўналопасцевы (гетэрацэркальны); плавальны пузыр звычайна ячэісты; ёсць рэдукаваныя спіральны клапан і артэрыяльны конус, у некаторых — пырскальца.
т. 5, с. 29
ГАНО́Н (Hanno) Мараплавец, карфагенскі флатаводзец 7—6 ст. да н.э. Здзейсніў плаванне ўздоўж зах. берага Афрыкі і заснаваў некалькі пунійскіх калоній. Апісанне плавання Ганона («Перыпл») дайшло ў стараж.-грэч. перапрацоўцы.
т. 5, с. 29
ГАНСА́ЛВІС ДЫ́ЯС
(Goncąlves Dias) Антоніу (10.8.1823, г. Кашыяс, Бразілія — 9.11.1864),
бразільскі паэт, драматург. Прадстаўнік рамантычнай паэзіі, адзін з першых індыяністаў. У яго творчасці класічныя формы спалучаны з нац. тэматыкай. Звяртаўся да гісторыі, быту і фальклору індзейцаў: зб-кі «Першыя песні» (1846), «Другія песні» (1848), «Апошнія песні» (1851), паэма «І Жука—Пірама» (1851) і інш. Пафас яго паэзіі — захапленне прыгажосцю роднай краіны, высакародствам яе спрадвечных жыхароў (індзейцаў), суровай чысцінёй іх звычаяў. Яго патрыятычная, прыродаапісальная і інтымная лірыка часам прасякнута трагічным светаадчуваннем (вершы «Песня выгнання», «Калі паміраюць ад кахання...» і інш.). У зб. «Сексціны брата Антона» (1848), п’есах «Паткуль», «Беатрычэ Чэнчы» (абедзве 1843), «Донна Леанор ды Мендоса» (1847) адлюстраваў побыт сярэдневяковай Еўропы. Вядомы як гісторык, этнограф і мовазнавец.
т. 5, с. 29