ГАНО́ІДЫ

(Ganoidei, Ganoidomorpha),

інфраклас (надатр.) прымітыўных выкапнёвых і сучасных прамянёвапёрых кл. касцявых рыб. 2 надатр.: храстковыя рыбы з 1 вымерлым атр. і 2 сучаснымі (асетрападобныя і мнагапёрападобныя), касцявыя рыбы з 5 вымерлымі атр. і 2 сучаснымі [аміяпадобныя (Amiiformes) і панцырнікападобныя (Lepisosteiformes)]. Выкапнёвыя ганоіды вядомы з сярэдняга дэвону. На Беларусі выяўлены ў пясчана-гліністых пародах пярмі і трыясу Прыпяцкай упадзіны. 10 сучасных родаў, 43 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і і трапічнай Афрыцы (мнагапёрападобныя). Найб. вядомыя асятры, бялуга, калуга, амія, лапатаносы, весланосы, панцырнікі.

Даўж. ад 3—5 см (выкапнёвыя) да 9 м. Захавалі многія стараж. адзнакі: ёсць хорда, чэрап у значнай ступені храстковы, адсутнічаюць целы пазванкоў, луска пераважна ганоідная, рамбічная, хваставы плаўнік няроўналопасцевы (гетэрацэркальны); плавальны пузыр звычайна ячэісты; ёсць рэдукаваныя спіральны клапан і артэрыяльны конус, у некаторых — пырскальца.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)