БЯЛО́Ў Георгій Дзмітрыевіч
(н. 11.1.1922, г. Арысь Чымкенцкай вобл., Казахстан),
бел. вучоны ў галіне земляробства. Д-р с.-г. н. (1971). Скончыў Разанскі с.-г. ін-т (1952). З 1958 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па пытаннях апрацоўкі глеб і тэхналогіі вырошчвання с.-г. культур камбінаванымі машынамі.
т. 3, с. 400
БЯЛО́Ў Мікалай Васілевіч
(14.12.1891, г. Янаў, Польшча — 5.3.1982),
савецкі крышталёграф, геахімік, адзін з заснавальнікаў структурнай мінералогіі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Чл. Польскай АН (1978), Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Петраградскі політэхн. ін-т (1921). З 1938 у Ін-це крышталяграфіі АН СССР, з 1946 у Горкаўскім, з 1953 у Маскоўскім ун-тах. Навук. працы па тэорыі шчыльнай упакоўкі атамаў у крышталях, крышталяхіміі сілікатаў, метадах расшыфроўкі структур мінералаў. Пад кіраўніцтвам Бялова высветлена структура больш як 100 сілікатаў і іх аналагаў. Дзярж. прэмія 1952. Ленінская прэмія 1974. Залаты медаль імя М.В.Ламаносава АН СССР 1966.
т. 3, с. 400
БЯЛО́Ў Павел Аляксеевіч
(18.2.1897, г. Шуя Іванаўскай вобл., Расія — 3.12.1962),
удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У Чырв. Арміі з 1918. З чэрв. 1942 камандуючы 61-й арміяй, якая вызваляла Калінкавічы, Мазыр, Пінск, Кобрын, Брэст. Да 1955 на камандных пасадах у Сав. Арміі.
т. 3, с. 400
БЯЛО́Ў Рыгор Андрэевіч
(12.10.1901, с. Сара Сурскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 23.6.1994),
удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-лейт. (1953). Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1930), Вышэйшыя акад. курсы пры акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Бранскім, Варонежскім, Паўд.-Зах., Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах. 16-я гвардз. кав. дывізія пад яго камандаваннем вызначылася восенню 1943 у баях пры фарсіраванні Дняпра на Гомельшчыне, ліквідацыі рэчыцкай групоўкі праціўніка, вызваленні г. Мазыр. Да 1962 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «Шлях мужнасці і славы» (3-е выд. 1985).
т. 3, с. 400
БЯЛО́Ў Сяргей Міхайлавіч
(н. 19.9.1925, в. Дзяшоўкі Калужскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1986). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1956). З 1956 у Бел. політэхн. акадэміі, у 1975—88 прарэктар. У 1969—75 рэктар Магілёўскага машынабуд. ін-та. Навук. працы па стварэнні абсталявання і распрацоўцы методык для правядзення выпрабаванняў аўтатрактарнай тэхнікі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможніка «Трактары» (1972, 1977).
Тв.:
Тракторы. Ч. 1. КонструкцИИ. Мн., 1979 (у сааўт.);
Тракторы. Ч. 4. Испытания. Мн., 1986 (разам з А.С.Салонскім).
т. 3, с. 400
БЯЛУ́ГА
(Huso huso),
рыба сям. асятровых атр. асетрападобных. Пашырана ў бас. Каспійскага, Чорнага, Азоўскага і Адрыятычнага мораў. Прахадная. Раней па Дняпры заходзіла ў рэкі Беларусі на нераст. Да пач. 20 ст. ў Сажы і Дняпры лавілі бялугу масай каля 300 кг, пазней не траплялася. У 1973—74 у рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) завезены гібрыд бялугі і сцерлядзі (бесцер) для рыбагасп. выкарыстання.
Даўж. да 9 м, маса да 2 т. Жыве больш за 100 гадоў. Палавая спеласць самцоў у 12—14 гадоў, самак у 16—18. Ёсць азімыя і яравыя формы. Нерастуе раз у некалькі гадоў. Плоднасць да 8 млн. буйных ікрынак. Утварае гібрыды з інш. асятровымі. Дарослая корміцца рыбай, моладзь — доннымі беспазваночнымі. Каштоўная прамысл. рыба. Ікра — далікатэсны прадукт. Колькасць скарацілася. Аб’ект развядзення.
т. 3, с. 400
БЯЛУ́ХА
(Delphinapterus leucas),
млекакормячае падатр. зубатых кітоў сям. дэльфінавых. Адзіны від роду. Пашырана ў морах Арктыкі і ў прылеглых Берынгавым і Ахоцкім морах. У вельмі суровыя зімы трапляецца каля берагаў Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, заходзіць у Балтыйскае м.
Даўж. да 6 м, маса да 2 т. Галава круглаватая, невялікая. Афарбоўка цела ў дарослых белая або жоўтая, у маладых шэрая і блакітная. Корміцца рыбай і ракападобнымі, у пагоні за рыбай заходзіць у рэкі. Добра пераносіць няволю. Важны прамысл від. Цэніцца за моцную скуру і высакаякасны тлушч.
т. 3, с. 400
БЯЛУ́ХА,
самая высокая вяршыня Алтая, ва ўсх. ч. Катунскага хр., у Расійскай Федэрацыі. Складаецца з падзеленых седлавінай Усх. Бялуха (4506 м) і Зах. Бялуха (4440 м), складзеных з гранітаў, гнейсаў і метамарфічных сланцаў. Ледавікі Мёнсу, Вял. Бярэльскі, Мюштуайры, Катунскі і інш., агульнай пл. больш за 70 км².
т. 3, с. 400
БЯЛЫ́НІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў ліп. 1941 — кастр. 1943 у Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. Група ў г.п. Бялынічы налічвала больш за 20 чал.
(кіраўнікі І.С.Корзун, Л.У.Бабіч),
група ў в. Вял. Трылесін — 10 чал. (кіраўнікі І.А.Марозаў, У.В.Лапухін). Падпольшчыкі прымалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, зрывалі вываз моладзі ў Германію, мелі сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, разведданыя, прымалі ўдзел у сумесных дыверсіях. У в. Вял. Трылесін у гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
т. 3, с. 400