Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАНДУ́НГСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1955,

канферэнцыя 29 краін Азіі і Афрыкі, якая адбылася 18—24 красавіка ў г. Бандунг (Інданезія). Яе ініцыятары Бірма, Індыя, Інданезія, Пакістан і Цэйлон. Канферэнцыя асудзіла каланіялізм, палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі; яе рашэнні замацаваны ў рэзалюцыях (аб праблемах залежных народаў, правах чалавека, аб самавызначэнні, эканам. і культ. супрацоўніцтве) і дэкларацыі аб садзейнічанні ўсеагульнаму міру і супрацоўніцтву, у аснову якой пакладзены пяць прынцыпаў мірнага суіснавання (Панча шыла). Ідэі Бандунгскай канферэнцыі леглі ў аснову Каірскай канферэнцыі салідарнасці краін Азіі і Афрыкі (1957—58) і Акрскіх канферэнцый краін Афрыкі (1958).

т. 2, с. 278

БАНДУ́РА

(польск. bandura ад грэч. pandura),

украінскі нар. шматструнны (7—40) шчыпковы інструмент тыпу лютнепадобных. Вядома з 15 ст. Наз. таксама кобзай. Мае драўляны выдзеўбаны корпус грушападобнай формы, значна расшыраны злева. Дэка плоская, з круглай ці зоркападобнай рэзанатарнай адтулінай, шыйка кароткая, без ладоў, невял. адагнутая галоўка з завітком. Меладычныя струны («прыстрункі») нацягнуты ўздоўж корпуса і мацуюцца з яго левага боку, басовыя (бунты) — уздоўж грыфа, мацуюцца калкамі на галоўцы (служаць для акампанементу). Гукарад дыятанічны (цяпер часцей храматычны).У 1920-х г. бандура ўдасканалена, павялічылася колькасць струн, утварылася сям’я бандур — прыма, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца ў капэлах бандурыстаў, аркестрах і ансамблях нар. інструментаў.

т. 2, с. 278

БАНДЫПУ́Р,

нацыянальны парк на Пд Індыі, на Дэканскім пласкагор’і, у паўн. адгор’ях горнага масіву Нілгіры. Засн. ў 1941 (да 1973 рэзерват). Пл. каля 85,5 тыс. га. Вышыня да 1223 м. Сухія лістападныя лясы, крывалессе з пышным травастоем. Багатая фауна млекакормячых (слон, тыгр, леапард, мядзведзь гібаян, алені, малпа, антылопы, грызуны), птушак, рэптылій.

т. 2, с. 278

БАНДЫТЫ́ЗМ,

злачынная дзейнасць, звязаная з удзелам у грабежніцкіх бандах з мэтай нападу на дзярж. або грамадскія прадпрыемствы, установы, арг-цыі, асобных грамадзян. Характарызуецца наяўнасцю арганізаванай узбр. групы з 2 і больш асоб. Вінаватыя ў небяспечных злачынствах паводле КК Рэспублікі Беларусь караюцца доўгатэрміновым пазбаўленнем волі, а пры абцяжваючых акалічнасцях — смерцю.

т. 2, с. 278

БАНДЭ́РА Сцяпан Андрэевіч

(1.1.1909, с. Стары Угрынаў Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 15.10.1959),

дзеяч украінскага нац. руху, лідэр Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). Чл. АУН з 1929, з 1940 (пасля яе падзелу) кіраўнік фракцыі бандэраўцаў — АУН(б). Арганізоўваў і ажыццяўляў тэрарыст. дзейнасць супраць польск. улад у адказ на іх антыўкр. палітыку на Зах. Украіне. Двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. З пач. 2-й сусв. вайны супрацоўнічаў з гітлераўскімі спецслужбамі. За абвяшчэнне без згоды ням. акупац. улад акта пра ўтварэнне «Украінскай самастойнай саборнай дзяржавы» зняволены ў канцлагеры Заксенгаўзен і Араніенбург. З 1943 АУН(б) абвясціла стратэгію «двухфрантавой» барацьбы (у тым ліку і на тэр. Бел. Палесся) супраць Берліна і Масквы. Бандэра вызвалены з канцлагера па загадзе Г.Гімлера ў кастр. 1944. Пасля вайны жыў у Мюнхене. Быў атручаны.

т. 2, с. 279

БАНЕ́ВІЧ Ян

(?—1881),

бел. жывапісец, партрэтыст. Вучыўся ў Вільні ў Я.Рустама. Сярод работ партрэты бел. і польскіх гіст. дзеячаў: І.Славацкага, А.Валіцкага, Е.Станевіча, «Партрэт І.Тышкевіча, старосты вяляціцкага» (1859, копія з партрэта 18 ст.) і інш.

т. 2, с. 279

БАНЕ́ЛІЯ

(Bonellia),

род марскіх беспазваночных жывёл тыпу эхіўрыд. Некалькі відаў. Вядуць рыючы спосаб жыцця. Найб. вядома Bonellia viridis. Пашыраная ў прыбярэжнай ч. Міжземнага м. і Атлантычнага ак., каля берагоў Еўропы.

Цела самкі Bonellia viridis (да 7 см) з доўгім, раздвоеным на канцы хобатам, які можа выцягвацца (да 1 м) і служыць для захопу грунту з ежай (расліннымі рэшткамі). Самец карлікавы, даўж. не болей як 1—3 мм, паразітуе ў палавых пратоках самкі — з’ява, адкрытая рус. вучоным А.А.Кавалеўскім (1870).

т. 2, с. 279

БАНЁНІС Данатас Юозавіч, гл. Баніёніс Д.Ю.

т. 2, с. 279

БАНЁНІС

(Banionis) Эгідыюс (20.11.1948, г. Паневяжыс, Літва — 6.8.1993),

літоўскі гісторык. Канд. гіст. н. (1982). Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1972). З 1972 у Архіве л-ры і мастацтва Літвы (з 1974 дырэктар). З 1985 заг. аддзела археаграфіі Ін-та гісторыі АН Літвы. Выкладаў у Вільнюскім і Каўнаскім ун-тах. Вывучаў дыпламатыю ВКЛ 15—16 ст., гісторыю Метрыкі ВКЛ, генеалогію. Падрыхтаваў да друку археаграфічнае выданне «Літоўская Метрыка. Кн. 5 (1427—1506)» (Вільнюс, 1993).

т. 2, с. 279

БАНЖУ́Л,

гл. Банджул.

т. 2, с. 279