БАНЕ́ЛІЯ

(Bonellia),

род марскіх беспазваночных жывёл тыпу эхіўрыд. Некалькі відаў. Вядуць рыючы спосаб жыцця. Найб. вядома Bonellia viridis. Пашыраная ў прыбярэжнай ч. Міжземнага м. і Атлантычнага ак., каля берагоў Еўропы.

Цела самкі Bonellia viridis (да 7 см) з доўгім, раздвоеным на канцы хобатам, які можа выцягвацца (да 1 м) і служыць для захопу грунту з ежай (расліннымі рэшткамі). Самец карлікавы, даўж. не болей як 1—3 мм, паразітуе ў палавых пратоках самкі — з’ява, адкрытая рус. вучоным А.А.Кавалеўскім (1870).

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)