Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДАМЕ́ЙКА Марыя Уладзіміраўна

(20.5.1929, Днепрапятроўск — 13.6.1990),

беларуская спявачка. Засл. арт. Беларусі (1963). З 1952 салістка Дзярж. нар. хору Беларусі. Выканальніца бел. нар. жартоўных песень і прыпевак (сола і ў дуэце з Г.Аўдзеенка).

т. 1, с. 91

АДА́МЕНКА,

селішча і бескурганны могільнік кіеўскай культуры (паводле Л.Д.Побаля — позназарубінецкай) на Беларусі, каля в. Адаменка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. (у л-ры вядома і пад назвай Абідня), ва ўрочышчы Абідня. Раскапана каля 25% плошчы селішча і 12 пахаванняў з трупаспаленнем на могільніку. Выяўлены рэшткі наземных слупавых жытлаў, 29 паўзямлянак зрубнай канструкцыі, шкляныя пацеркі, фібулы, манета Геты (209—212), падвескі з эмаллю (гл. Абідзенскія эмалі) і інш.

Жалезнае крэсіва з селішча Адаменка.

т. 1, с. 91

Адамкус Валдас

т. 18, кн. 1, с. 329

АДАМО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Сакаўшчынскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса імя І.Д.Чарняхоўскага. За 20 км на З ад Валожына, 100 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Багданаў, 2 км ад шашы Мінск—Гродна. 255 ж., 93 двары (1995). Базавая школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі.

т. 1, с. 91

АДАМО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Даўгаўпілс. За 33 км на ПнЗ ад Полацка, 138 км ад Віцебска. 42 ж., 28 двароў (1994). Аддз. сувязі.

т. 1, с. 91

АДАМО́ВІЧ Адам Іосіфавіч

(5.12.1802, Вільня — 30.4.1881),

вучоны-медык, гісторык навукі. Д-р медыцыны (1824), праф. (1835). Скончыў Віленскую гімназію (1818), мед. ф-т Віленскага ун-та (1822). Выкладаў у Віленскім ун-це і Ветэрынарным ін-це Мед.-хірург. акадэміі. З 1842 гал. ўрач шпіталя ў Вільні. Аўтар навук. прац па ветэрынарыі, параўнальнай анатоміі, палеанталогіі і гісторыі медыцыны на Беларусі і ў Літве. Прэзідэнт Віленскага т-ва ўрачоў (з 1841).

В.А.Гапоненка.

т. 1, с. 91

АДАМО́ВІЧ Алесь

(Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),

бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1980), д-р філал. н. (1962), праф. (1971). У Вял. Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ. дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял. Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн. пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.Брылём і У.Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Мн., 1981—83.

Літ.:

Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 8;

Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;

Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;

Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.

М.А.Тычына.

Алесь Адамовіч.

т. 1, с. 92

АДАМО́ВІЧ Аляксандр Фаміч

(студз. 1900, в. Васюлькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

парт. і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў пач. вучылішча ў Радашковічах (1915). У 1916—19 у Адэсе, уваходзіў у бел. культ.-асв. арг-цыю «Беларускі гай». З 1918 чл. Бел. сацыяліст. грамады, у 1919 чл. Камуніст. партыі. З 1926 чл. ЦК КП(б)Б. З 1922 інструктар, заг. аддзела Бабруйскага пав. к-та КП(б)Б, інтруктар ЦК КП(б)Б, сакратар Калінінскага акр. к-та КП(б)Б (г. Клімавічы), сакратар Полацкага акр. к-та КП(б)Б, заг. аддзела друку ЦК КП(б)Б, рэдактар газ. «Беларуская вёска». У 1928—29 нам. наркома земляробства БССР. У вер. 1929 выключаны з партыі, звольнены з пасады. У ліп. 1930 арыштаваны органамі АДПУ і зняволены на 10 гадоў. У 1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

т. 1, с. 92

АДАМО́ВІЧ Антон

(н. 26.6.1909, Мінск),

гісторык і літаратуразнавец. З 1928 вучыўся ў БДУ. У 1930 арыштаваны па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы ў Расію. У 1938 вызвалены; вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ. У час 2-й сусв. вайны чл. Цэнтр. рады Бел. нар. самапомачы, прэзідыума Бел. навук. т-ва, рэферэнт па справах прапаганды і прэсы пры Ген. камісарыяце Беларусі, супрацоўнік рэдакцыі «Менскай газэты» («Беларускай газэты»). Пасля вайны ў Зах. Германіі рэдагаваў бел. эмігранцкія газеты і часопісы. Адзін са стваральнікаў Мюнхенскага ін-та па вывучэнні СССР, кіраўнікоў бел. рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода». З 1960 у ЗША. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: «Бальшавізм на шляхах устанаўлення кантролю над Беларуссю» (1954); «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі» (1956); «Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча)» (1983). Пісаў пра бел. л-ру («Максім Гарэцкі», 1928; «Якуб Колас у супраціве саветызацыі», 1955; «Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры», 1958, на англ. мове). Аўтар тэндэнцыйных уступных арт. да эмігранцкіх выданняў твораў Н.Арсенневай, М.Багдановіча, А.Гаруна, У.Жылкі, Л.Калюгі, А.Мрыя, А.Салаўя, публікацый пра бел. паэтаў, якія былі рэпрэсіраваны (У.Дубоўка, Я.Пушча і інш.).

т. 1, с. 92

АДАМО́ВІЧ Багуслаў

(13.1.1870, Мінск — 1944),

бел. мастак. Працаваў у жанры партрэта, у т. л. мініяцюрнага. Сярод работ партрэты С.Тарноўскай (1904, мініяцюра, Нац. музей Кракава), Ігната Дыгаса (1920, мініяцюра, акварэль, гуаш на косці, Тэатр. музей Варшавы) і інш.

т. 1, с. 92