АДА́М
(стараж.-яўр. чалавек),
у Бібліі і Каране першы чалавек, прабацька ўсіх людзей, якога стварыў Бог па сваім падабенстве і пасяліў з Евай у раі, адкуль яны былі выгнаны за грэхападзенне. Паводле падання, пражыў 930 гадоў і быў пахаваны на Галгофе на тым месцы, дзе пазней быў распяты на крыжы Ісус Хрыстос.
т. 1, с. 90
А́ДАМ (Adam) Роберт
(3.7.1728, г. Керколды, Вялікабрытанія — 3.3.1792),
англ. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Разам з братам Джэймсам праектаваў рацыянальныя па планіроўцы сядзібныя дамы (Кенвуд-хаўс у Лондане, 1767—69), грамадскія будынкі (ун-т у Эдынбургу, 1789—91), гар. кварталы (Адэльфі ў Лондане, 1768—72) і інш. Выкарыстоўваў строгія класічныя формы, вытанчаны дэкор, надаваў вял. значэнне афармленню інтэр’ера, мэблі.
т. 1, с. 90
АДА́М (Адамус) Рэйнальд
(1602, зямля Рэйнланд-Пфальц, Германія — ?),
кальвінісцкі тэолаг, педагог у ВКЛ. Адукацыю атрымаў у Лейдэнскім ун-це (Нідэрланды). Выкладаў у Слуцкай школе. Адзін з аўтараў выдадзеных у Любчы статута, праграмы і раскладу заняткаў для гэтай школы (1628), аўтар дапаможнікаў па рыторыцы і гісторыі (1629). У кнігах Адама ёсць звесткі аб прыродзе і жыхарах Беларусі. З 1642 працаваў на Беларусі інспектарам школ і бібліятэкарам.
т. 1, с. 90
АДАМА́ЙЦІС (Adomaitis) Рэгімантас
(н. 31.1.1937, г. Шаўляй),
літоўскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў акцёрскае аддз. Кансерваторыі Літвы (1962). Працаваў у Капсукскім і Каўнаскім драм. т-рах, з 1967 у Т-ры драмы Літвы. Мастацтва Адамайціса вызначаецца псіхал. глыбінёй, тонкай іроніяй. За ролі Міндаўгаса, Мажвідаса («Міндаўгас», «Мажвідас» Ю.Марцінкявічуса), Йуна («Йун Габрыэль Боркман» Г.Ібсена) у т-ры Дзярж. прэмія Літвы 1982. У кіно выявіліся яго моцны тэмперамент, здольнасць ствараць складаныя і супярэчлівыя характары: «Ніхто не хацеў паміраць», «Кароль Лір», «Гэта салодкае слова — свабода», «Кентаўры», «Аварыя», «Багач, бядняк» (два апошнія фільмы — тэлевізійныя).
т. 1, с. 91
АДАМАНТА́Н,
трыцыкладэкан, хімічнае злучэнне, насычаны цыклічны вуглевадарод C10H16, мал. м. 136,23. Бясколерныя лятучыя крышталі з пахам камфоры, tпл=269 °C, шчыльн. 1,071·103кг/м. Устойлівы да 660 °C, яго атамы вугляроду ўтвараюць структуру алмазу. Адамантам і яго гамолагі ёсць у нафце.
Атрыманы ізамерызацыяй з тэтрагідрапентадыену. Вытворныя адамантану выкарыстоўваюцца як лек. сродкі (рэмантадзін), сінт. змазкі, мадыфікатары для атрымання злучэнняў з высокай тэрмічнай і хім. трываласцю.
т. 1, с. 91
АДАМА́Р (Hadamard) Жак
(8.12.1865, Версаль — 17.10.1963),
французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (з 1912), замежны чл. АН СССР (з 1929, чл.-кар. з 1992). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1890). Праф. Калеж дэ Франс (1897—1935), Парыжскага ун-та і політэхн. школы (1900—35) і інш. Навук. працы па дыферэнцыяльных ураўненнях, тэорыі функцый, тэорыі лікаў, праблемах устойлівасці ў механіцы. Даследаванні Адамара зрабілі значны ўплыў на стварэнне функцыянальнага аналізу.
Літ.:
Леви П. Жак Адамар // Успехи мат. наук. 1964. Т. 19, вып. 3 (117).
т. 1, с. 91
АДА́МАЎ Аркадзь Рыгоравіч
(н. 13.7.1920, Масква),
рус. пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1948). Аўтар кніг, прысвечаных рус. даследчыкам, падарожнікам-першаадкрывальнікам. З сярэдзіны 1950-х г. працуе ў дэтэктыўна-прыгодніцкім жанры: аповесці «Справа «стракатых» (1956), «Зграя» (1966), «...З многімі невядомымі» (1967—68), «Вячэрні круг» (1982), раманы «Злым ветрам» (1973) і «Пятля» (1975).
т. 1, с. 91
АДА́МАЎ Уладзімір Уладзіміравіч
(12.6.1875, С.-Пецярбург — 1937 ?),
батанік, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1899). У 1920—35 заг. аддзела Мінскай балотнай доследнай станцыі, секцыі Бел. аддз. Усесаюзнага Ін-та прыкладной батанікі; кіраўнік геабатанічнай экспедыцыі Наркамзема БССР. Заснавальнік Вялікалятчанскага батанічнага саду (каля Віцебска) і батанічнага саду БДУ. Асн. працы па сістэматыцы раслін, дэндралогіі, геабатаніцы.
Тв.:
Обзор растительности Белорусского Полесья. Мн., 1928 (разам з А.Д.Лазук).
т. 1, с. 91
АДА́МАЎ МОСТ,
ланцуг скал, водмеляў, невял. каралавых астравоў у Полкскім праліве, паміж п-вам Індастан і в-вам Шры-Ланка. Даўж. каля 30 км. Належыць Індыі і Шры-Ланцы. След былой сухапутнай сувязі в-ва Шры-Ланка з мацерыком Еўропы — Азіі.
Назва звязана з паданнем пра шлях Адама, выгнанага з раю на зямлю (на в-аў Шры-Ланка), які перайшоў на Ам. на мацярык.
т. 1, с. 91
АДА́МАЎ Я́БЛЫК, кадык,
анатамічнае ўтварэнне ў выглядзе прамавугольнага выступу на пярэдняй паверхні шыі ў мужчын. Складзена з пласцінак шчытападобнага храстка гартані. Назва па біблейскай легендзе аб праглынутым Адамам яблыку.
т. 1, с. 91