Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ, фераэлектрычнасць,

сукупнасць электрычных і інш. уласцівасцей, характэрных для сегнетаэлектрыкаў, раздзел фізікі цвёрдага цела, які вывучае такія ўласцівасці. Сегнетаэл. ўласцівасці ўстаноўлены ў 1921 чэш. вучоным І.​Валашакам у крышталях сегнетавай солі (адсюль назва).

Арыентацыя многіх элементарных эл. дыпольных момантаў у сегнетаэлектрыку ў адным напрамку вядзе да ўзнікнення самаадвольна палярызаваных абласцей (даменаў), што абумоўлівае спецыфічныя фіз. ўласцівасці сегнетаэлектрыкаў: вял. значэнне дыэл. пранікальнасці, залежнае ад напружанасці эл. поля і т-ры, анамаліі цеплаёмістасці, п’езаэл. і інш. уласцівасцей, асабліва прыкметныя ў вобласці фазавага пераходу. Наяўнасць даменнай структуры вядзе да поўнай кампенсацыі макраскапічнай палярызацыі (адсутнічае «уніпалярнасць»), Раўнаважная даменная структура адпавядае мінімуму свабоднай энергіі крышталя. У ідэальных крышталях яна вызначаецца балансам паміж змяншэннем электрастатычнай энергіі пры ўтварэнні даменаў і энергіяй узніклых даменных сценак; у рэальных крышталях — акрамя таго, прыродай і размеркаваннем дэфектаў, а таксама перадгісторыяй узору. Паводле характару палярызацыі ячэек у даменах адрозніваюць сегнета-, антысегнета- і сегнетыэлектрыкі: у сегнетаэлектрыках усе ячэйкі маюць аднолькавы напрамак палярызацыі, у антысегнетаэлектрыках дамены складаюцца з антыпаралельна палярызаваных ячэек, якія маюць роўныя па модулі эл. моманты; у сегнетыэлектрыках эл. моманты элементарных ячэек скампенсаваны не поўнасцю і гэтыя матэрыялы маюць сегнета- і антысегнетаэлектрычныя ўласцівасці. Усе сегнетаэлектрыкі з’яўляюцца таксама піра- і п’езаэлектрыкамі. Каля Кюры пункта з-за адчувальнасці атамнай структуры крышталю да знешніх уздзеянняў многія яго ўласцівасці (дыэл., п’езаэл., электрааптычныя, пругкія і інш.) нелінейныя і экстрэмальныя. Акрамя таго дынаміка даменнай структуры істотная для анізатропных уласцівасцей крышталю ў сегнетафазе і таксама вядзе да іх нелінейнасці і ўзрастання. Такія крышталі выкарыстоўваюцца ў радыё-, опта-, акустаэлектроніцы і вымяральнай тэхніцы.

На Беларусі даследаванні па С. вядуцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Бел. пед. ун-це, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Сонин АС., Струков Б.А. Введение в сегнетоэлектричество. М., 1970;

Струков Б.А., Леванюк АП. Физические основы сегнетоэлектрических явлений в кристаллах. 2 изд. М., 1995;

Физика сегнетоэлектрических явлений. Л., 1985.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 14, с. 293

СЕГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГІСТЭРЭ́ЗІС,

спецыфічная залежнасць эл. палярызаванасці сегнетаэлектрыка ад напружанасці знешняга эл. поля.

Пры ўключэнні эл. поля ўзнікае палярызаванасць, якая спачатку рэзка нарастае і дасягае насычэння. Пры змяншэнні напружанасці поля палярызаванасць адстае ад змены напружанасці і пры выключэнні поля набывае рэшткавае значэнне. Для памяншэння палярызаванасці да нуля неабходна прыкласці поле процілеглага напрамку (каэрцытыўнае поле). Пры далейшым павелічэнні адваротнага поля таксама дасягаецца насычэнне. Атрыманы графік залежнасці наз. пятлёй гістэрэзіса. У полідаменных крышталях форма пятлі больш плаўная, у монадаменных — блізкая да прамавугольнай. Форма пятлі С.г. залежыць таксама ад т-ры; пры т-рах, якія перавышаюць Кюры пункт, дзе сегнетаэлектрык страчвае свае спецыфічныя ўласцівасці, пятля пераўтвараецца ў прамую.

Пятля сегнетаэлектрычнага гістэрэзіса: P — палярызацыя ўзору; Ps — палярызацыя насычэння; PR — астаткавая палярызацыя; Ec — напружанасць каэрцытыўнага поля.

т. 14, с. 293

СЕГО́ВІЯ ((Segovia) Андрэс) (21.2.1893, г. Лінарэс, Іспанія — 2.6.1987),

іспанскі гітарыст-віртуоз, педагог. Вучыўся ігры на гітары самастойна. З 1955 працаваў у Акадэміі Кіджана ў Італіі, з 1958 — у Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Адрадзіў цікавасць да гітары як да сольнага інструмента, пашырыў яе тэхн. і выразныя магчымасці, увёў у рэпертуар гітарыстаў класічную і сучасную музыку. Аўтар канцэрта для гітары з арк., п’ес «Танадзілью», «Арасьён» і інш. Узбагаціў рэпертуар гітарыстаў апрацоўкамі твораў І.​С.​Баха, І.​Гайдна, Л.​Бетховена, П.​Чайкоўскага, М.​Мусаргскага і інш. У іх выявілася тонкае пачуццё стылю, майстэрскае выкарыстанне поліфанічнай і каларыстычнай магчымасцей інструмента. Яго мастацтва натхніла многіх кампазітараў на стварэнне твораў для гітары, некат. напісаны для С. і прысвечаны яму. Гастраліраваў у многіх краінах, у т. л. ў СССР у 1926, 1927, 1936.

т. 14, с. 293

СЕГРЭ́ ((Segré) Эміліо Джына) (1.2.1905, г. Тывалі, Італія — 22.4.1989),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Нац. АН ЗША (1952), Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1958), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1973). Скончыў Рымскі ун-т (1928), дзе працаваў з 1929. З 1936 ва ун-це ў г. Палерма. З 1938 у ЗША. У 1938—72 у Каліфарнійскім ун-це ў г. Берклі (з 1946 праф.). У 1943—46 удзельнічаў у стварэнні атамнай бомбы ў ЗША. Навук. працы па атамнай спектраскапіі, ядз. фізіцы, радыяхіміі, штучнай радыеактыўнасці, фізіцы элементарных часціц. Эксперыментальна рэалізаваў запавольванне нейтронаў і адкрыў павольныя нейтроны (1934; разам з Э.Фермі і інш.). Адкрыў (разам з інш.) першы штучны элемент тэхнецый (1937), астат (1940) і ізатоп плутонію ​239Pu (1941), а таксама антыпратон (1955). Нобелеўская прэмія (разам з О.Чэмберленам).

Тв.:

A mind always in motion: The autobiography of Emilio Segre. Berkeley, 1993;

Рус. пер. — Антипротоны. М., 1957;

Экспериментальная ядерная физика. Т. 3. М., 1961 (у сааўт.);

Энрико Ферми—физик. М., 1973.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.​Дж.Сегрэ.

т. 14, с. 294

СЕГРЭГА́ЦЫЯ (ад позналац. segregatio аддзяленне),

палітыка прымусовага аддзялення груп насельніцтва па расавых або этнічных прыкметах; адна з форм расавай дыскрымінацыі. Існавала ў шэрагу краін (ЗША, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Аўстраліі і інш.) да 2-й пал. 20 ст. ў адносінах да «каляровага» нас. (эмігрантаў, карэнных жыхароў і інш.). Практыкавалася забарона жыць у адных раёнах горада з «белым» насельніцтвам, наведваць прызначаныя для «белых» школы, тэатры, бальніцы, гасцініцы і г.д., карыстацца адным транспартам. У наш час С. спынена як палітыка, што супярэчыць прынцыпам і нормам міжнароднага права, Статуту ААН, Міжнар. канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, Міжнар. пактам аб правах чалавека, Міжнар. канвенцыі аб спыненні апартэіду і інш.

т. 14, с. 294

СЕГРЭГА́ЦЫЯ,

1) у металургіі — неаднароднасць хім. саставу сплаваў, якая ўзнікае ў працэсе іх крышталізацыі (у гэтым выпадку яе наз. ліквацыяй) або тэрмічнай апрацоўкі ў цвёрдым стане.

2) С. ў горнай справе — неаднароднае размеркаванне зерняў розных памераў у слоі мінер. сумесі, якое ўзнікае пад дзеяннем гравітацыйных сіл і вібрацыі (дробныя зерні трапляюць у ніжнюю частку прасеянага слоя).

т. 14, с. 294

СЕГУ́ (Ségou),

горад у Малі, на правым беразе р. Нігер. Адм. ц. вобласці. Каля 100 тыс. ж. (2001). Рачны порт, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. ц. с.-г. раёна (рыс, арахіс, цукр. трыснёг, манга, жывёлагадоўля). Прам-сць: бавоўнаачышчальная, цагельная, тэкстыльная. Саматужна-рамесніцкія прадпрыемствы (вытв-сць шарсцяных дываноў і коўдраў з нац. арнаментам).

т. 14, с. 294

СЕДА́Н (Sedan),

горад на ПнУ Францыі, на р. Мёз. Каля 50 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Металургічная прам-сць, вытв-сць шарсцяных тканін і дываноў.

У 14 ст. царкоўнае ўладанне. З канца 14 ст. ў складзе Францыі. У 15—17 ст. буйны цэнтр вытворчасці сукна. У час рэліг. войнаў на баку гугенотаў. У 1592 тут засн. кальвінісцкая тэалагічная акадэмія. У франка-прускую вайну 1870—71 каля С. герм. войскамі ген.-фельдмаршала Г.К.​Б.​Мольтке 1.9.1870 разгромлена франц. армія маршала М.​Э.​Мак-Магона; узята ў палон больш за 100 тыс. чал., у т. л. імператар Напалеон III.

т. 14, с. 294

СЕДА́Н (мяркуюць, ад назвы франц. г. Седан),

закрыты кузаў легкавога аўтамабіля. Мае 4 дзвярэй, 2 ці 3 рады сядзенняў.

т. 14, с. 294

СЕ́ДАН ((Seddon) Маргарэт) (н. 8.11.1947, Мафрысбара, ЗША),

касманаўт ЗША. Д-р медыцыны (1973). Скончыла ун-т у г. Берклі. У 1978—98 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніла палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 12—19.4.1985 — на КК «Дыскаверы», 5—14.6.1991 і 18.10—1.11.1993 — на КК «Калумбія». У космасе правяла 30,1 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 294